Дуся была на кухні, брала там «тавар» — вось вярнулася з падносам піражкоў, пасля, не пазіраючы ні на Пятроўну, ні на яго, зноў пайшла на кухню i прынесла адтуль паднос са шклянкамі з сокам.
— Дуся, — ухмыльнулася Пятроўна, абапёршыся на швабру. — Уздыхацель памірае ад голаду!
— Ужо выпіла! — незадаволена адказала ёй тая, але, не бачачы каля буфета кліентаў, узяла блакноцік i накіравалася да яго.
Незвычайная была гэтая прывакзальная ўстанова — буфет, сталоўка i рэстаран заадно. Звычайна ўдзень тут харчаваліся праезджыя шафёры i пасажыры, дык заходзілі ў верхняй вопратцы, бралі падносы i самі выбіралі сабе харч, а вось ужо ўвечар заходзілі сюды па-іншаму — як у рэстаран, садзіліся за столікі i маглі заказаць не толькі закусь, але i пітво.
Ясна, было тут далека не шыкоўна i не вельмі ўтульна, не мелася розных далікатэсаў, заўсёды рэзка пахла кіслай капустаю, але вячэраць ён, Павел, заходзіў якраз сюды, як адчувала гэтая разбэшчаная Пятроўна, з-за буфетчыцы-афіцыянткі Дусі. Вось i цяпер касіў вочы, назіраў, якая яна i як ідзе: яшчэ маладая, крыху за дваццаць пяць гадоў, сярэдняга росту i круглаватая, у кароткай спаднічцы, паверсе якой беленькі фартушок, у ружовай блюзцы i ў белай касынцы з прыгожым узорыстым стаўбунком.
— Добры вечар, — ветліва павіталася i, апусціўшы вочы, разгарнула на чыстым аркушыку блакноцік. — Што жадаеце?
Ён не зусім разумеў, нават бянтэжыўся, што яна з ім такая ветлівая i ў той жа час стрыманая: з іншымі яна ўсміхаецца, жартуе, а то, бывае, можа на п'яных i хуліганістых накрычаць, а то, штурхаючы ў плечы, i рэзка выгнаць ix з будыніны. Значыць, яна мела свой характар, толькі з ім, як кажуць, афіцыйная.
— Калі ёсць, дайце, калі ласка, салату, добрае мяса з бульбай i чай, — з перарывістым дыханнем прамовіў ён, не могучы зірнуць на яе круглаваты тварык з трошкі кірпатым носам i з велікаватымі прыгожымі цёмнымі вачыма.
Запісаўшы ягоны заказ, Дуся адразу ж падалася на кухню, ведаючы, што ні гарэлкі, ні віна ён не просіць.
Не, ён не ксёндз, браў чарку, калі быў жанаты, напіваўся i часамі брыдка, калі развёўся (жонка, грызучы, што ён мала зарабляе ў школе, паперла яго ў заробкі на Поўнач, а сама на гэты час завяла сабе іншага ўсцешніка), i зусім ледзь не загібеў, калі апынуўся без работы, жылля i капейкі. Што ні кажы, трэба дзякаваць i дзякаваць за тое, што выцягся з багны, цяперашняму свайму сябру, капітану міліцыі, які не столькі абражаў, піхаў нагамі, мерыўся засадзіць, колькі здолеў адшукаць у яго розуме i душы, здавалася б, вельмі маленечкае, за што ён зачапіўся i выбраўся на святло i свежае паветра... Вось ужо два гады ён, Павел, працуе ў тутэйшай раённай газеце i не мае ніякіх нараканняў, нават больш — сёлета, увесну, ягоная былая жонка прасіла вярнуцца: каханец, які з год жыў з ёй, прыдбаў сына, «няўдзячна» пакінуў яе i пайшоў да сваёй сям'і. Можа, адолеў бы крыўду, гадаваў бы сваё i чужое дзіця, калі б жонка, бачачы яго зацятасць, зноў не папікнула: «Каб ты добра зарабляў, дык не паехаў бы ў свет, не было б яго, гэтага падманшчыка...» Адчуўшы, што сапраўднага сямейнага жыцця з ёй i цяпер не будзе, ён толькі адказаў: «Я i цяпер, як адчуваеш, не шмат зарабляю...»
Калі б захацеў, дык за апошні год мог бы асямеіцца. Рэдакцыйная машыністка хацела звесці яго са сваёй сястрой, незамужняй дзяўчынай амаль ягоных гадоў, гаспадыня кватэры раіла ўзяць замуж яе сяброўку-разводніцу. Паколькі быў мужчына сярэдняга веку, не мог не думаць пра жанчын; жаніцца не спяшаўся, а вось палюбоўніцу выцікоўваў. Можа, i знайшоў бы, каб не гэтая Дуся.
Яна, як зусім выпадкова ўведаў, была ўдава. Года паўтара таму яе муж з малым сынам наляцеў на матацыкле на машыну i загінуў. Не выжыла i дзіця. Дуся, як казалі, ледзь не звар'яцела, хацела кінуцца пад цягнік, пасівела, была як мумія. Ды жыццё прытупіла яе боль, скруху. Яна пакрыху акрыяла, адчула, што трэба жыць. Але адзін Бог ведае, чаму яна адмовілася ад салідных мужчын i прыстойных хлопцаў, а з сёлетняга лета звязалася з тым, каго Пятроўна называла «хахалем». Той не толькі вярнуў Дусю да жыцця, але падпарадкаваў яе сабе: ён, разы два судзімы, зладзюган i вымагальнік, нахабнік, як казалі, нават i не меўся браць яе замуж, меў толькі за сваю «кралю». Здаецца, ніхто не разумеў, з-за чаго Дуся дазволіла i сабе, i яму такое. Няўжо з-за абыякавасці да свайго лёсу альбо з-за таго, каб хутчэй змарнаваць сваю маладосць?