Выбрать главу

— Ну, што ты такі? — Калі ён уключыў тэлевізар, сеў на канапе, яна падышла, апусцілася яму на калені, абняла за шыю.

— Фіранка не зацягнута — людзі ўбачаць.

— Ну i што? — спытала яна. — Хай бачаць. А ты вось вазьмі i панасі мяне на руках...

— Яшчэ што выдумай! — сказаў ён i ссадзіў яе з каленяў побач на канапу. — Хочацца табе яшчэ дзяцініцца!..

— Дзяцініцца, дзяцініцца! — перадражніла яна зласнавата, i ён, здаецца, зразумеў яе, адчуў нават тое, што яна хацела сказаць, але не сказала.

Адчуў, але зусім не змяніўся. Сядзеў i ўзіраўся ў тэлевізар, у якім пачалі паказваць футбол.

«А можа, той на ніякія спатканні не прыходзіць? — нечакана падумала яна пра Станіслава Браніслававіча. — Можа, ён толькі насміхаецца з мяне?» — падумала яна так, i стала крыўдна, што малады хлопец надумаўся пацяшацца з яе.

Як падумала так, адчула горыч, чамусьці ёй захацелася напраўду схадзіць да Каменнай гары i неяк асцярожна, незаўважна паглядзець: прыйшоў той туды ці i не думаў ісці.

— Нешта галава баліць, так хочацца пабыць на дварэ, — сказала яна, ведаючы, што Анатоль нізашто зараз не выйдзе з хаты.

— Ну, пахадзі па свежым ветры, — сказаў незадаволена ён.

— Пайду, — прамовіла з крыўдаю яна, — пайду i не вярнуся да цябе такога...

— А дзе ж ты дзенешся? — усміхнуўся ён.

— Пайду шукаць кавалераў...

— Ідзі, ідзі... — пакепліваў Анатоль. — Толькі ты ім i трэба...

— Што я — такая ўжо старая ці зусім збрыдчэла? — пакрыўджана спытала яна.

— А што — маладзенькая? — усміхнуўся муж i аж падскочыў да тэлевізара: на стадыёне футбалісты ў белай форме забілі гол у вароты футбалістаў у чорным.

Вольга Пятроўна нічога болей не сказала мужу, падалася з хаты.

На дварэ цяпер, пазнаватым вечарам, добра чулася ўжо, што стаіць восень. Было свежа, астыла дзённае цяпло, ад рэчкі папоўз холад, ды i раса пачынала гусцець надта холадна.

Вольга Пятроўна, скалануўшыся плячыма ад дрыжыкаў, выйшла на агарод i разораю падалася на сценку, а з яе — полем да Каменнай тары. Ішла i не хацела ісці, думала, на што ўсё гэта яна робіць, чаго ідзе, чаго хоча, што трэба вярнуцца назад, але i вельмі хацелася пайсці i паглядзець, ці прыйшоў той, ці сур'ёзна ён нешта задумаў...

Вольга Пятроўна многа абгінала, ішла да рэчкі, каб падысці туды не з поля i быць заўважанай, а непрыкметна прыблізіцца з другога боку, з кустоў.

Як пачала прыбліжацца да высокай гары, якую цяпер пачалі раскопваць на жвір, пайшла цішэй, затупала мякка, узіраючыся наперад i ўслухоўваючыся. Часта прыпынялася i падоўгу стаяла, уважліва слухала i стрымлівала дыханне. Але нічога ўбачыць i пачуць не магла, хоць ужо зусім блізка была ля гары.

Можа, вось так уся як ёсць i выскачыла б з кустоў на дарогу, каб не пачула цыгарэтны дым. Тады раптоўна прыпынілася, прыклала руку да сэрца: так яно нечакана затрапяталася. Затрапяталася, як толькі ў роскапні ўбачыла ў джынсах i скураной куртцы, маладога, з цыгарэтаю ў зубах, Станіслава Браніслававіча, які сядзеў на вялікім камені i курыў, пазіраючы амаль на яе.

«Што ён сабе думае, гэты чалавек, за каго мяне лічыць? — падумала яна i разам з тым неяк узрадавалася, што ён не насміхаўся, a напраўду прыйшоў сюды, лічыць яе яшчэ за зусім маладую. — Але што гэта я?..»

Яна, спалохаўшыся сама сябе, адступіла крок назад i зачапіла галавою галінку сасняку, i тая загайдалася. Заміраючы, яна пазірала на галінку, прасіла Бога, каб хлопец не заўважыў гэтага. Пастаяўшы яшчэ крышачку, яна ціхенька адышлася i хутка падалася адсюль, адчуваючы, што нешта зрушылася ў яе душы, як абуджаецца, здаецца, забытае маладое хваляванне, як штосьці нядобрае цягне яе вярнуцца назад, а не ўцякаць адсюль, бо яна, можа, уцякае ад сваёй маладосці, ад свайго цяперашняга шчасця i пасля будзе папракаць сябе за гэта...

...Калі падыходзіла да свайго дома, што амаль ужо зліўся ў цемені з садам, з паветрам i небам, убачыла ў акне лепшай палавіны сіняе святло ад тэлевізара. Падышоўшы бліжэй, да самых шыбін, зірнула i з самотаю, з нейкім пачуццём вялікай страты згледзела: муж, прылёгшы на правы бок, падкурчыўшыся, ужо спаў нераспрануты на канапе.

1974

Дуся
З расказу Паўла Ш.

— Дуся! — як толькі ён зайшоў i сеў на сваё любімае месца за тоўстай калонай, загукала прыбіральшчыца, якую тут усе называлі Пятроўнай. — Твой уздыхацель прыйшоў...

Зноў гэтая паджылая, невысокага росту, таўсматая кабеціна ў неахайным шэрым халаце змусіла апусціць вочы i, мабыць, пачырванець: яна, па-жаночаму прадчуваючы, што яму падабаецца афіцыянтка Дуся, не вельмі шануе яго пачуццё, ды ведаючы, што ў Дусі ўжо ёсць «хахаль», не вельмі высока цэніць той яе любоўны раман. Сказаць шчыра, ён, Павел, з самага першага знаёмства недалюбліваў Пятроўну, якая ў свой час, «калі была маладая i прыгожая», была ў абслузе ў засакрэчаным пансіянаце «і ўбачыла, чаго вы, дурні, ніколі не ўбачыце, i пажыла так, як вы ніколі не жылі i жыць не будзеце», пасля працавала ў рэстаране афіцыянткай, a калі распілася, пачала апускацца, трапіла сюды прыбіральшчыцай. Ад гэтага была злая, грубая i цынічная. Некалькі разоў, падвыпіўшы, яна спрабавала пагаварыць з ім; да слова, магла сесці, падперці падбародак далонню i таямніча запытаць: «Ты ведаеш, хто ён альбо той?» Называла прозвішчы мінскіх начальнікаў, ухмылялася, але не распускала язык. Толькі, здаецца, душылася ад злосці i гневу за тое, што шмат ведае, «такое магла б сказаць, што ў вас усіх вочы на лоб палезлі б», але «гаварыць не мае права».