Выбрать главу

Не ведаю, што было б са мной, каб я маўчаў, як умелі таіцца, быць цішэй вады i ніжэй травы, а то i ратавацца даносамі іншыя. Можа, уцалеў бы, утрымаў бы сям'ю, а то i вылузаўся б на нечых слязах наверх, быў бы гнюсным падпявалам «бацьку ўсіх народаў», ніжэйшым бажкам, ладу, які яны ўсталёўвалі. Ды, як пазней уведаў, на мне выехаў, выратаваўся мой жа сусед па кабінеце — нашкрэбаў у органы цыдулку, што я «асуджаю метады работы партыі i НКВД» (цяпер той — заслужаны работнік культуры, на персанальнай пенсіі, мае машыну i дачу, некалькі разоў нават нядаўна падпісваў у гурце такіх, як сам, лісты ў газетах супраць нефармалаў i ВНФ). Гэта проста феномен савецкага ладу: ні ён — даносчык, ні суддзя, які пазней уляпіў мне восем гадоў (адседзеў я каля дваццаці), вінаватымі сябе не адчувалі i не адчуваюць, не пакаяліся, самае вялікае, на што здольная

іхняя душа, дык толькі двудушна адмахнуцца: «Такі быў час!..»

А час быў такі, што пасля «сігналу сумленнага чалавека» аднойчы ўночы ў нашай з Істай спальні ярка ўспыхнула святло, i мы, прытуленыя адно да аднаго, міжволі раптоўна абудзіліся, адразу не толькі страцілі сон, але i анямелі: у пакоі былі збянтэжаныя, абое ў начных піжамах i белыя, цесць ды цешча, а з імі тры незнаёмыя вайскоўцы з блакітнымі, як у лётчыкаў, адзнакамі.

Старшы па званні — як помню добра, чарнявы, з выпуклымі вачыма i таўсматы, — запытаў, ці я такі i такі, а пасля загадаў падымацца: я арыштаваны. I паказаў мне адпаведную паперыну-бланк.

Я не толькі не мог даць гэтаму веры, але i жахнуўся: я пад вартай? За што??? Дзе, калі i што я зрабіў дрэннае ўладзе???

— Ваше пресечение свободы связано с подозрением в контрреволюционной деятельности, — зразумеўшы мае нямое запытанне, мабыць, звыкла для сябе, але для мяне вельмі пакручаста па мысленню i мове патлумачыў той. — Поднимайтесь! Быстренько!

Цяпер адчула ўсё, што адбываецца, i Іста. А яно, тады простае i звычайнае, абрынулася адным страшным словам: хапун. Вось ён дайшоў i сюды, у генеральскую кватэру. Вось старшы назірае, як я апранаюся, а малодшыя па званні шныпараць па нашых пісьмовых сталах, абнюхваюць кожную паперку, а тое-сёе адкладаюць убок, для сябе.

Нацягнуўшы коўдру да падбародка, Іста ўмольна зірнула на бацьку-камдыва:

— Тата, што яны сабе дазваляюць? Яны — нашмат малодшыя па званні?

— Не хвалюйцеся, дзеці, — вінавата i сарамліва прамовіў той (мы не ведалі, што нядаўна ён кідаўся да тэлефона званіць камандуючаму акругі, пракурору, але нечаканыя госці груба адпіхнулі яго i прыстрашылі законам i сілай). — Канечне, непаразуменне выясніцца, i Алесь хутка вернецца дадому.

Старшы загадаў падняцца i Ісце; яна, разгубленая, паслухмяна ўстала, прыкрываючыся коўдрай. Каб, мабыць, не паказаць чужым мужчынам сваё цела, цяжарнасць. Але малойцы садралі з яе коўдру, пачалі мацаць швы.

— Як вы абыходзіцеся з жанчынай! — не смелы бацька-генерал, а я заступіўся за Істу.

— Тише, герой! — прысыкнуў на мяне старшы. — Они знают свое дело, так что не мешай.

Яго падначаленыя, адкінуўшы ўбок коўдру, пачалі мацаць падушкі i матрац, а пазней аж да самай раніцы ператрасалі ўсю кватэру. Мяне адагналі ад усіх у асобны пакой, Іста імкнулася, прасілася да мяне, плакала, але яе не пускалі, як я чуў, маці i бацька як маглі супакойвалі яе, угаворваючы, што ёй няможна хвалявацца.

— Я не магу не хвалявацца! — адказвала яна. — Я ж ведаю: ніякай контррэвалюцыяй ён не займаўся. Ён шчыры, добры, удзячны Савецкай уладзе, любіць Сталіна.

— Значыць, яго адпусцяць хутчэй, — гаварыў ёй бацька.

— Адтуль вельмі не адпускаюць...

Калі мяне пад канвоем, са зброяй напагатове, як самага сапраўднага злачынцу, выводзілі з кватэры, мне не дазволілі развітацца з Істай; яна рвалася, але яе i бацькі, i канвойныя не дапускалі, перадалі толькі ад яе хатулёк з адзеннем i харчам. Нібы прадчуваючы вечнае развітанне, я скрозь слёзы намагаўся чым болей пазіраць на яе, каб добра запомніць дарагое мне аблічча, яе стан.

Калі праз доўгіх восем месяцаў закончылася пакутлівае, з доўгімі нуднымі перапынкамі альбо, наадварот, з няспыннымі дзень i ноч допытамі следства, калі я зламаўся i падпісаў на сябе ды іншых паклёп, а пасля пачаў у таежным лагеры «перавыхоўвацца», уведаў: арыштавалі цесця-камдыва. Як «саўдзельніка банды Тухачэўскага», хоць той, наколькі я ведаў, не толькі ніколі не размаўляў, але нават i не сустракаўся з ім. Тым не менш цесця расстралялі адразу ж пасля кароткага следства i суда.