Выбрать главу

- А зараз адкажыце, каго мы бачым на плякаце?

Дакучлівы голас разьвеяў салодкія згадкі, і Жэрар зь неахвотаю зірнуў на дошку. На плякаце быў намаляваны звычайны конік, і пытаньне Лаліты Піліпаўны нічога, апроч крывой усьмешкі, выклікаць не магло. Змаўчалі, занятыя размовамі, і астатнія, і толькі двоечнік Мінкевіч, вядомы як аматар паспаць на ўроках, на ўвесь кляс галёкнуў: “Коніка! Мы бачым коніка!” Настаўніца перачакала выбух рогату і дрыготкім ад хваляваньня голасам абвясьціла:

- Не, таварышы піянэры… Гэта ня конік, не цвыркун. Гэта саранча, наш з вамі люты вораг!

Гамонка, якая вось-вось павінна была перарасьці ў гамэрню, аціхла, і ўсьцешаная гэтым Лаліта Піліпаўна ўзяла са стала тоўстую кнігу.

- Вось паслухайце…

Адгарнуўшы ў патрэбным месцы, настаўніца стоеным голасам пачала:

- “Там, дзе апусьціцца саранча, квітучы край ператвараецца ў голую пустэчу. Яна прылятае незьлічонымі хмарамі, якія засьцяць сонца. Пошум мільёнаў крылаў можна параўнаць з шумам вадаспаду. Калі гэтае страшнае войска апусьціцца на зямлю, галіны дрэваў і дахі пабудоў ломяцца пад яго цяжарам…”

Лаліта Піліпаўна на момант перапынілася і спадылба паглядзела на кляс. Дзесьці між шыбін адчайна зумкала самотная восеньская муха. Паправіўшы акуляры, настаўніца працягвала:

- “Збажына зьедзеная да камля, дрэвы стаяць безь лістоты, усё зруйнаванае і зжэртае. Калі на зямлі не застаецца анічога, жудасны рой уздымаецца і, пакінуўшы пасьля сябе голад і роспач, ляціць шукаць новы палетак. Сама саранчовая сьмерць становіцца яшчэ большым няшчасьцем. Іхнія незьлічоныя трупы, прыгрэтыя сонцам, пачынаюць гнісьці і атручваць паветра, ад чаго ў людзей пачынаюцца хваробы…”

Некалькі дзясяткаў пар вачэй з трывогай глядзелі на сваю піянэрважатую. Тая акінула вучняў усхваляваным позіркам і, адклаўшы кнігу, казала далей:

- Так было ў царскай Расеі, але сёньня саранча ўжо не зьяўляецца той сьмяротнай небясьпекай, якой яна была калісьці. Савецкая навука перамагла гэтага ворага!

Па клясе пракаціўся ўздых палёгкі, і ўзрушаная ўвагаю вучняў Лаліта Піліпаўна пачала захоплена апавядаць пра авіяэкспэдыцыі, які труцяць шкодніка ў Сярэдняй Азіі.

- Але мы не павінны супакойвацца. Саранча пераможаная, ды сям-там яшчэ спрабуе псаваць нам жыцьцё. Наша задача – зьнішчаць шкодніка ў зародку, не даючы яму распаўсюдзіцца. Свой даробак у гэтую справу мусяць унесьці і піянэры…

- Што, зноў па тройцы несьці? – выгукнуў тым часам двоечнік Мінкевіч.

Але Лаліту Піліпаўну гэты недарэчны жарт не зьбянтэжыў.

- Кожны піянэр, які ўбачыць на полі, у лесе альбо ў збажыне адну ці некалькі асобін саранчы, павінен, прыкмеціўшы месца, неадкладна паведаміць аб гэтым у бліжэйшы сельсавет. Адрозьніць саранчу ад вядомага вам коніка даволі проста. Па-першае, яна значна большая па памерах, даўжыня саранчы-шыстацеркі дасягае шасьцёх сантымэтраў, а па-другое…

Лаліта Піліпаўна хацела яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант празьвінеў званок, і 6”А” гамузам падхапіўся зь месцаў. Прабяхаючы каля кляснай дошкі, Жэрар яшчэ раз глянуў на малюнак лютага ворага. У той момант хлопец і не падазраваў, які злы жарцік выкіне гэтая кузурка, што з халоднаю няўмольнасьцю аб’ядала пшанічны колас.

Пагодным чэрвеньскім днём, блізу поўдня, у вёску Зьвёздная, што яшчэ пазалетась называлася Бочкінцы, павольна ўехалі чырвоныя “Жыгулі”. Легкавік, узьнімаючы клубы жоўтага пылу, хвацка праехаў па калдабаністай вуліцы, запарушыў вочы цікаўным кабетам і спыніўся каля хаты-пяцісьценкі.

- Авой, авой… А я гляджу раніцою, голуб у шыбу і так ужо б’ецца, і так б’ецца.

Жэрарава цётка, у хвартуху, з даёнкай у руцэ, подбегам трухала насустрач.

- Што ж ты, Хведзя, без ціліграмы? – цётка Палута плюснула Жэраравага бацьку ў скронь. – А Жорык які вялікі стаў!

Жорык нясьпешна вылез з машыны, падставіў цётцы шчаку і, абыйшоўшы легкавік, выцяў нагою па скату, як гэта робяць сапраўдныя аўтагоншчыкі.

Тым часам у канцы вулкі засьвісталі, і з-за павароткі вылецеў гурт вясковых хлапцоў. Наперадзе, махаючы даўжэзнай вудай, бег стрыечны Жэрараў брат Міхась.

- А мы тут… з мальцамі… на рыбу сабраліся, - задыхана прамовіў Міхась і Жэрар паціснуў братаву руку.

Госьць з усьмешкаю глянуў на альховую крывуліну, памацаў самаробны, выразаны зь віннага корка, плавок і, адчыніўшы багажнік, выцягнуў плястыкавае складанае вудзільна.