Іван прагнуў першым ступіць на вадаплаў, а таму, адламаўшы ад школьнай агароджы даўжэзную жардзіну, кінуўся да сажалкі, адчуваючы на сваёй сьпіне зацікаўленыя позіркі аднаклясьнікаў.
Плыт атрымаўся дыхтоўны – толькі на паўбервяна і занурыўся ў ваду пад Іванавым цяжарам. Іван пахадзіў па плыце, паскакаў дзеля ўпэўненасьці і, перавёўшы дых, адштурхнуўся жардзінай ад берага. Плыт павольна і ўрачыста выплыў на водны прасьцяг, і Бычкоўская васьмігодка, уражаная такою праявай, вітала яго званком і бязладнымі хлапечымі галасамі.
- Ванька, дай мне паплаваць! - гучней ад астатніх крычаў Васька Серада, які бег паперадзе аднаклясьнікаў, і Іван, убіўшы жардзіну ў глейкае дно, без асаблівай ахвоты скіраваў да берага.
Пакуль вырашалі, каму плыць, пакуль зганялі з плыта нахабную Люську Халімонаву, празьвінеў званок на ўрок і Йван, з імпэтам, на які толькі быў здольны, налёг на жардзіну. На плыт узьбілася пяць чалавек, таму, панурыўшыся ў ваду па самыя дошкі, вадаплаў крутнуўся вакол сваёй восі, выплыў на сярэдзіну сажалкі і, відаць, шчасьліва даплыў бы да супрацьлеглага берага, калі б ня Юрка Бадуноў. На сярэдзіне сажалкі Юрка падскочыў ад захапленьня, наступіў кедам на гостры цьвік і, прабіўшы нагу, нема загарлаў. Дарэшты перапужаны Іван выдзер з глею жардзіну, выцяў другім канцом у лоб Ваську Сераду, і той, падаючы ў ваду, схапіў Івана за чупрыну...
Глынуўшы вады, Іван усплыў на паверхню і першае, што ўбачыў, гэта русічку Марковіч, якая бегла да вады, скідваючы на хаду спадніцу. Па-сабачаму перабіраючы рукамі, Іван азірнуўся, а згледзеўшы першаклясьніка Бадунова, які чабохтаўся ў вадзе за мэтар ад плыта, немым голасам крыкнуў:
- За плыт, за плыт хапайся!
Ён крыкнуў і яшчэ нешта, але Васька Серада, які ня ўмеў плаваць і адчайна біў рукамі па вадзе, схапіў Івана за вуха і крык Іванавы ператварыўся у няўцямнае булькаценьне...
Увечары таго ж дня Юрчын бацька, мэханізатар Бадуноў, пад’ехаў на трактары да сажалкі, шухнуў на плыт вядро саляры і чыркнуў запалкай. Іван, праўда, гэтага ня бачыў, бо цэлы вечар, разам з маці, прастаяў ў настаўніцкай.
- Ну, Бадуноў першаклясьнік... а вы зь Серадою... трынаццацігадовыя бэйбусы... – упікала Івана русічка Марковіч, штохвілі смаркаючыся ў хустку. – Вы ж маглі патапіцца.
Іван стаяў, панурыўшы вочы, і галава ягоная торгалася ад матчыных аплявух.
Нагаманіўшыся ўдосыць, Марковіч змоўкла, ляснула далоньню па клясным журнале, і ў размову ўключылася дырэктарка школы Хлябовіч.
- Ты, Бянькоў, кніжкі чытаеш?
Іван перамаўчаў, пракудліва ўсхліпнуў, і маці, якая стаяла за сьпінаю, тузанула сына за рукаво.
- Адказвай, калі цябе пытаюць!
- Вы яго і самі чытаць прымушайце, - прамовіла дырэктарка, зьвяртаючыся да маці. - Хай у бібліятэку запішацца... літаратуру пачытае, а то хутка і літары забудзе...
- Ты чуеш? - гукнула маці, - заўтра ж у бібліятэку пойдзеш! - і Іван, кіўнуўшы галавой на знак згоды, зірнуў на цёмныя вокны. На вокнах блукалі водбліскі барвовай палымніцы. З хвіліну ён зачаравана глядзеў на рухавую барву, а зразумеўшы, што гэта гарыць на сажалцы ягоны плыт, уздыхнуў і змахнуў са шчакі няпрошаную сьлязіну.
На другі дзень русічка Марковіч захварэла. Іван вярнуўся са школы раней звычайнага, выпіў шклянку малака і зьбіраўся ўжо шмыгнуць на вуліцу, але маці рашуча загадала:
- Ідзі ў бібліятэку.
Ісьці не хацелася. Іван пачухаў патыліцу, паваліўся на ложак, і калі маці, падаіўшы карову, вярнулася ў хату, паведаміў:
- Штосьці ў мяне галава разбалелася.
- Ідзі, я табе сказала! - крыкнула маці, і Йвану давялося падымацца на ногі й нацубліваць на вочы сваю паношаную кепурку.
Бібліятэкаркай у Бычках працавала сьціплая дзяўчына Люся. Люсю прыслалі з гораду: мела яна зграбныя ногі, ладную постаць і таму ня дзіва, што ў бібліятэцы ад ранку да вечара таўкліся мясцовыя кавалеры. Вось і цяпер ля бібліятэчнага ганку стаяў мапэд кінамэханіка Лябёдкі, і Іван, пасьміхнуўшыся з тае нагоды, адчыніў дзьверы.
- Адпусьці... чуеш? А то лясну! - сустрэў Івана дзявочы голас, і ён міжволі прыслухаўся.
За стэлажамі войкнулі, адзін з стэлажоў захітаўся, зь яго звалілася кардонная таблічка з надпісам «Квітней, Беларусь!» і, нарэшце, з кніжных нетраў выплыў, паціраючы шчаку, кінамэханік Лябёдка.
- Што, Ваня, раманамі цікавісься? - рагатнуў Лябёдка, шаргатнуў кірзачамі і выйшаў зь бібліятэкі.
За стэлажамі плакалі: роспачна, здушана, з усхліпамі. Іван пастаяў на парозе, кашлянуў у кулак і, ня ведаючы, як паводзіць сябе ў такой сытуацыі, нясьмела выдыхнуў: