Выбрать главу

- Такіх, як вы, людзі называюць абстрактнымі гуманістамі, --выгукнуў сінятвары, паволі ўзьнімаючыся ўгору. Плястыкавы ляжак, на якім ён толькі што адпачываў, трансфармаваўся ў фатэль і павіс над галавой у стажора.

- Табе іх шкада? Ну, вядома, людзі… разумныя істоты. П’юць, ядуць… зноў ядуць, лашчацца пад сонцам, тым часам як мы гібеем у падземных лёхах.

Апусьціўшыся долу, сінятвары махнуў рукою-адросткам, паказваючы тым самым, што гамонка скончаная, і рашуча прамовіў:

- Пачалі!

- Сёньня ў іх 15 верасьня 1980 года, - па-акторску выразна прамовіў стажор, узьнімаючы вочы да белай столі. – Першы пункт праграмы – выбраць аб’ект назіраньня.

- Выбірайце! – загадаў сінятвары і стомлена адкінуўся на прыслон фатэлю.

Станцыя панурылася ў чырванаваты паўзмрок, і на белай асноведзі столі ўзьнікла чорная пляма, якая хутка павялічвалася ў памерах, аж пакуль не ператварылася ў звычайную кепурку-васьміклінку. Уладальнік кепуркі, падхорцісты дзядзька ў пакамечаным пільчаку, няўпэўнена стаяў пасярод прыбітага скатамі пляцу і зь яшчэ большай няўпэўненасьцю пазіраў у бок піўной бочкі.

- Бабронак Сьцяпан. Жыхар вёскі Прагрэс Благадатненскага раёну. Пяцьдзесят два гады, жанаты, мае трох…

- Ну, гэты нам не цікавы, - перапыніў сінятвары, кіўнуўшы на столь. На столі, нібыта ў разнасьцежаным вакне, узьнікла абвешаная торбамі цётка, якая піхнула Бабронка ў каршэнь, і той папыліў па пляцы, сьмешна выкідваючы наперад хударлявыя ногі.

Перад вачыма карантышак праплыў цеплавоз, за ім шыхт зялёных вагонаў, і, нарэшце, пілётам станцыі сачэньня адкрылася ўскудлачаная галава пасажыра. Стажор зірнуў на старэйшага, і той ледзь прыкметна кіўнуў.

- Гарашчэня Рыгор. Сорак гадоў. Двойчы разьведзены. Працуе буравіком на Ямале. Заробіў на Поўначы 15 тысячаў.

- А што яшчэ заробіў? – зьдзекліва запытаўся старэйшы, і сіні твар ягоны кранула падабізна ўсьмешкі.

- Так, гэта ёсьць… Але гэта не галоўнае. Галоўнае – сэрца… Арытмія, міякардыт. Працягне яшчэ гадоў адзінаццаць.

- А дакладней?

- Дзесяць гадоў і восем месяцаў.

- Да “гадзіны Х”, значыцца, не дацягне. Ну што ж, тым лепей для яго.

- Глянь-глянь! – сінятвары паказаў пальцам-адросткам на столь. – Глядзіць на аблачыну, адчувае, што за ім сочаць. Орган гэты, як вядома, у людзей зусім атрафіраваны… Дарэчы, вазьмі пробу піўных пароў.

Стажор націснуў гузік на падлокатніцы фатэлю.

- Нуль цэлых восемдзесят пяць сотых адсотка алькаголю. Цэнтар паведамляе, што па дарозе зь піўзавода прадаўшчыца Міронаўна з дапамогаю шафёра Кадука ўліла ў бочку два вядры вады.

- Гэта нам і бяз Цэнтра вядома, - прамовіў сінятвары і салодка пазяхнуў бяззубым ротам.

Да бочкі было не падступіцца. Рыгор Гарашчэня, заціснуты між лядашчай цётухнай на мыліцах і нейкім рабаціністым недаросткам, падаўся быў наперад і ў той жа самы момант нечыя кашчавыя пальцы схапілі за рукаў.

- Куды прэш, каз-зёл! – прагугнявіў пад самым вухам недаростак. Рыгор рэзка павярнуўся і цётухна на мыліцах загрэла яму ў лоб двума пустымі кухлямі.

- Мне паўтарыць! – крыкнула кабета, дыхнуўшы на Гарашчэню такой агідай, што ў таго аж пацямнела ўваччу.

“Усё нармалёва”, - супакоіў сябе Рыгор. Стаўшы на на дыбкі, ён зірнуў на прадаўшчыцу. Ружовашчокая, падпяразаная, быццам той разьнік, цыратавым хвартухом, прадавачка са спакойнай разважнасьцю лічыла кухлі, раз-пораз куляючы іх у бяздонны поліэтыленавы мех.

- Міронаўна! Хутчэй там! – гойкнулі з натоўпу, і Міронаўна, перапыніўшыся, пагрозьліва агледзела натоўп.

- Не замінайце! Саб’юся!

Пасьля лічбы “пяцьдзесят” мех узвалілі на карак нейкаму спрэс лысаму, і Рыгор прабіўся да бочкі.

- Мужыкі, дазвольце кухлік… Я зь цягніку, - прамовіў ён, улюбёным паглядам азіраючы прысутных.

- Усе зь цягніку, - зьвягнуў за сьпінай недаростак, перадаючы цераз Рыгораў плячук парожні посуд.

- Два гады піўца не каштаваў… з Поўначы еду…

- А хоць зь Бігосава! – падаў голас недаростак, і ў натоўпе стрымана рагатнулі. Захоплены сваім дасьціпным жартам, недаростак удругарадзь выгукнуў: “А хоць зь Бігосава!” і, пераймаючы зь нечых рук тузін перапоўненых кухляў, плёхнуў кіславатага пойла на ўскудлачаную галаву Гарашчэні.

Хвіліну Рыгор стаяў у непаразуменьні, глытаў кіслыя кроплі, потым увесь сьцяўся і, крыкнуўшы штосьці няўцямнае, рынуўся наперад.

- Колькі каштуе твая бочка? – сарваным голасам крыкнуў Рыгор, панурваючы руку ва ўнутраную кішэню скуранкі.

Міронаўна спуджана залыпала вачыма.