Выбрать главу

- Таварыш Пузік! – дробны цокат туфлікаў за сьпінай вярнуў летуценьніка да жыцьця. – Вы б не маглі ісьці павольней? – сацыёляг парывіста дыхала, а мэталічная цыкада ў яе руцэ ўсё гэтак жа абыякава стракацела, лічачы працоўныя хвіліны.

- Добры ў вас храномэтар, - заўважыў майстар.

- Японскі, - выдыхнула ў адказ сацыёляг, спатыкаючыся на выбоінах.

- Японскі? Вы былі ў Японіі?

- Ды не, гэта дзядуля…

- А ён у вас што… - майстар энэргічна паторгаў локцямі, - спартовец?

Жанна акінула майстра зьневажальным позіркам, ледзь чутна прамовіла:

- Мой дзядуля філёзаф.

- А-а! Крадзе, значыцца, рацыянальнае зерне, - няўдала пажартаваў Янка і, кунуўшы неакрэсьленае: - Памыю рукі, - зьнік за пашарпанымі дзьвярыма курылкі.

Жанна засекла час. Выцягнуўшы з кайстры нарматыўны даведнік, яна пачала размашыста гартаць старонкі, шукаючы графу “Асабістыя патрэбы”.

Янка разнасьцежыў вакно. Да зямлі было мэтраў восем. З дапамогаю Бабронка, які тырчэў у курылцы, ён прывязаў вяроўку да батарэі і, папляваўшы на далоні, пачаў спуск. Усе, хто быў той хвіляй на заводзкім двары, зьдзіўлена назіралі, як майстар Пузік зь ліцейнага боўтаўся паміж небам і зямлёй.

- Ты што, звар’яцеў? – грымнуў вясёлы голас.

- Звар’яцееш.. з гэтым хрэна…мэтражом, - буркнуў майстар і, скокнуўшы на зямлю, пабег на ўчастак.

Час, змарнаваны на асабістыя патрэбы, блізіўся да месячнай нормы. Хронамэтрыстка Жанна стаяла ля пашарпаных дзявярэй і кідала падазроныя позіркі на рабацяг, што выходзілі з курылкі. Яна ўглядалася ў суворыя, кранутыя лёгкім пярэпалахам твары, але ні ў адным зь іх не знаходзіла нават далёкай падабізны да блазнаватага і, як ёй падавалася, крыху дурнаватага твару Пузіка. Збой практыкантаў-пэтэвушнікаў шчыльным кальцом атачаў сацыёляга. Кудлатыя, у аднолькавых чорных камбінэзонах, яны нагадвалі чарцянятаў, ды і жарцікі, якімі яны частавалі дзяўчыну, былі годныя хіба што самога Люцыпара. Шчокі дзявочыя гарэлі, як апараныя. Жанне карцела зьбегчы, зьбегчы ад гэтых мурзатых чарцей, ад іхнага вар’яцкага рогату. І яна напэўна зьбегла б, каб ня стрэмка неспакою, якая балюча вярэдзіла сэрца: “Што зь ім, чаму ён не выходзіць?” Жанне прыгадалася сьмерць Кацярыны Вялікай, на памяць прыйшлі вусьцішныя кадры тэлевізійнага дэтэктыву, у якіх агент заходніх спэцслужб спрабаваў засіліцца ў прыбіральні, і галавакружная, да млосьці жахлівая здагадка начной маланкай высьвяціла сьвядомасьць: “Вяроўка! Так-так… пяньковая вяроўчына, якую Пузік прыхапіў са складу. Навошта яму вяроўка?” Разьвітальная ўсьмешка Пузіка, мурзатыя твары пэтэвушнікаў, нязграбная літара “М” на дзьвярах курылкі – усё зьмяшалася ўваччу, ператварылася ў адну вялікую размытую пляму.

- Таварышы! З майстрам Пузікам штосьці здарылася! Гадзіну таму ён пайшоў мыць рукі… - дрыготкі палец дзяўчыны паказаў на пашарпаныя дзьверы, - і назад не вярнуўся!

Пэтэвушнікі выбухнулі рогатам, і сярод гэтага гвалту Жаньніна чуйнае вуха ўлавіла голас самога Пузіка. Майстар бег па цэху, роспачна махаў рукамі, лаяў нейкага Бабронка.

Скупая, густа замяшаная на тушы сьлязінка зьбегла па дзявочай шчацэ і, пакінуўшы на ёй завілы сьлед, упала на шкло японскага сэкундамэра.

Насупраць прозьвішча Бабронка майстар вывеў лічбу “35” і зірнуў на гадзіньнік. Трэба было сьпяшацца – пасьля зьмены яны ўсім цэхам вырашылі пайсьці ў кіно. “Ці пойдзе кранаўшчыца Зіна?” – думка гэтая не давала спакою, і Янка, аблашчыўшы вачыма газэтную выцінку з раскладам авіярэйсаў - яна ляжала пад шклом, - рашуча падхапіўся на ногі.

- Што, зямеля, працуем? – начальнік цэху Кім Пятровіч Жук, ці папросту Пятровіч, як звалі яго рабочыя, цяжкой хадой увайшоў у “кабінэт”.

- Як з плянам?

- Ды як… Зноў Бабронак… - Янка ляпнуў далоньню па зьменным журнале. – 35 флянцаў за зьмену. І гэта пры норме 120. Ня ведаю, што і рабіць з гэтым “выхаванцам”.

- Ты мне лепей скажы, што з табою рабіць? – зьнянацку перабіў Пятровіч і, грымнуўшы ўслонам, сеў насупраць. – Толькі што ад дырэктара… Там на цябе дакладная прыйшла… аж на пяцёх старонках. Руйнуеш дысцыпліну… Зрываеш палітычныя мерапрыемствы, - Пятровіч узьняў на майстра стамлёныя вочы, - давёў да гістэрыкі дачку адказнага работніка.

Да горла падступіў халодны камяк, і Янка адчуў раптам, што дыхае ўпоравень зь цяжкімі ўздыхамі молата, які ажываў пасьля кароткай перазьменкі. “Дзесяць гадоў у гарачым цэху… Зацямненьне ў лёгкіх… І на табе, руйную дысцыпліну…”