Выбрать главу

- Яша прыляцеў! Яша вярнуўся! – грымела на калідорах, а падлога прыкметна зыбалася ад дружнага тупату. Дзьверы нечакана падаліся, і перад вачыма паўстаў спалатнелы Серафім Януаравіч.

- Іван Пятровіч… там… зноў гэты… - задыхана пачаў выкладчык, але дырэктар не даслухаў. Павярнуўшыся, ён паволі пайшоў да вакна.

Школьны двор віраваў. Вучні скакалі, сьвісталі, падкідвалі ўгору шапкі і стогалоса крычалі:

- Яша прыляцеў! Яша вярнуўся!

Івану Пятровічу раптам да сьвербу ў пятках захацелася пабегчы на двор, пасадзіць на голаў Яшу і, дыхнуўшы на поўныя грудзі, засьвістаць, як колісь, у чатыры пальцы. Ён зьняў з галавы капялюш, правёў далоньню па рэштках сівых валасоў і ўпершыню за апошнія месяцы голасна засьмяяўся.

Час камара

- Напішы ж, як там, на тым курорце, - настаўляў дзед Базыль свайго ўнука, трыццацідвухгадовага нежанатага маладзёна.

Унук баднуў галавой, паабяцаўшы напісаць, і падняў зь зямлі напакаваную валізу.

- Ты гэта вось што… - старэчыя пальцы ўхапіліся за рукаў, прабеглі па штрыфелях пінжака і, не надумаўшы нічога лепшага, піхнулі за пазуху ўнуку пачак крамнай махоркі.

- Ды што ты, дзеду… у мяне ж цыгарэты.

- Бяры, бяры. Закурыш мо калі, мяне, старога, успомніш, - дзед Базыль закашляўся, змахнуў расстайную сьлязіну.

- Ну, дзеду… Ну што ты… Хутка зноў прыеду, - унук вінавата азірнуўся на перапоўнены “пазік”, ляпнуў дзеда па плячы, маўляў, мацуйся, стары, і подбежкам рушыў да аўтобуса.

- Вось як, бяз маткі, бяз бацькі, а вырас… інстытут скончыў… хату дзеду перакрыў, - скрозь сьлёзы прамовіў стары, і вясковыя жанкі, што стаялі на супынку, спачувальна кіўнулі галовамі.

Чэрвеньская ноч дыхнула саладжавым смуродам нагрэтага асфальту. Расчыніўшы вакно, Янка сеў на падваконьне, зь нейкім дзіўным зачараваньнем зірнуў на барвовы, пакрэсьлены асьверамі вежавых кранаў, далягляд. Там, у самым прадоньні згуслай барвовасьці плыла, мільгаючы белым сьвятлом, жарынка далёкага самалёту. Хлопец праводзіў яе позіркам і зь ціхай радасьцю падумаў, што да адпачынку засталося дванаццаць дзён. Мінуць два тыдні, і ён, ператварыўшыся ў гэткую ж міргатлівую зорку, паляціць у начным бязьмежжы насустрач цёпламу мору. Узрушаны такім ператварэньнем, ён правёў далоньню па сьцягне – ці ня знойдзецца дзе цыгарэта і ў тую ж хвіліну згадаў пра дзедаву махорку.

Пяршывы махорачны дым перацяў дыханьне. Янка выгаліў вочы, астматычна-доўга кашляў, пасьля чаго кінуў недакурак у разнасьцежанае вакно і паваліўся на ложак. Колькі часу ён ляжаў незварушна, слухаў начную цішу, і шчымлівыя, па-дзіцячы сьветлыя думкі поўнілі ягоную галаву.

“Усё ж такі паважае мяне Пятровіч, - кранула Януковыя вусны лагодная ўсьмешка, - вунь і шыфэру дапамог дастаць, і пуцёўку ў прафкаме выбіў. А на пуцёўку тую сама Фановіч мерылася”.

Бліснуўшы вачыма, начны летуценьнік закінуў за голаў спрацаваныя рукі (за выхадныя ён перакрыў шыфэрам дзедаву хату) і неўзабаве пачуў каля вуха дакучлівае камарынае зумканьне. Хлопец ляпнуў сабе поўху, у вуху зазьвінела яшчэ натужлівей, а камар тым часам заказытаў ля скроні.

Праз паўгадзіны летуценьнік вылез з-пад коўдры, запаліў у пакоі сьвятло, схапіў са стала бібліятэчнага Друона і пачаў лупіць ім па сьценах, пазначаючы жоўтыя інтэрнацкія шпалеры брудна-чырвонымі плямамі расьціснутых камароў.

На сьвітаньні ён заснуў трывожным замарачным сном.

Майстар цэху алюмініевага ліцьця Іван Вікенцьевіч Пузік быў таго ранку не ў гуморы. Махнуўшы рукой кранаўшчыцы Зіне, якая па старой звычцы вітала яго званком зь верхатуры, майстра спыніўся ля печы Станіслава Бабронка. Сам Бабронак, васемнаццацігадовы абібок зь цяжкім лёсам, якога прыслалі ў цэх на перавыхаваньне, ляжаў на скрыні з чэхаславацкай аўтаматыкай і пускаў колцы тытунёвага дыму.

- Бабронак, што гэта такое? – майстар кіўнуў на аблітую застылым мэталам печ.

- З начной пакінулі, - падаў голас выхаванец калёніі, зь цяжкасьцю падымаючыся на ногі.

Майстар зазірнуў у вагранку: печ дыхала пякельнай гарачынёй, а расплаўлены алюміній пакрываўся ўжо шарай плеўкай.

- Чаму зьліткі ня кідаеш, мэтал стыне?!

Бабронак узяў у рукі манціроўку, тыцнуў ёю ў паветра, паказваючы некуды ў канец цэха, і зь неахвотаю стаў аббіваць застылыя рагі.

Прымружыўшы вочы, майстар голасна вылаяўся: адзіны цэхавы электракар стаяў упоперак праезду, а ля яго, бліскаючы ў нэонавым сьвятле вялізным плехам, шчыраваў кіроўца Струк.