Выбрать главу

«Філязофія хлусаў, - згадаліся яму словы Гектара, - валіць усё на паноў ды інтэрвэнтаў замест таго, каб зазірнуць ва ўласныя душы. Толькі што ў той душы ўбачыш? Адонкі страху на цёмным дне?»

ЁН сабраў рэшткі сілаў, прыўзьняў голаў, змучана выдыхнуў:

- Даруй мне, Брожа! Даруй маёй пустой душы! Калі ты толькі ёсьць – пачуй мяне! - і здалося камісару, што недзе там, далёка, дзесьці на другім канцы бязьмежнай пустэльні, нехта голасна пракрычаў ягонае імя.

Тае раніцы над Чорным стэпам лунаў стары каршун. Наставіўшы крылы пад пругкі ветрык, увесь час завальваючыся на левае крыло, каршун пільным вокам сачыў за чалавекам у яме. Чалавек ад самае ночы ляжаў незварушна: рукі і ногі ягоныя былі замеценыя пяском, і побач зь ім, апусьціўшы долу лабатую галаву, ляжала схуднелая авечка. «Доўга не працягне», - падумаў каршун пра чалавека і, даўшы кругаля над ямай, зірнуў на ўсход. Пунсовы дыск сонца паволі ўздымаўся над стэпам, і ўсьлед сонцу падымалася да неба празрыста-ружовая аблачына пылу. «Відаць, авечак гоняць, - мільганула ў птушынай галаве, - але чаму так рана і чаму ад усходу?» Склаўшы вострыя крылы, драпежнік сьлізгануў з вышыні ў напрамку да сонца.

Людзі, якія ішлі па стэпе, паводзілі сябе даволі дзіўна. Расьцягнуўшыся ланцугом, яны зазіралі за кожны кусьцік, за кожную выдму і раз-пораз хорам выгуквалі нечае імя. Наперадзе, на сваім даўгалыгім кані, ехаў нарыхтоўшчык Урубджур. Каршун добра ведаў гэтага чалавека – Урубджур ня першы год ганяў па стэпе чароды. Праляцеўшы над людзкімі галовамі, гаспадар стэпу часта замахаў крыламі і сьпехам падаўся прочкі: у людзей магла быць стрэльба, і яны, як вядома, ад ранку заўсёды не ў гуморы.

Галасы гучаць глуха, не раўнуючы як з таго сьвету. Вусны ягоныя размыкаюцца ў высілку сказаць адно кароткае слова «піць», і ў гэтае ж імгненьне гаючая вільгаць поўніць асьмяглы рот. Вада ліецца праз нос, ён захлынаецца, кашляе. Піць! Піць бясконца, да самазабыцьця, аж пакуль кожная клетка не напоўніцца жывою вадою.

- Піць!

- Нельга так многа, дарагой!

- Еруслан, гэта ты?

- Я, Я, дарагой.

- Авечку, авечку цягніце, шайтаны!

Пякучы боль працінае калена, ён стогне, скрыгоча зубамі, да крыві пракусвае вусны:

- Урубджур, пуста...

- Што, дарагой, ты кажаш?

- У душы, кажу, пуста... нічога няма!

- Брэдыт, - зазначае Еруслан, - зрушэньне мазгоў. Відаць, авечка капытом зачапіла, як падала.

- Гэта Палкоўнік! Яго работа! - грыміць разьятраны голас Урубджура, потым усё аціхае, галасы аддаляюцца, і ён сплывае ад іх ена людзкіх руках, закалыханы замарачнымі хвалямі забыцьця.

Яго абудзіла нейкае няўцямнае шапаценьне. Добрую хвіліну ён глядзхеў на белую, пакрытую шарымі пісягамі, столь, на матавы пляфон над галавою і ніяк ня мог даўмецца: дзе ён і што зь ім? Неўзабаве шапаценьне паўтарылася, і ён павярнуў голаў. Дзяўчына ў белым халаце сядзела ля ложку і, прытрымліваючы рукою кудзеркі, гартала часопіс.

- Што вы чытаеце, дзяўчына? - ціха запытаўся ён, і дзяўчына спалохана прыўзьняла веі.

- Ляжыце, хворы, я зараз доктара паклічу...

- Пасядзіце са мной, прашу вас!

Дзяўчына прысела на край услону, перагарнула старонкі.

- Гэта «Тээгін гэрэл», наш калмыцкі часопіс. «Сьвятло ў стэпе», значыць.

- «Сьвятло ў стэпе»... Якая прыгожая назва! - ён правёў рукой па забінтаваным лобе, прыкрыў пальцамі вочы. – Сьвятло ў стэпе – гэта як сьвятло ў душы. Безь сьвятла нельга. Безь сьвятла і душа і стэп чорныя.

Разьняўшы пальцы, ён зірнуў на дзяўчыну, і маладая калмычка, зьдзівіўшыся, відаць, такім словам, разгублена кіўнула ў адказ.

Улан-Хол - Астрахань

Жанчыны ля басэйну

Дасьвецьцем, а шостай гадзіне, тым часам, калі ў доме яшчэ сьпяць, дзьверы адзінаццатай кватэры расчыняюцца і на парозе паўстае пахілая постаць Ягора Іванавіча. Ягор Іванавіч зашпільвае гузікі старамоднага габардзінавага палітону, палохае цішу бразгатам ключоў і, палашчыўшы мыском чаравіка суседавага ката, які круціцца пад нагамі, ідзе па сходах.

Пляфоны крышталёвых сьвяцільняў, цёмных з падсподу ад перасохлых, відаць, яшчэ пазалеташніх мух, струменяць нежывое сьвятло, якое мякка кладзецца на лысіну Ягора Іванавіча, на мыскі ягоных чаравікаў і на згібы масянжовых парэнчаў.