- Што, дарагой, зуб балыт? - спачувальна прамовілі за сьпінаю, і камісар азірнуўся. Хударлявы каўказец стаяў у мэтры ад яго і спагадліва варушыў вуснамі. – пачакай, дарагой, у мяне аналгін... Сам мучаюс...
- Ды які там анальгін! - скрывіўся камісар, падымаючыся з лаўкі. – Грошы патрэбныя, дахаты заехаць. Бачыш, - ён ляснуў сябе па голым чэраве, - у адной куртцы застаўся.
- Го-о! Сам карцёжнік, сам прайграваў! - адразу пажвавеў каўказец. – А чаму невясёлы, чаму галава трымаеш? Грошы? Го-о! Грошы на зямлі валяюцца, толькі не лянуйся падняць! - сказаўшы гэта, каўказец махнуў рукой: - Слуп бачыш?
Камісар пакруціў галавой, азіраючы далягляд, але нічога, апрача пяшчыстых выдмаў, ня згледзеў.
- Ну! - прабурчэў ён, сілячыся ўцяміць тайную сувязь паміж слупом і грашыма.
- А нарыхткантору ля слупа бачыш?
Гэтым разам камісар не павярнуў галавы і ўдругарадзь, ужо зь нецярплівасьцю, выдыхнуў:
- Ну!
- Ідзі ў кантору. Найміся на колькі дзён гуртаправам, авечак на станцыю ганяць. Ходку зробіш – пятнаццаць рублёў у кішэні. Скажаш – кунак Еруслану.
Камісар яшчэ раз агледзеў чырванаватыя выдмы, што пукаціліся за лініяй, і, падзячыўшы кунаку за параду, пацёр далоньню потную шыю.
Ля канторы «Нарыхтжывёла», глінабітнай, урослай у пясок халупы, камісара пераняў вялізны карнавухі сабака. Зычным брэхам скаланаючы навакольле, сабака кінуўся да незнаёмца, і той, падаўшыся зь перапуду назад, плюхнуўся неўзабаве на кучу зьляжалай дзындры.
- Мухтар, да мяне! - уладна крыкнулі непадалёку, і з-за глінабітнай халупы выехаў вершнік на вараным кані.
- Што за чалавек? Чаму ходзіш? - вершнік, стары, да чарноцьця загарэлы калмык, скіраваў каня на камісара.
- Ды вось, ад цягніка адстаў, - дрыготкім голасам вымавіў камісар.
- Эгэ-эй! Адстаў?! - гойкнуў калмык і6 адкінуўшыся ў сядле, голасна зарагатаў.
«Яшчэ адзін ідыёт!, - падумаў камісар, абабіваючы ад пылу нагавіцы. Вытрымаўшы паўзу, ён з годнасьцю, на якую толькі быў здатны, прамовіў:
- Еруслан казаў, вам пастухі патрэбныя...
- пастухі?! Ха-ха-ха, - блазенскім сьмехам грымнуў калмык, але нечакана зрабіўся паважным і сьмехам зьлез з каня. – Еруслан? Дзе ты бачыў гэтага шайтана?
- На станцыі, хвілін пятнаццаць таму.
- Зьбенг, зьбег, шайтан! Зьехаў на вясельле! А-а! Гора мне! - ці то жартам, ці то папраўдзе залямантаваў калмык, занурваючы лбом у конскую грыву. – Зьбег! Найлепшы чабан зьбег! - ускудлаціўшы пяцярнёй сівую чупрыну, нарыхтоўшчык зірнуў на камісара і, ужо лагодным голасам, запытаў: - авечак калі-небудзь стрыг? У стэпе арыентуесься? Верхам можаш езьдзіць?
Камісар пацёпаў плячыма.
- Ну добра, - стары калмык упіхнуў нагу ў стрэмя, - сядай за сьпіну.
З трэцяга ці чацьвертага разу камісар узьлез на каня і, адчуўшы, як перакочваюцца пад ім напятыя цяглы, спалохана абхапіў старога.
- А яму ня цяжка? - запытаўся ён, ціснучыся чэравам да конскае сьпіны.
- каму? Цыгану? Ха-ха-ха! Ды конь гэты самога шайтана зьвязе! Будзёнавец! Мінулым летам з конезаводу выбракавалі.
Бячзмежна абшар. Парослыя чэзлым кустоўем выдмы, пыльная, з чырванаватым водценем смуга на даляглядзе, пясок у куточках асьмяглых вуснаў і маленькі крыжык драпежнай птушкі над галавой. Чорны стэп.
- Чорны стэп, - уздыхае стары Ўрубджур. Голас старога глуха булькоча пад сьвіткаю – закалыханы дарогай, Алег дрэмле, прыціснуўшыся вухам да шырокай Урубджуравай сьпіны.
- У мяне тут пяць чабанскіх пунктаў. Па тысячы галоў на кожным. Пры перагонах пару галоў страчваем. Дадумаліся, шайтаны, на перагонных дарогах яміны капаць. Выкапаюць яму, чым-небудзь прыкрыюць, авечка туды і ўвальваецца. Уяўляеш? - стары змаўкае, паварочваецца тварам да камісара: - Эй, заснуў/
Алег асавела прыўзьнімае павекі.
- Нічога, хутка прыедзем. Кілямэтраў пяць яшчэ. Но! - стары ляпае Цыгана па крыжы, і той тупае жвавей. – Едзем на кашару Ўлан-Хол. Адтуль і будзеш ганяць. Удзень гоніш, а ўвечары Чатыр, гэта чалавек са станцыі, цябе на матацыкле зноў на кашару падкідваць будзе. Я дамоўлюся. Зробіш пяць прагонаў – бараном прэмірую. Шкуру толькі здасі на справаздачу.
- Што я з тым бараном рабіць буду? - прыспана азываецца Алег.
- Хо-о! Што рабіць... Бёрг* згатуеш. А то... ідзі да цягніка. З рукамі адарвуць, - Урубджур суцішна цмокае. – Заўтра ўдвух пагонім, а пасьлязаўтра ўжо адзін.
Пачуўшы такое, Алег уздыхае.
- Ты не хвалюйся, - бадзёра гукае стары. – Я табе ў памагатыя Правакатара дам.
- Якога правакатара?!
- Казла. Правакатара. Ён ужо каторы год гурты на стванцыю водзіць.
Мухтар, які ўвесь час бег наперадзе, нечакана наструніўся, заліўся брэхам, зьнік за пясчаным пагоркам.