- Нічога, злазіць на палок, Хачык масаж зробіць – адразу ачуняе. Як ты наконт масажу? Чуеш, бацька?
Цярусіць дождж, шапаціць па даху легкавушкі, мутнымі рагамі зьбягае па шкле, і сьвет за вакном паўстае фантастычна-перакручаным: вужакамі віюцца стромкія калёны басэйну, цыбатыя ногі масажыста Хачыка, які падымаецца па сходах, аддзяляюцца ад тулава і бягуць паасобку, галава паставога Федарчука спаўзае з плячэй і расплываецца мутнаю плямай, а далёкія постаці кабет торгаюцца ў дажджавых кроплях, ствараючы ўражаньне шалёнага бегу.
Цёткі і папраўдзе беглі, што мелі сілы. Наперадзе, цяжка сапучы, бегла старэйшая, увішная гарбуха ў плюшавай кацавейцы. Мацаючы пад грудзямі кашэль з грашыма, гарбуха задыхана прамаўляла:
- Добра яшчэ, што міліцыянэр добры… штраф не плацілі.
- Рана вылезьлі… Трэба было да “Сокала” ехаць, - адзывалася маладзейшая, бегчы якой замінала аграмадная, надзьмутая ветрам торба.
Надрыўная сырэна, што прагучала за сьпінамі, прымусіла жанок азірнуцца. Драпежна абсеўшы на заднія колы, зьбіваючы ссохлае лісьце з клёнаў і захліпана сыгналячы, насустрач ім ляцела тая самая чорная “Волга”.
- Ці не за намі? – высокім дыскантам загаласіла гарбуха і, замест таго, каб сысьці з дарогі, бязвольна асунулася на асфальт.
Калі машына была ўжо зусім блізка і дробна віхлялася, маракуючы, як аб’ехаць гэтых чортавых жанок, маладзейшая адчайна абхапіла гарбуху і выкуліла на ўзьмежак дарогі. “Волга” праляцела міма, паліла жанок вадою з-пад колаў, са страшным скавытаньнем выруліла на праспэкт.
- Чаго ты з дарогі не сыходзіла? – пралепятала маладзейшая, падымаючыся з мокрага асфальту.
- Баюся я гэтых чорных машын, - голас гарбухі быў падазрона мэлянхалічны. – Чуе маё сэрца… гэта яны майго Пецечку зьвезьлі…
- Што ты такое кажаш? Тады ж і машын такіх не было. – Маладзейшая няўзнак азірнулася. – Уставай, вунь ізноў той міліцыянэр ідзе.
- А дастань жа ты мне, Кацечка, хусьцінку, твар уцерці, а то ў мяне рукі калоцяцца, - заенчыла старая, спрабуючы падняцца на ногі.
Кацярына выцягнула зь цётчынай кішэні насоўку, стрэсла зь яе нейкую прыліплую паперку і, правёўшы насоўкай па цётчыным лобе, падняла старую на ногі.
- Пайшлі хутчэй, а то сапраўды штраф улепяць, - выдыхнула Кацярына, і жанкі жвава патрухалі па алеі.
Паперка, што выпала зь цётчынай кішэні, паляцела была ім наўздагон, ды неўзабаве захрасла ў лужыне. На паперцы, калі ўважліва прыгледзецца, можна было прачытаць: “Каўбасы пяць кіло. Сасісак колькі зможаш”, і ніжэй, пад тымі няроўнымі радкамі, руплівым дзіцячым почыркам было выведзена: “Мадэль самалёта і кукурузныя палачкі”. Хвіліну паперка бялела на асфальце, а потым зьнікла з вачэй, уціснутая ў слату падэшвай міліцэйскага бота.
Ліст з Асьвеі
Тры гады таму ў Бычках працавалі электралінейшчыкі – мянялі драўляныя слупы на жалезабэтонныя. Вясёлыя былі часіны. Бычкоўцы цэлы месяц без электрыкі сядзелі ды дэпутату свайму, генэралу Карзо, абураныя лісты пісалі. Але як там ні было, а справу сваю электралінейшчыкі зрабілі. Паставілі новыя слупы, а старыя да Церахоўскай сажалкі сьцягнулі ды там і пакінулі. Паспрабавалі былі вяскоўцы іх на дровы пусьціць, ды ледзь не ўчадзелі потым. Дрэва было нейкай халерай насычанае і гарэла з такім едкім дымам, што хоць з хаты бяжы.
Вось гэтыя слупы і прыгледзеў Ваня Бянькоў, вырашыўшы зь іх плыт зрабіць і на тым плыце ў плаваньне пусьціцца. Балазе, Церахоўская сажалка ўдоўжкі мэтраў трыста мела – было дзе разгарнуцца. Ды і месьцілася непадалёку ад школы.
І вось, папрасіўшы ў суседа тузін цьвікоў і двухручную пілу, выправіўся Іван будаваць вадаплаў. Вядома, аднаму зь пілой невыкрутка, трэба памагаты, і пакуль ён ішоў да сажалкі, гэтых памагатых набралася чалавек дваццаць. Нават васьміклясьнікі са школы прыбеглі, якія ў другую зьмену займаліся.
Цэлы дзень на беразе Церахоўскай сажалкі зьвінела піла, грукацелі малаткі, голасна крычалі настаўніцы, вучняў у клясы заганяючы, а блізу ночы плыт быў гатовы. Падцягнулі яго да вады, адзін край нават у ваду ўпіхнулі, але выпрабаваць на плыву не пасьпелі. Бацька першаклясьніка Бадунова прыбег, разагнаў усіх па хатах, а Юрку, сына свайго, папругай хвастануў і паабяцаў плыт спаліць, калі Юрка не паразумнее.
Наступнае раніцы Іван сядзеў на ўроку і з трывогаю паглядаў у вакно. Там, за вакном, у ранішнім тумане, што вісеў над сажалкай, завіхаліся два падшыванцы. Падшыванцы поўзалі вакол плыта, спрабуючы сьпіхнуць яго ў ваду, і гэта непакоіла Івана. Хлопец сядзеў як на іголках, а калі ўбачыў, што плыт вось-вось паплыве, схапіўся за жывот і папрасіўся на надворак.