Выбрать главу

- Ня трэба тае пуцёўкі. Няхай едзе, адпачывае, - ціха прамовіў майстар і, ня ведаючы, за што зачапіць дрыготкія рукі, выцягнуў пачак дзедавай махоркі.

Праз колькі хвілін, скруціўшы з газэтнай выцінкі, што ляжала за шклом, тоўстыя самакруткі, Янка зь Пятровічам напоўнілі катух шызым махорачным дымам.

- Гэтую бабу абыходзь за кілямэтар. Яе сам дырэктар баіцца, - сказаўшы так, Пятровіч бліснуў сьлязістым вокам і летуценна патрос галавой: – Не, віцебская махра была лепш.

Тлела цыгарка. Зьнікалі, ператвараліся ў попел газэтныя радкі авіярэйсаў. Спачатку зьнік “Адлер”, потым надышла чарга “Менску”, а чырвоная рыска, якая іх падкрэсьлівала, набывала, перад тым як згарэць, атрутна-зялёны колер. Янка зацягнуўся пяршывым дымам і, каб падтрымаць размову, безуважна прамовіў:

- Ад камароў дапамагае.

- Лютуе камарэча, ноччу няма паратунку. Але нічога, - майстар адчуў на сваім плечуку цяжкую руку Пятровіча, - перажывём!

- Перажывём, - кіўнуў Пузік і, пляснуўшы па карку, забіў набрынялага крывёй камара.

Праз два тыдні, апошнім днём гарачага і пыльнага чэрвеню, Янка Пузік прыехаў у родную вёску. Ён вылез з тлумнага “пазіка”, удыхнуў на поўныя грудзі паветра і замёр на месцы: дзед Базыль стаяў на супынку, акурат там, дзе яны мінулым разам разьвіталіся, і глядзеў з-пад рукі на аўтобус. “Як ведаў, што прыеду”, - падумаў расчулены ўнук і ў душы падзячыў Фановіч, якая паехала замест яго ў Сочы.

Кантакт

Пульхнатая, кранутая лёгкай ружавізною аблачынка наплыла на сонца, у шары помрак агарнуўшы навакольле. Сьвет страціў свае калёры – не зіхцелі шыбы пасажырскага цягніка, шаты таполевых прысадаў, што атачалі прыстанцыйны пляц, таямніча спахмурнелі, сталі зусім цёмныя, і толькі статуі на гзымсе вакзала па-ранейшаму залаціліся, аблашчаныя касымі сонечнымі промнямі.

Адна з статуй – мажная жанчына зь велізарным снапом – неўтаймавана-шчасьлівымі вачыма глядзела некуды ў бок унівэрмага, а яе таварыш – заседжаны вераб’ямі дзяцюк з адбойным малатком – паглядаў з-пад рукі якраз туды, дзе віраваў гаманкі натоўп, які шчыльна атачаў піўную бочку.

Ня толькі гіпсавы гарняк углядаўся тым часам у далеч сьветлую. З прачыненага вакна цягніка гэтак жа сама ўтрапёна глядзеў на бочку ўскудлачаны, сярэдняга веку пасажыр. Пасажыру смажыла – мружачы вочы, ён раз-пораз аблізваў асьмяглыя вусны, голасна гукаў: “Колькі стаім?!”, а пачуўшы, што цягнік стаіць паўгадзіны, зьнік у глыбіні вагона.

Праз хвілю ён скочыў на пэрон, заклапочана зірнуў паўзьверх людзкіх галоў і пабег, парыпваючы новай скуранкай, у кірунку бочкі.

Станцыя сачэньня, схаваная ад воку людзкога ў нетрах пульхнатай аблачыны, паволі круцілася вакол сваёй восі, цьмяна бліскаючы ў малочнай смузе адзіным ілюмінатарам. Там, у сярэдзіне гэтага пляскатага, падобнага да талеркі дыска кешкаліся двое. Дакладней кажучы, кешкаўся адзін – блакітнатвары карантыш, які, седзячы ў глыбокім фатэлі, разблытваў нейкія дроцікі, другі ж, сінятвары, значна старэйшы ад першага, ляжаў на плястыкавым лежаку і, махаючы ў паветры сваімі няўклюднымі адросткамі, якія ўмоўна можна было назваць рукамі, павучаў маладзейшага.

- У вас, шаноўны стажор, вельмі зручная пазыцыя, - узрушана прамаўляў сінятвары, - быць з усімі лагодненькім. Але ж вам, напэўна, казалі: дзьве цывілізацыі на адной плянэце – гэта задужа. Альбо мы, альбо яны! Вы чуеце?

Маладзейшы павярнуў свае пукатыя зекры ў бок старэйшага, але нічога не адказаў.

- Зрэшты, яны самі сябе зьнішчаць, - прамовіў сінятвары. – У гэтым ёсьць заканамернасьць. На зьмену старому прыйдзе новае, больш дасканалае. Пасьля “гадзіны Х” на Зямлі ўтворацца спрыяльныя для нас умовы – прахалода, высокі радыеактыўны фон, і паверхняй завалодаем мы. Мы! – гучна паўтарыў сінятвары, узбуджана бліснуўшы сваімі рачынымі вірламі.

- Я разумею… Яны асуджаныя… - голас маладзейшага прыкметна трымцеў, зумкаў на высокіх нотах. – Цывілізацыя іхная пайшла згубным шляхам. Матэрыяльнае пераважыла духоўнае, збочылі, але ж…

- Настройце голас… Зумкае! – перабіў стажора сінятвары, падымаючыся зь лежака.

Карантышы, якія ў звычайных умовах размаўлялі з дапамогаю біяхваляў, тут, на станцыі, гаманілі на чысьцюткай беларускай мове. Згодна з інструкцыяй Цэнтру пілёты станцый сачэньня павінны былі валодаць усімі чалавечымі мовамі, у тым ліку і мёртвымі. Непасрэдна голас утваралі сынтэзатары, якія разам зь іншымі штучнымі органамі месьціліся ў карантышоў на патыліцы.