- Да Сьветкі заяжджаць будзем? - крыкнуў хлопец, зьбягаючы па прыступках, і тая, да якой ён зьвяртаўся, азвалася зь бібліятэчных глыбіняў:
- Якая там Сьветка... Да яе цяпер і на трактары не заедзеш.
Неўзабаве Люся выбегла на ганак, мяльком зірнула на Івана і, счакаўшы хвіліну, навесіла замок на прабой.
- Кніжкі, Бянькоў, можаш сабе пакінуць. Яны ўжо сьпісаныя, - прамовіла Люся, уздыхнула на астачу і, прыціснуўшыся лбом да дзьвярэй, малітоўна прашаптала: - Божухна, няўжо вырвалася?
Празь імгненьне яна пабегла аддаваць некаму ключы, а хлопец, паклаўшы ў вазок перахопленую рамянём валізу і накрыўшы яе брызэнтавай апонай, прыпаліў папяросу.
... Матацыкл ужо праехаў добрую сотню мэтраў, калі бібліятэкарка, ляпнуўшы хлопца па плячы, прымусіла таго спыніцца і, азірнуўшыся, крыкнула:
- Бянькоў, бяжы сюды... ліста табе аддам, - і Іван, пакінуўшы кніжкі на ганку, подбежкам кінуўся да матацыкла.
Ліст быў з Асьвеі, ад дзевяціклясьніцы Аляўціны Івановай. Зь невядомай прычыны дзевяціклясьніца размалявала ліст пунсовымі кветачкамі, І Іван, пабачыўшы такое, пагардліва пасьміхнуўся.
«Добры дзень, Люся, - пісала Аляўціна раўнюткім почыркам. – Ты пытаесься – ці населены востраў, і я табе адказваю: населены, і я сама на ім жыву. Вёска нашая невялічкая, усяго дзесяць двароў, але ходзяць чуткі, што нас хутка пераселяць у Асьвею. Хутчэй бы! А то жыцьця ня стала праз тых цялятаў. Іх да нас зь вясны завозяць, і яны тут да восені пасьвяцца...» – не дачытаўшы старонкі, Іван зірнуў на адваротны бок і прачытаў наступнае:
«Люся, напішы мне – ці ёсьць у цябе хлопец... У мяне дык няма... Наагул хлопцаў у Асьвеі шмат, але яны мне не падабаюцца. Вось і на мінулых танцах да мяне чапляўся Шаблоўскі, але я яго адшыла...»
Гразкая дарога, шэрыя лужы, мокрая варона на слупе – усё задрыжэла, забрыніла ўваччу, зрабілася яшчэ больш шэрым і брудным. Іван падзер ліст на дробныя шматкі, шпурнуў шматкі ў імжыстае неба, і яны сьнежнай замецьцю закружыліся над галавою.
«Хутчэй бы зіма... – падумаў Іван, у задуменьні боўтаючы нагой у лужыне. – Зімой добра... сьнег... мароз... можна будзе катацца на лыжах», - і з гэтаю думкаю ён яшчэ раз азірнуўся і, кінуўшы разьвітальны пагляд на кніжкі, што ляжалі на бібліятэчным ганку, рушыў дадому.
Вінцэсь Мудроў
Нарадзіўся 11 верасьня 1953 г. у Полацак. Беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.
Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .
У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .
Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .
У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў.