Выбрать главу

- Што, лысая галава, зноў паламаўся? - яшчэ здаля крыкнуў Пузік.

- Зноў, каб на яго, - Струк падняў свой вінавата-замурзаны твар і, азірнуўшыся, дадаў: - Цябе тут Фановіч шукала.

Начальнік аддзелу навуковай арганізацыі працы сядзела ў Януковым “кабінэце” – адгароджаным фанэраю катуху і, чухаючы за вухам вязальным прутком, гартала зьменны журнал. Муза Андрэеўна Фановіч, жанчына магутнага целаскладу і волатаўскага здароўя, была жывым увасабленьнем грамадзянскай сьмеласьці і прынцыповасьці. Прынамсі, так яе характарызавалі на заводзкіх прафсаюзным сходах. Праўда, пры гэтым шмат хто ў душы пасьмейваўся з Музы Андрэеўны, зь яе, як казалі, “дэмагагічнага імпэту”, але тым, хто ставаў на яе дарозе, было потым не да сьмеху. Насупраць Музы Андрэеўны, заслаўшы газэцінай закураны ўслон, сядзела кволая дзяўчына, якую Янка бачыў упершыню і якая зь невядомай прычыны трымала ў руцэ сэкундамер.

Не адказаўшы на дабрыдзень, Муза Андрэеўна цэлую хвіліну вывучала пакусаны камарамі твар Івана Вікенцьевіча.

- Вы што, таварыш Пузік, заўсёды спазьняецеся…

- На чатыры хвіліны, - цёхкнула тым разам дзяўчына, пстрыкнуўшы сэкундамерам.

Янка прыклаў руку да сэрца…

- Свае тлумачэньні дасьце ў пісьмовым выглядзе, а зараз адкажыце, чаму вас зноў не было на сэмінары эканамічнай адукацыі? – Фановіч ускочыла з лавы, абышла стол і, дыхнуўшы пахам часныку і парфумы, усутыч падышла да майстра.

- Замест таго каб быць прыкладам у дысцыпліне, вы, таварыш Пузік, яе сьвядома руйнуеце. Гледзячы на вас, кінулі наведваць сэмінар і маладыя спэцыялісты. Такім чынам, гэта з вашай, таварыш Пузік, ініцыятывы ў пятніцу былі сарваныя чарговыя заняткі.

- Няма калі хадзіць на сэмінары. Працую на два ўчасткі, з плянам завал, - голас майстра дрыжэў і зрываўся.

- Час, таварыш Пузік, трэба ўшчыльняць, сьціскаць, як спружыну, - Фановіч зьвяла растапыраныя пальцы, паказваючы, як трэба сьціскаць спружыну часу.

- У вас таму і завал, што не прадумана арганізацыя працы. Але мы вам дапаможам, - у голасе Фановіч прабіліся лагодныя ноткі.

- Мой аддзел сумесна з сацыялягічнай лябараторыяй завода вырашыў правесьці экспэрымэнт – дасьледаваць работу майстра і выпрацаваць пэўныя рэкамэндацыі. Жанна, - Фановіч кіўнула на кволую дзяўчыну, - наш малады сацыёляг, правядзе сёньня хранамэтраж вашага працоўнага часу.

“Праз пуцёўку лютуе”, - змрочна падумаў майстар і на самыя вочы нацубіў свой дзіравы ад прапалін барэт.

--Што, Пузік, нарматывы ГПА здаеш? – крыкнуў нехта з тэхнолягаў, і вясёлы рогат заглушыў на момант натужлівае сыканьне прэсаў. Янка ўтуліў голаў у плечы, паскорыў крок. Усьлед яму, трымаючы ў выцягнутай руцэ сэкундамер, трухала малады сацыёляг.

- Што ж, так і будзеце за мною хадзіць? – ня вытрымаў урэшце майстар, калі яны падышлі да галоўнага складу.

Замест адказу сацыёляг пагрозьліва пстрыкнула сэкундамерам.

- Цяжкая жанчына, - уголас зазначыў майстар і, пхнуўшы непадатныя дзьверы, занурыўся ў вохкі прыцемак заводзкага складу.

Аляксандар Карымавіч Якубовіч, знакаміты балака і весялун, стаяў ля шпулі кабэлю і, кідаючы дапытлівыя позіркі на столь, запаўняў накладныя.

- А-а! Янка! Зноў бяз транспарту? – потная жменя кладаўшчыка сьціснула цэўку рукі. – Што гэта вы, таварыш Пузік, такі невясёлы? Ня йнакш, кладаўшчык шматзначна пачухаў квадратны кадык, - вырашалі праблему прэс-астатка?

Янка кісла пасьміхнуўся. Пасьля артыкула “Бяссонныя ночы рацыяналізатара”, што зьявіўся ў заводзкай шматтыражцы, жарт гэты ён чуў ад кожнага стрэчнага.

- Усё, Карымавіч, завязаў, - Янка пашукаў вачыма аўтакар.

- Ды не сьпяшайся ты… Як кажуць у нас на Капыльшчыне, - Якубовіч выцягнуў з кішэні пачак “Мальбара”, - усіх спраў не пераробіш. Ты, дарэчы, показку пра мойву чуў?

- Тс-с! – Янка прыклаў да вуснаў палец. – Нас падслухоўваюць!

- Хто?! – Чорныя вочкі Якубовіча хваравіта пашырыліся.

- Фановіч падаслала! – прашаптаў майстар і паказаў вачыма на сацыёляга Жанну, якая стаяла за стэлажамі з запчасткамі, штосьці рупліва занатоўваючы ў памінальніку.

Кладаўшчык выпусьціў з рук запальнічку, шалёнай віхурай кінуўся да аўтакару. Падагнаўшы транспарт, ён падчапіў скрыню з алюмініевымі зьліткамі, ускінуў наверх зэканомленую бочку салідолу, якім на ўчастку змазвалі прэс-формы, і выехаў на двор.

- Прайдзісьвет! – каротка выдыхнуў Янка. Азірнуўшы склад і прыхапіўшы з сабой кавалак пяньковай вяроўчыны – у гаспадарцы прыдасца, - майстар рушыў сьледам.

Сонца, па-чэрвеньску пранізьлівае і гарачае, глянула з-за аблокаў, крануўшы трапяткое Янкава сэрца. Сонца! Колькі яго будзе там, на далёкім нязнаным Поўдні! Янка ішоў па заводзкім двары, а ў вачах ягоных мітусіліся водбліскі нябесна-сініх хваляў, зіхцелі нечапанай бельлю хлапякі марской пены і мяккім, празрыста-бурштынавым сьвятлом сьвяціліся валаскі на стройных нагах прыгажуні, якую ён абавязкова сустрэне. Здаецца, ён чуў яе голас, голас чароўнай незнаёмкі, які звонка і чыста гучаў сярод шуму прыбою.