- Кніжкі ўзяць можна?
Плач аціх, бібліятэкарка ўсхліпнула раз астатні, дрогкім голасам запыталася:
- Вы запісаныя?
- Не-а, - адказаў Іван і, прыслухаўшыся да рокату мапэда знадворку, падняў з-пад ног кардонную таблічку.
Дахаты Іван вяртаўся, трымаючы па пахаю зачытанага «Рабінзона Круза» і навюткага «Паўку-камуніста», якога яму ўперлі ў нагрузку. Паваліўшыся на ложак, Іван прагледзеў малюнкі, пазяхнуў, гартаючы «Паўку-камуніста», хацеў быў кульнуцца на бок, але, прачытаўшы старонку «Рабінзона», так захапіўся, што маці давялося ўставаць сярод ночы, каб выключыць у хаце сьвятло.
Назаўтра была нядзеля. Іван цэлы дзень правёў з кнігаю, а перагарнуўшы апошнюю старонку, доўга ляжаў нерухома і думаў. «Як было б добра, - думаў Іван, - зьбегчы на такі самы востраў, паляваць там на дзікіх зьвяроў, лавіць рыбу нератам і ня бачыць гэтай абрыдлай русічкі Марковіч».
У панядзелак, адразу пасьля школы, Іван выправіўся мяняць кніжкі. Гэтым разам ля бібліятэкі, апрача мапэду, стаяла калгасная малакавозка, а ў самой бібліятэцы ці то біліся, ці то танцавалі, бо шыбы ў будынку дробна дзынкалі, а дашчатыя сьцены прыкметна здрыганаліся. Іван патупаў ля парога, разважаючы – ці адчыняць яму дзьверы, ці пачакаць, і пакуль ён так разважаў, дзьверы расчыніліся самі і зь іх выкуліўся кінамэханік Лябёдка. Памацаўшы лабешнік, Лябёдка мацюкнуўся, падбег да мапэду, разагнаў яго па ўтравелай сьцяжыне і неўзабаве зьнік за павароткай.
У бібліятэцы панаваў вэрхал. Крэслы валяліся дагары нагамі, адзін з стэлажоў стаяў, прыхінуты да сьцяны, а бібліятэкарка Люся з малакавозьнікам Раднёнкам поўзалі па падлозе, падбіраючы кнігі.
- Што стаіш? Давай дапамагай! - крыкнуў Івану Мішка Раднёнак, і Іван, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што мапа Беларускай ССР вісіць на адным цьвіку, падышоў і наткнуў ражок на цьвік.
- Яшчэ раз сунецца, я гэтаму кіншчыку галаву адарву, - гукаў Раднёнак, поўзаючы вакол Івана.
Каб не замінаць, Іван узьлез на крэсла і стаў вывучаць мапу. Палец ягоны крануўся Віцебску, папоўз у бок Полацка, потым павярнуў на поўнач і спыніўся на кружляку з кароткім надпісам «Бычкі». Іван задаволена аддзьмуўся, зірнуў угору і замёр, ня выпусьціўшы ўсяго паветра зь лёгкіх. На мапе, у левым яе куце, сінела пляма возера, а пасярод гэтай плямы месьцілася яшчэ адна, зялёная і круглявая.
- Ты што, Ваня, прусака ўбачыў? - рагатнуў за сьпінаю Раднёнак, а Іван, кіўнуўшы на мапу, прашаптаў:
- Ненаселены востраў...
- Вось, Бянькоў... начытаўся «Рабінзонаў» – цяпер ненаселеныя астравы мрояцца, - пажартавала бібліятэкарка Люся.
Люся падышла да Івана, і той тыцнуў пальцам у мапу.
- Вунь, на Асьвейскім возеры.
- Цяпер ненаселеных астравоў няма. Усе населеныя. У мяне брат на Шпіцбэрген хадзіў. Казаў – голыя скалы, мароз сорак градусаў, і зь ежы толькі макароны. А жывуць людзі...
- Ці населены, ці не, гэта лёгка спраўдзіць, - прамовіла Люся, узьняўшы на Івана падфарбаваныя вейкі. – Трэба ў Асьвейскую школу ліста напісаць. Маўляў, так і так... просім паведаміць – што гэта за востраў, хто на ім жыве і як на яго патрапіць... Га, Бянькоў?
Прапанова была цікаваю, але лістоў Іван пісаць не любіў і ня ўмеў, і гэтая акалічнасьць яскрава адбілася на ягоным твары.
- Ну, хочаш, Бянькоў, я сама напішу? - запыталася бібліятэкарка, і Бянькоў, скочыўшы з крэсла, кіўнуў галавою.
Востраў на Асьвейскім возеры дарэшты паланіў душу і нават сьніўся па начах.
Іван зьезьдзіў у Азярышча, набыў там мапу Беларускай ССР і, правёўшы чырвоную рысу паміж Асьвеяй і Бычкамі, павесіў мапу над ложкам. Рыхтуючыся да выправы на востраў, ён стаў зьбіраць грошы, цягаючы іх з матчыных кішэняў, вечарамі плёў з алюмюніевага дроту нерат і за ўсімі гэтымі турботамі зусім забыўся на кнігі, якія прынёс зь бібліятэкі.
Кніжкі пыліліся на шафе, і невядома, якім слоем пылу яны б там пакрыліся, калі б маці не паведаміла аднойчы:
- Бібліятэкарка ў горад зьяжджае, зайсьці прасіла. - І Іван, укруціўшы кніжкі ў газэту, доўга стаяў у непаразуменьні, маракуючы – ці напісала бібліятэкарка ліста ў Асьвею, а прашаптаўшы: - Не напісала, - выйшаў з хаты.
Быў канец кастрычніка. На суседзкім агародзе палілі бульбоўнік, у паветры вісела імжа, і таму Іван не адразу разгледзеў – што гэта там стаіць ля бібліятэкі, а калі падышоў бліжэй і ўбачыў матацыкл з вазком, супыніўся і пачухаў патыліцу. У Бычках на такім матацыкле езьдзіў толькі ўчастковы Міхноў, але Міхнову было даўно за сорак, і Іван падзівіўся такому залётніку.
Газэта, у якую былі загорнутыя кнігі, распаўзлася ад імжакі. Іван закінуў у лужу газэтныя ашмёткі, прыхаваў кнігі за пазухай і ўжо зьбіраўся ступіць на ганак, як раптам бібліятэчныя дзьверы расчыніліся і перад Іванам паўстаў прысадзісты хлопец з валізай ў руках.