Выбрать главу

На сківіцах былога вайскоўца зварухнуліся жаўлакі, вушы ягоныя драпежна натапырыліся, а сьлязьлівыя, дарэшты звар’яцелыя вочы наліліся крываваю барвай. Ад такога відовішча лысы змарнеў, сьцяўся, пужліва прыкрыўся газэтай.

- Хто... хто даў вам права плявузгаць на нашую армію? - тонам, якому пазайздросьціў бы і пракурор Вышынскі, запытаў былы вайскоўца і, суцішыўшы голас да невыразнага сіпу, дадаў: - я ж магу вамі і пацікавіцца...

Пасьля такіх слоў лысы з галавой панурыўся ў газэціну, і тая дробна заскакала ў ягоных руках.

Колькі часу спадарожнікі ехалі моўчкі. Камісара зноў было пацягнула на сон, аж неўзабаве на доле заварушыліся, і былы вайскоўца, бразнуўшы аб дзьверы прытарочаным да рэчмяшка ліхтаром, падаўся да выхаду.

- Бачылі вы яго, салдафона! - узьняў угору палымяныя вочы лысы пасажыр. – Выліты Прышыбееў.

- У вас папіць ня знойдзецца? - запытаўся ў адказ камісар, і суразмоўнік, адкінуўшы абрыдлую газэціну, пакрыўджана прамовіў: – На станцыях кавуноў процьма. 10 капеек кэгэ. Цудоўна наталяюць смагу.

У прадчуваньні наталеньня смагі камісар намацаў у кішэні жалезны рубель і, калі цягнік, прарэзаўшы паветра басавітым гудком, суцішыў хаду, спружна саскочыў з паліцы.

Кавуноў на станцыі і сапраўды было процьма. Вялікія кучы іх ляжалі ўздоўж пляцформы, цьмяна бліскаючы на сонцы сваімі круглявымі бакамі. Кінуўшы рубель сівому вагаўшчыку, камісар ускінуў кавун на плячук і борздым крокам пашыбаваў да свайго пятнаццатага вагона – трэба было пачаставаць дзяўчат, ды і сьцізорык застаўся ў валізе.

Дзьверы апошняга, пятнаццатага вагону былі, на шчасьце, адчыненыя. Задыханы, ён падбег да вагона, пастаяў крыху, пераводзячы дых, і, калі цягнік скрануўся зь месца, ухапіўся рукой за поручань. Зарыпелі, застагналі тамбурныя дзьверы, з глухім воплескам зачыніліся, і камісар, сарваўшыся з прыступкі, ашалелымі вачыма паглядзеў угору. У закураным, пакрэсьленым паскамі кратаў вакне квітнела нахабная фізіяномія Манько.

Мэтраў пяцьсот ён бег за цягніком, штосьці крычаў машыністам, і тыя, мінаючы ўваходныя стрэлкі6 віталі яго працяглым гудком з-за далягляду. Хвіліна, і жарынкі чырвоных ліхтароў зьліліся ў адну, расталі ў імгле, і сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталі:

- Вось гэта ўліп!

Камісар перакінуў з рукі на руку крутабокі справунак, зірнуў з-пад рукі на прыстанцыйную вадавежу, на кусьцікі чэзлай акацыі, што прыжыліся неяк на гэтай пяшчыстай, перамяшанай з паравозным жужалем глебе, і, уздыхнуўшы, патрухаў на ватных нагах уздоўж чыгункі.

Начальнік станцыі, маленькі, чарнявы чалавек, галава якога толькі напалову вытыркалася з-за стала, безуважна выслухаў наведніка і, пазяхнуўшы, запытаў:

- Дакумэнты ёсьць?

- Вось... – разгублена вымавіў наведнік, працягваючы нчальніку крутабокі кавун.

Начальнік зь недаверам зірнуў на кавун, перавёў позірк на голае чэрава наведніка, што вытыркалася з-пад расхлістанай будатрадаўскай курткі, і з разважнасьцю ў голасе паведаміў:

- На жаль, гэта не дакумэнт.

- А вы што, і ў таго, хто топіцца, дакумэнты патрабуеце? - наведнік прыціснуў пальцам дрыготкае брыво.

- Вам, малады чалавек, гэта не пагражае. У нас тут вады няма. Бязводзьдзе. Чорны стэп, адным словам. – Начальнік выцягнуў з кішэні зашмальцаваны нататнік, рупліва перагарнуў старонкі. – Калі вы і сапрады камісар, дык нам патэлефануюць. Вы ж, як я зразумеў, усе разам ехалі? Як, дарэчы, вашае прозьвішча?

- Галабурда. Алег Іванавіч, - змарнела выдыхнуў наведнік.

- Як-як? Бурда?

- Гала... – узмацніў голас наведнік.

- Што – гала? - не зразумеў начальнік.

- Бурда! - грымнуў камісар і, закаціўшы вочы, суцішна дадаў: - Ідыёт!

Чарнявы чалавек штосьці замармытаў па-свойму, няўцямна вылаяўся і, зьняўшы з вагара тэлефонную трубку, высокім дыскантам закрычаў:

- Вагоны з угнаеньнем на сёмы тупік! Сёмы тупік! - і голас ягоны згасальным рэхам адбіўся ў разнасьцежаным вакне.

Упёршы кавун вакзальнай прыбіральшчыцы, Алег Галабурда выйшаў на падворак, сеў на лаўку і, абхапіўшы рукамі туманную галаву, цяжка ўздыхнуў. Уздыхаць было ад чаго: цягнік на Маскву ішоў праз содні, а грошай, якія бразгалі ў кішэні, не хапала нават на тэлеграму. Камісар уявіў на хвілю, як роспачна будуць гукаць ягонае імя на пэроне маскоўскага вакзалу, і стала яму ад тае ўявы непамысна. «На бюро гэты факцік не абмінуць, вытлумачаць па-свойму, - са скрухаю падумаў камісар, сьцяўшы, нібыта ад пякельнага болю, павекі. – і собіла ж яму ехаць у тым купэйным! Ехаў бы ў агульным, разам з усімі. Цяпер чакай таго званка!