Выбрать главу

- А ма-аці мая Казімераўна…

Рогат некалькіх дзясяткаў гледачоў скалануў сьцены спартзалі. Некаторыя з аматараў спорту не маглі ўтрымацца на нагах і курчыліся, хапаючы ротам паветра. І толькі прыбіральшчыца, што стаяла ля дзьвярэй, пабачыўшы голы мужчынскі азадак, абурана плюнула, і падхапіла сваё вядро.

Але Адась нічога ня чуў і ня бачыў. У вачах ягоных ападалі рознакаляровыя зоркі. Што зь ім, дзе ён? Чые гэта рукі кратаюць яго? Ілона, гэта ты? Ты вярнулася, Ілона?

Паступова вярталася сьвядомасьць… Вакол чынілася штосьці няўцямнае. На яго накінулі коўдру, яму згіналі-выпроствалі рукі, піхалі ў нос нейкую брыдоту, ад якой калола ўвушшу, і на розныя галасы патрабавалі насілкі.

Нарэшце заслона з вачэй спала, і нізрынуты цяжкавагавік убачыў перапужаны твар Жамяры. Стогнучы, Адась глытнуў паветра.

- Маўчы, маўчы – табе шкодна размаўляць… Усё ведаю!

- Пайшоў прэч! – выдыхнуў Адам, і скупая мужчынская сьляза бліснула на ягоным твары.

Жэрарава памылка

Тых, хто наважыцца прачытаць гэты аповед, мушу адразу папярэдзіць: Жэрар ніякі не іншаземец. Ён нарадзіўся і жыве ў Беларусі, вучыцца ў сярэдняй школе з ангельскім ухілам і марыць стаць аўтагоншчыкам.

Школа з ухілам месьціцца ў цэнтры горада, і Жэраравай маці даводзіцца раненька, яшчэ дворніцкая мятла ня шоргала знадворку, выцягваць свайго пестуна зь цёплай пасьцелі. Прачнуўшыся, пястун, як заўсёды, доўга пацягваецца, пазяхае, а калі матчыны дакоры становяцца невыноснымі, паволі ідзе на кухню, дзе пад недарэчна-вясёлым паглядам Жэрара Філіпа, пажоўклы здымак якога вісіць на буфэце, лена жуе кавалак смажаніны. Праз колькі часу Жэрар зьбягае па гулкіх сходах, бухае дзьвярыма параднага і бяжыць у бэзавым прыцемку на тралейбусны прыпынак.

Прыпынак бязладна гамоніць, чхае, сварыцца, натужліва рыпіць асаджанымі набок тралейбусамі. З хвіліну хлопец стаіць нерухома, зьбірае сілы, пасьля чаго спрытна ўплішчваецца ў гурт атлетычных, апранутых у выцьвілыя штармоўкі дзецюкоў. Гурт той пад здушаныя воклічы: “Нахабнікі!”, “Маўчы, цешча!” уносіць яго ў тралейбуснае нутро, дзе ён сьцішваецца, прыціснуты нечым мажным і цёплым да халодных нікеляваных парэнчаў.

Праз восем прыпынкаў Жэрар спрабуе паварушыцца.

- Куды точысься, салага! – сіпла выдыхаюць над вухам. “Салага” тузаецца, пралазіць між нечых ног і ўрэшце ўдыхае волкае і да звону ўвушшу хмельнае паветра ранішняга гораду.

На школьным ганку Жэрара, як заўжды, сустракае Пецька Заруба.

Пецькаў бацька – дзяржаўны трэнэр па боксе, а сам Пецька ня першы год займаецца ў сэкцыі картынгу. Жэрар быў і сам запісаўся на той картынг, але ўсё скончылася несамавіта: пачуўшы пра гэта, маці зьдзерла са сьцяны выцінкі з “Матор-рэвю”, а бацька мэталёвым голасам параіў сыну брацца за розум.

Пецька сустракаў яго з футбольным мячыкам пад пахай. Настаўніца заалёгіі ўжо другі тыдзень хварэла, і замест вывучэньня членістаногіх вучні гулялі ў футбол на школьным двары. Ганялі, дарэчы, ня проста так: пасьля ўрокаў пераможцы па старой завядзёнцы частаваліся за кошт супернікаў ліманадам.

- На ліманад? – запытаўся Жэрар, ціснучы цёплую Пецькавы руку.

- На ліманад, - кіўнуў Пецька, і зацягнутыя ў гаманкі натоўп дружбакі рушылі ў школу.

Клясныя сьцены дрыжэлі ад галасу і беганіны, таму зьяўленьня Лаліты Піліпаўны напачатку ніхто не заўважыў. Гэтая хударлявая дзяўчына, якая атрымала сваё імя ў гонар нейкай аргентынскай сьпявачкі, толькі летась скончыла пэдінстытут і працавала ў школе піянэрважатай.

Лаліта Піліпаўна добрую хвіліну стукала лінаркай па стале, заклікаючы 6”А” суняцца, але гэта, ведама ж, не дапамагло. Уздыхнуўшы, маладая настаўніца пахітала галавой і пачала разьвешваць на дошцы наглядныя дапаможнікі.

- Запішыце, калі ласка, тэму: “Квадры разьвіцьця хрушчоў”.

Настаўніца гучна паўтарыла тэму, а Жэрар, абмяняўшыся зь Пецькам журботнымі позіркамі, глянуў у вакно.

У шэрым імжыстым сутоньні пачынаўся сумны восеньскі дзень.

На школьным двары не было ні душы, і толькі на разгатай таполі, што расла ля майстэрняў, гойдаўся вялікі, з добрага пеўня, крумкач.

“Вось у каго жыцьцё, - падумаў Жэрар, назіраючы, як птушка, бліснуўшы чорным крыльлем, зьляцела долу. – Не жыцьцё, а вечныя вакацыі – ляці куды хочаш і ня трэба забіваць голаў усімі гэтымі хрушчынымі квадрамі”.

Вакацыі… Колькі разоў вяртаўся ён у думках да той чароўнай пары, калі можна да ачмурэньня гуляць у футбол, чытаць кніжкі пра аўтагоншчыкаў ці папросту ўдосыць выспацца, зашыўшыся ў духмянае сена на гары цётчынай хаты. Жэрару раптам да болю выяўна прыгадалася вёсачка Зьвездная, дзе жыве брат Міхась, успомнілася, як яны лавілі рыбу, як роспачна аблізваўся цётчын кот Базыль, калі яго частавалі пячкурыкам, і прыгадкі тыя апавілі сэрца шчымлівым, пакутліва-сьветлым сумам.