Выбрать главу

Але гэтая цяжкая навіна была не апошняя тады для мяне: неўзабаве схапілі i Істу. Як «члена сям'і ворагаў народа». Яна, бедная, слабенькая па сіле, хутка счэзла i загінула на лесапавале.

Цешча мая ўцалела, нават больш — на трэці дзень вайны паспела выскачыць з Мінска i перабрацца да Волгі, да сваіх далёкіх родзічаў. Яна не прызналася, які лёс напаткаў яе мужа, дачку i зяця, зманіла, што ўсе мы на вайне i што яна згубіла наш след. Бяда i гора яе загартавалі, яна ўзяла сябе ў рукі, адолела сваю нервовую хваробу i падняла на ногі ўнука, гэта значыць нашага з Істай сына.

Першы раз убачыў я роднага сына неўзабаве пасля вайны, калі мяне вызвалілі i я здолеў знайсці яго ў прыволжскім сяле, тады яму было звыш дзесяці гадоў; другі раз сустрэўся з ім у Маскве ў пяцьдзесят шостым годзе, калі вярнуўся са ссылкі, калі сын вучыўся ва універсітэце i марыў стаць фізікам-ядзершчыкам. Калі-небудзь я, можа, раскажу пра тыя нашы нялёгкія сустрэчы, калі бацьку прыходзілася па волі лёсу знаёміцца з сынам, а сыну — з бацькам, калі абодва маюць розныя нават прозвішчы. Што да цешчы, дык яна да смерці мне не даравала, лічачы, што найперш я вінаваты ў такой страшнай трагедыі яе родных. Як казала мне з дакорам, за «проклятый белорусский язык, за твой национализм, а следовательно, и за контрреволюционную деятельность...».

1992

Першае каханне

1.

У Віці Шпака таксама было яно, першае ўзнёслае i ашаламляльнае каханне. Узнікла яно, праўда, цяжка сказаць калі, не з таго-сяго, як кажуць, а рыхтавалася ўсім яго маленствам. Спачатку ён чула, збянтэжана зведаў далікатнае, пяшчотнае пачуццё ў першым класе да маленькай, дробненькай дзяўчынкі Волечкі з суседняй вёскі. Яму падабаліся яе галоўка, хораша зачасаныя русявыя валасы, белыя банцікі на кароткіх косках, заўсёды чысценькія прыталеныя сукеначкі, белыя каўнерыкі i манжэцікі, а таксама яе прыгожы почырк. Пазней, у пятым класе (у новай школе, у васьмігодцы), ён адчуў хваляванне, калі заявілася ў ix новая вучаніца, Таня — дачка прыезджага калгаснага агранома. Таня зачаравала яго не хараством, акуратнасцю, як Волечка, a дзіўным бляскам велікаватых чорных, нібы ў цыганкі, вачэй, усмешкаю i нейкаю нечаканаю для дзяўчынкі гарэзнасцю: яна вольна паводзілася на уроках, не папускалася хлопчыкам, смела ўступала з імі ў сутычкі, была вялікаю ахвотніцаю да ўсякіх гульняў, паходаў ды экскурсій, здаецца, не могучы пабыць у спакоі ні хвіліны. I з Волечкаю, i з Таняю неўзабаве разышліся яго сцежкі-дарожкі: першая ў свой час, пасля чацвёртага класа, пачала хадзіць у іншую, чым ён, школу, а другая перестала яму падабацца. Ды пасля восьмага класа разышліся таксама: Таня пайшла ў дзевяты клас Вішнёўскай дзесяцігадовай школы, а ён — Драўлянскай.

Іншае, болей пяшчотнае, трывожнае ды глыбокае, адным словам, сталае, пачуццё нахлынула на яго ў дзесятым класе. Гэтае пачуццё ўжо смела можна назваць першым каханнем.

Звычайна, як чытаў Віця, пісьменнікі пішуць пра сваё ці нечае юначае каханне прыкладна так: ёсць у класе прыгожая «яна» i яе, красуню, кахаюць, лічы, усе хлопцы з класа. Кахае пакутліва i «ён» — ціхі, спакойны, няўклюдны, сарамлівы, але добры душою. «Яна» выбірае не «яго», a іншага — спрытнага, смелага, хоць у рэшце рэшт чытач ці не ведае, што далей, у сталым, ужо не вучнёўскім, жыцці адбываецца, ці дазнаецца, што праз які дзесятак гадоў «яна» ўжо не вабная, звычайная са звычайных, выклікае ў душы «яго», чалавека ўжо вядомага, сямейнага, толькі спачуванне ці шкадаванне, светлую журботную памяць пра маладыя гады.

Віця Шпак у дзесятым класе не быў ціхі ды сарамлівы. Наадварот, з усіх шаснаццаці хлопцаў-равеснікаў ён вызначаўся шустрасцю, рэзкасцю i нават, можа, яшчэ i шанцаваннем. Ён меў добрую памяць, кемнасць — вучоба давалася легка, без ніякай натугі, як некаторым зубрылам; на ўроках фізкультуры ён быў увогуле першы, бо спрыт, сіла памагалі хутчэй за ўсіх бегаць, скакаць, шпурляць цяжар ды ўвішней рабіць гімнастыку. Карацей, усё гэта ды яшчэ яго кампанейскі характар рабілі яго душою класа, школы. Па-другое, ні адна з дваццаці аднакласніц яму не падабалася. Hi да кога не адчуваў узнёслага пачуцця. Пра пачуццё ды каханне ён толькі марыў альбо чытаў у кнігах ды бачыў у кінафільмах. Праўда, па нейкай невядомай нават яму самому прычыне ён паводзіўся дзіўна: свае думкі пра каханне глыбока хаваў, а з чужога кахання пасміхоўваўся ды пакепліваў. Можа, i за гэта неўзабаве быў жорстка пакараны.