Выбрать главу

- Дазвольце мне агледзець! – нечакана выгукнуў стажор, крутануўшыся ў фатэлі.

Сінятвары выйшаў з кабіны, памаўчаў хвіліну і, апусьціўшы галаву, панікла прамовіў:

- Толькі не забывайцеся, інструкцыя Цэнтра забараняе нам умешвацца ў іхняе жыцьцё!

- Не забудуся, - кіўнуў стажор і вокамгненна зьнік у чорнай зеўры тэлепартацыйнай кабіны.

Сінятвары плюхнуўся ў фатэль, колькі часу сядзеў нерухома, потым паволі, як бы зь неахвотаю, націснуў кнопку сувязі з Цэнтрам і ўжо на сваёй роднай біямове прамармытаў:

- Шкада, - і, памаўчаўшы, дадаў: - Мог бы атрымацца добры пілёт.

Запытаўшы пра скрынку, Рыгор рушыў у ноч, спружна пераскокваючы цераз чорныя люстэркі лужын. Ён ужо падбег быў да паштовай скрыні, што вісела на плоце, але тут здарылася непрадбачанае – аднекуль з вышыні нечакана дзьмухнуў халодны вятрыска, выхапіў з рук капэрту, і тая, крутнуўшыся ў паветры, падбітай птушкай паляцела ў лужыну.

Кроў гарачай хваляй ударыла ў скроні – Рыгору падалося раптам, што там, у вышыні, у беспрасьвецьці начнога неба, хтосьці ёсьць, хтосьці сочыць за ім, пасьміхаючыся сваімі нечалавечымі пукатымі вачыма.

Ачомаўшыся, небарака няўмела перахрысьціўся, выцягнуў з лужыны набрынялую вадой капэрту і, рвучы яе на дробныя шматкі, пасунуўся, не разьбіраючы дарогі, да чыгуначнай станцыі.

Палонны чорнага стэпу

- І гэта ўся капуста? - уразіўся баец Манько, веерам раскінуўшы храбусткія чырвонцы.

- А ты што хацеў? У моры песьціцца, віном абапівацца ды яшчэ і кучу грошай адхапіць? - узьняў стамлёныя вочы камісар Галабурда. – Будатрад – не шабашка. Мы ў дагестан не дзеля грошай прыехалі.

- А дзеля чаго? Мацаваць сувязі паміж народамі? - з апалітычнасьцю ў голасе пажартаваў баец. – Дык яны, гэтыя сувязі, і так маналітныя.

- Вось што, Манько. Атрымаў сваё – адыходзь, не замінай астатнім. Я, дарэчы, атрымаў столькі ж, колькі і ты.

Манько сабраў веер у стосік, ляснуў ім па далоні і, выходзячы з барака – пахілай, сто гадоў не рамантаванай будыніны, у якім жылі будатрадаўцы, сьцішана зьвягнуў:

- Гэта яшчэ трэба спраўдзіць, колькі вы з Іваньковічам хапанулі.

Левае брыво камісара нэрвова тузанулася.

- Ты... ты што гэтым хочаш сказаць?

- Ды так, нічога асаблівага, - ужо знадворку азваўся Манько, і голас ягоны зьліўся з рыпеньнем нязмазаных дзьвярэй.

У наструненай цішыні, працяты дапытлівымі позіркамі будатрадаўцаў, камісар падняўся з табурэткі і, не сказаўшы ні слова, таксама пайшорў на падворак. «Малайчына Іваньковіч... – нядобра падумаў той хвіляй камісар пра камандзера. – Абазнаны ў гэтай справе. Гайсануў на занальную нараду – толькі яго і бачылі. А ты тут круціся паміж гэтымі Манькамі».

З байцом Віктарам Манько, ці папросту Манькам, як звалі таго на курсе, у камісара былі складаныя дачыненьні. Яшчэ на другім курсе, выявіўшы не абы-якую прынцыповасьць, ён, камсамольскі актывіст Галабурда, прапанаваў на студсавеце выселіць Манько з інтэрнату. Прычыны на тое былі важкія: Манько заўзята парушаў усе сорак пяць пунктаў Правілаў пражываньня, у адкрытую паліў анашу, а вечарамі зацягваў на зьвязаных прасьцінах да сябе ў пакой практыкантак зь мясцовай птушкафабрыкі.

«З гэтым Маньком да трох не лічы, - разважліва падумаў камісар, удыхнуўшы горнага халадку. – таго разу ў аркестровую яму сьпіхнуў, а там, глядзіш, і глыбей куды ўкіне». Твар камісаравы зьнянацку пасуравеў, а чырвоны пісяг на шчацэ набыў хваравіта-бэзавае адценьне. Галабурду зноў, каторым ужо разам, прыгадаўся той няшчасны выпадак, калі ён падзер шчаку, і сэрца ягонае балюча сьціснулася ад незагойнай крыўды.

Таго вечару, як заўсёды па суботах, будатрадаўцы ладзілі канцэрт у горным ауле7, Дакладней кажучы, нават не канцэрт, а так – выступ агітбрыгады. Праграма іхняя мела назву «Мы рождены для подвига» і была добра абкатаная яшчэ пад час вучобы. Браўудзел у выступе і камісар Галабурда. На ягоную артыстычную долю прыпадала ствараць вобраз клясава-чужога элемэнта – кудлатага хіпака з гітарай, які пад музыку заходняга ансамбля зяпаў нямым ротам і, пужаючы старых табасаранак, роспачна біўся галавой аб падлогу. Згодна сцэнарыю кудлаты хіпак выдаляўся са сцэны двума хлопцамі ў сьпяцоўках, ролю якіх выконвалі Манько са сваім сябруком Шверубовічам. Клюб калгаса «Дагестанскія агні» ледзь не разваліўся ад рогату, калі клясава-чужы элемэнт, узяты пад рукі падпітымі хлопцамі, паляцеў не за кулісы на загадзя падрыхтаваныя маты, а ў аркестравую яму, дзе сядзеў, натхнёна расьцягваючы мяхі, баяніст Іваньковіч.