І прысьнілася дарога, доўгі шыхт бярозавых прысадаў і маленькая хатка на асмужаным даляглядзе.
- Вунь там і будзеце жыць, - прамовіла брыгадзірка, кіўнуўшы ў бок сядзібы, і, памаўчаўшы трошкі, упалым голасам дадала: - выбачайце, але хата без тэлевізара.
- Цудоўна! - адказаў за ўсіх бялявы хлапец у акулярах. Хлопца, як ён ужо прачуў, звалі Алесем. – Будзе магчымасьць папрацаваць.
- а што ў цябе за праца такая? - перапытаў другі пастаялец, цыбаты дзяцюк у зношаных джынсах.
- Ды так... – бялявы перасмыкнуў плячыма, ускінуў ямчэй пляцак, і рэшту дарогі яны ішлі моўчкі.
- вось, Куліна, прымай пастаяльцаў, - брыгадзірка бухнула кірзачамі аб парог прысадзістай хаткі. – Студэнты на бульбу прыехалі.
Куліна, маленькая, дарэшты скурчаная бабулька, выйшла на ганак і, паправіўшы хусьцінку, асуджана апусьціла рукі.
- Ну, ладкуйцеся, хлопцы, а заўтра а восьмай на працу, - брыгадзірка шырокім жэстам змахнула пот з ілба, - толькі ж глядзіце, не прасьпіце!
- Не прасьпім! - гукнуў Алесь, і яны рушылі ў хату.
Сьцены бабчынай хаткі прыкметна здрыгануліся, калі цыбаты ўваходзіў у сьвятліцу. Пацёршы пабіты аб дзьвярны вушак лоб, цыбаты акінуў сьвятліцу дапытлівым позіркам і летуценна зазначыў:
- Інтэр’ер...
Інтэр’ер быў і папраўдзе несамавіты. У цёмным куце, побач з электралічыльнікам, вісела пацьмянелая ад часу Багародзіца, трохногая лава ўздоўж сьцяны была годная этнаграфічнага музэю, а на саміх сьценах, у поўным бязладзьдзі, віселі фотаздымкі дзядзькоў у канфэдэратках, каляровыя ілюстрацыі з выяваю бацькі-Сталіна і ганаровыя граматы Ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставы.
Прыклаўшы да лоба халодны пятак, цыбаты прайшоўся па хаце, керхануў у далонь.
- Вам, бабуля, пэнсію плоцяць?
Бабуля Куліна зайшла ў сьвятліцу, сьцягнула з вуха хусьцінку.
- Пэнсію, пэнсію, кажу, вам плоцяць? - падвысіў голас цыбаты.
- А як жа, дзеткі... дваццаць рублёў. Кожны месяц прыносяць.
- А дзеці ў вас ёсьць?
Бабуля наструніла вуха, але, відаць, не пачуўшы, неакрэсьлена махнула рукой.
- Чалавек жа мой памёр, царства яму нябеснае. Вось і граматы ягоныя, - старая змоўкла і, пастаяўшы крыху, нячутна сышла ў прысенак.
- Правадыра народаў мухі абседзелі, - прамовіў пасьля паўзы цыбаты, пстрыкнуў запальнічкай, і пакой напоўніўся духмяным водарам «Залатога руна».
- Гэткім чынам, кожны атрымаў яму належнае... Бабуля Куліна, у прыватнасьці, атрымала дваццаць рублёў пэнсіёну, чалавек ейны – жмутак ганаровых грамат і, шчасьлівы, сышоў у нябыт...
- недарэчны сарказм, - азваўся Алесь, запіхваючы пад ложак свае рэчы.
- Сарказм, шаноўны, гэта мова нонканфармізму, - цыбаты павярнуўся да Алеся, чакаючы прыцягу спрэчкі, але той змаўчаў і, пайшоўшы на кухню, доўга піў зь вядра.
- Ат! - цыбаты імпэтна махнуў рукой. – «Не бяры да галавы», як казала бабуля-нябожчыца.
Сказаўшы так, ён паваліўся на тапчан, прыпаліў згаслую цыгарэту.
- Не, вы чулі? Дваццаць рублёў! - шызая аблачына дыму паволі ўзьнялася пад столь. – Кінь каму-небудзь гэткія грошы на лапу, дык у міліцыю здадуць, пакрыўдзяцца. Чуеш, летуценьнік?
Алесь зноў змаўчаў, адно гучна бразнуў конаўкай.
- Напіцца, сапраўды, ці што? - разважліва запытаў сам сябе цыбаты і, зацягнуўшыся раз астатні, падхапіўся на ногі.
У краму яны пайшлі з Гектарам – такое дзіўнае імя далі бацькі цыбатаму хлопцу, - Алеся ж пакінулі ладзіць бяседны стол.
Абапал здратаванай «Беларусамі» праселіцы, па якой яны ішлі, стаялі старыя, пасаджаныя, відаць, яшчэ за польскім часам, бярэзіны. Мярэжы ніцых галін зьвісалі да зямлі, краналіся твару, і вечаровае сонца, заблытаўшыся ў іх сваімі промнямі, сьвятлівымі плямамі клалася пад ногі. Яны доўга шлі моўчкі. Гектар грыз травінку, штосьці мармытаў сабе пад нос, ашклянела пазіраючы на вярхі разгатых бярэзін.
- у цябе колькі балаў? - нечакана для сябе самога запытаўся ён у Гектара, калі яны спыніліся ля куста. Спытаўся не без задавальненьня: на ўступных іспытах у яго была толькі адна тройка.
- Дзесяць, здаецца, - прамовіў Гектар, падцягваючы нагавіцы. – Ды і тыя, сказаць па шчырасьці, разам з бацькам заробіў.
Словы гэтыя халоднымі льдзінкамі кальнулі ў сэрца. Ён хацеў перапытаць Гектара, пры чым тым бацька, але той прысьпешыў хаду і, павярнуўшы галаву, працэдзіў:
- Пайшлі хутчэй... Да сямі ж даюць!
На небе ўжо гарэла Мілавіца, калі яны вярнуліся з крамы і са зьдзіўленьнем убачылі, што Алеся ў хаце няма.
- Дзе гэта ён? - прамармытаў Гек, укараноўваючы бяседны стол нуль-сямілітровай пляшкай.
У гэты момант над галавою зарыпелі дошкі і са столі ценькім цурком пасыпалася парахня.