— Дык пойдзем? — спытаў ён.
— Пойдзем, — уздыхнула яна, яшчэ толькі нядаўна хацела прашаптаць мужу: «А можа, нам i праўда асмеліцца?..» — нават прыдумала ўжо, як апраўдацца, але як толькі пачула сухаватае i настойлівае: «Дык пойдзем?» — стрымалася і не пачала гаварыць мужу пра свае патаемныя думкі, бо яшчэ збаялася, ці добра не толькі дзеці, але i ён, Анатоль, яе зразумее...
Муж падняўся i сказаў, што пойдзе падкопваць на аторку — лапінцы пры хляве — бульбу, а яна няхай зараз падыдзе з кашамі. Сказаў i, не азіраючыся, выйшаў.
Вольга Пятроўна паднялася, паправіла засцілку на канапе. Па целе прабегла нейкая прыемная стома, здаецца, прыліло цяпло да шчок. Яна падышла да люстэрка, паглядзелася i ўбачыла, што напраўду на шчоках гарыць чырванец, i адчула, што гэта не звычайны чырванец, а палымяны, малады.
Яна аж збянтэжылася ад яго.
Можа, муж убачыў яго i крышку раней, заўважыў i сышоў.
Яна ж, пазіраючы на сябе, думала, што зусім яшчэ не старая, даволі маладая на твары i постаццю. I тут жа ўспомніла, што ёй пра гэта — што яна маладая i прыгожая — гаварыў нядаўна адзін мужчына. Ды не пажылы чалавек, а малады хлопец, новы настаўнік.
Ён, гэты новы настаўнік, прыехаў у ix школу ў сярэдзіне жніўня. Быў здалёку, але тутэйшыя настаўніцы ўжо аднекуль ведалі, што яму трыццаць гадоў, што ён быў жанаты, развёўся, будзе плаціць аліменты за дзіця.
Гэты Станіслаў Браніслававіч здаўся спачатку зусім не настаўнікам. Здаўся па сваім адзенні. Усе мужчыны-педагогі хадзілі на працу ў строгіх — аднаго колеру штанах i пінжаку — касцюмах, у белых кашулях i пры гальштуках, а ён, новенькі, прыйшоў першага верасня ў школу ў шэрых джынсах, на якіх былі жоўтыя замкі, прышыты скураныя жоўтыя латкі з малюнкамі, шырокі з вялікаю бронзаваю панругаю пояс, быў у рыжай скураной куртцы, у расшпіленай на верхні гузік кашулі.
З усімі ён, ні кропелькі не саромеючыся, хутка пазнаёміўся, загаворваў, гэтак жа хутка пазнаёміўся i з ёю, усміхнуўся, што яна вельмі прыгожая, гаварыў i пільна, нясціпла пазіраў у вочы i пазней стараўся і ў настаўніцкай на перапынках жартаваць толькі з ёю, зусім не гледзячы, што бянтэжыцца яна i бялее на твары яе муж ад гэтага. Да яе прыйшоў страх ад яго вось гэтай смеласці ды хітрасці застацца з ёю адзін на адзін i гаварыць ёй пяшчотным голасам толькі прыемнае.
А на днях, атрымаўшы першую плату, яны, настаўнікі, наладзілі невялікую гулянку. Патанцавалі. Анатоль не танцаваў, сядзеў у кутку з мужчынамі, то яна вальсіравала з жанчынамі i з ім, Станіславам Браніслававічам. Танцор ён быў вельмі спраўны, умеў лёгка круціцца, вадзіць яе вакол сябе, прыбліжаючы часамі так блізка, што яна ажно хвалявалася ад гэтага.
Станцаваўшы польку, яна выбегла на двор астудзіцца. Следам за ёю выбег i ён, наблізіўся i шапнуў: «Якая вы мілая! Я ўкаханы ў вас. Чуеце?..»
— Што вы гаворыце? — усміхнулася яна, махаючы перад тварам хустачкаю. — Я ваша маці.
— Я люблю вас, чуеце? — шаптаў ён i прыбліжаўся да яе. — Hi адна дзяўчына вам тут не раўня... Прыйдзіце заўтра ў восем да Каменнай гары... Я буду вас там штодзень чакаць.
— Гаворыце вы!.. — прамовіла яна, усміхаючыся. — Не хапала мне толькі ў сорак гадоў на спатканні бегаць... Апомніцеся, што вы гаворыце, малады хлопец?
Але бачачы, што ён набліжаецца i ці не думае прыхіліць яе да сябе, крутнулася ля яго i хутка падалася ў хату, села ля мужа i болей не танцавала, а пасля ўгаварыла яго ісці дахаты. Нічога яму пра нядаўняе не сказала, a ўжо лежачы ў пасцелі i ўспомніўшы гэта, усміхнулася сама сабе, гадаючы, што было б, каб яна ў свае гады пачала яшчэ хадзіць на спатканні. Думала так i аж ківала галавою...
«А я яшчэ i не старая, — зноў падумала яна цяпер, стоячы ля люстэрка, — i кахаць яшчэ ўмею, магу...»
A Станіслаў Браніслававіч сёння, як яна ішла з поля дахаты, як наўмысна чакаў яе ля магазіна, прывітаўся i выхітраваў, размаўляючы з Анатолем, шапнуць ёй, што ён учора чакаў яе ля Каменнай гары i сёння будзе чакаць, i так зірнуў, што ў яе перахапіла дыханне.
...Ля васьмі гадзін вечара, калі ўжо прыцямнелася, яны пазносілі i высыпалі ў склеп выбраную бульбу, вярнуліся ў хату i хуценька ўхадзіліся па гаспадарцы. Яна сказала мужу абіраць i варыць бульбу, а сама падаіла карову, пасля сасмажыла яешню.
Калі ўдваіх моўчкі i нехаця павячэралі, прыбралі са стала, яна сказала мужу, што ў клубе будуць паказваць сёння цікавае кіно, можна схадзіць i паглядзець.
— Ай! — стомлена ўсміхнуўся Анатоль. — Давай лепш тэлевізар паглядзім ці спаць ляжам, — i, калі гаварыў, шырока пазяхаў i меў такі лянівы выраз твару, што добра відаць было: ніякімі сіламі яго з хаты цяпер не вывалачаш.