Зрэшты, калі Дуся несла Паўлу на падносе вячэру, заваліўся сюды i яе «хахаль» з такімі ж, як сам, сябрамі. Тут жа кінуў чэпкі позірк i на яго, Паўла, i на яе, сваю «кралю», але толькі на міг — паблізу сеў за вольны стол, ведаючы, што Дуся адразу ж падыдзе да яго.
Так i ёсць. Пажадаўшы Паўлу «смачнага», Дуся закрочыла да ix, чатырох, ужо на лёгкім падпітку. Відаць, выпілі ў кагосьці на рабоце; усе працавалі, хто грузчыкам, хто слесарам, але за сваю працу мала трымаліся, прамышлялі іншым, нават i рэкецірствам. Як гаварылі пошапкам, якраз яны спраўна абіралі, патрабуючы даніну, некалькіх тутэйшых кааператараў.
Павел еў адбіўную, бульбу з гарошкам i агурком, але не чуў сёння вялікага смаку: яго прыгнятала рэўнасць, усёдазволенасць Дусінага «хахаля». Мала таго што той абы-што вярзе Дусі, дык бессаромна ляпае, гладзіць яе па нешырокіх, але ладных клубах, а яна не асаджае, толькі адмахваецца. Калі Дуся хутка прынесла тым графінчык з гарэлкай, закусь, яны шумна, не саромеючыся, лаючыся i рагочучы, пачалі піць, жэрці, ведаючы, што ніхто не асмеліцца сыкнуць на ix.
Жадаючы хутчэй пайсці адгэтуль, Павел не дапіў чаю i падняўся. Ды тыя заўважылі гэта; «хахаль» — аднаго з ім росту, але толькі шырэйшы ў плячах, лысаваты i круглатвары, у чорным касцюме ды шэрым тоўстым свэтры, падхапіўся i, дачакаўшыся, калі ён наблізіцца, нахіліўся i, няшчыра ўсміхаючыся, запрасіў:
— Прашу за наш стол.
— Дзякую, — адказаў Павел. — Мне трэба ісці дамоў.
— Мы частуем вас.
— Кажу ж, не магу.
— Грэбуеце рабочым класам? — ухмыльнуўся той, але ягоныя калючыя шэрыя вочкі бліснулі нядобра. — Гегемонам?
Бачачы, што Павел не сядзе, а таксама тое, што ўсе, а заадно i Дуся за буфетам, назіраюць за імі, паказаў вачыма на стол, дзе ён толькі што сядзеў:
— Калі не жадаеце выпіць, дык дазвольце пагутарыць з вамі.
Нідзе не дзенешся, мусіў вярнуцца i сесці. У след за ім сеў i той.
— Можа, вы што хочаце сказаць мне, таварыш пісьменнік? — запытаў. Звышветліва, але з холадам i з'едліва.
— Па-першае, я не пісьменнік, a журналіст раённага маштабу, — адказаў Павел, намагаючыся не захвалявацца. — А па-другое, не маю патрэбы ў гутарцы з вамі.
— I не хочаце стаць маім малочным братам? — пакпіў.
Павел пра ўсё здагадаўся, але адцерабіўся:
— Я вас не разумею.
— Вы? — наўмысна здзівіўся «хахаль». — Майстра слова?
— Я не разумею, што вы хочаце ад мяне.
— Патлумачу, — той ухмыляўся, кпіў, гуляў, адчуваючы сваю сілу i перавагу. — Мне даносяць: вы падбіваеце клінкі вунь да той красуні, — паўз пляча паказаў пальцам на буфет. — Гэта — праўда?
— Выбачайце, яна — ваша жонка?
— Не. Яна — мая краля. Па запісной кніжцы i па кашальку. Ясна?
— Ясна, што вы не маеце на яе тыя правы, што мае муж.
— Я з ёй сплю, — выпаліў той. — Яна ад мяне зрабіла нядаўна аборт. — Павярнуўся, зірнуў на буфет. — Так Дуся?
Тая, канечне, усё чуючы, апусціла галаву.
— Дуська! — фальшыва заветлічаў яе каханец. — Скажы яму, што ты мая, што другога... табе не трэба.
Дуся ўскінула голаў, гнеўна стрэльнула на яго вачыма і, нічога не прамовіўшы, рэзка вымкнулася з буфета на кухню.
— Вось бачыце: пакрыўдзілі жанчыну, — пахітаў галавой нахабнік.
— Вы пакрыўдзілі i зняважылі, — прамовіў, мусіць, бялеючы, Павел. — Калі ўсё гэта i праўда, што мы чулі, дык не трэба гаварыць услых на людзях. Дуся i сваёй цяжкай доляй, i сваёй красой вартая ўвагі, пашаны i любові, а не пошласці i цынізму. Калі вы яе пакахалі, калі хочаце ашчаслівіць, дык бярыце замуж i шануйце, як вялікі скарб.
— А кажаце, што не пісацель!
— Я, ведайце, каб Дуся згадзілася быць маёй жонкай, не глуміўся б з яе.
— I пасля мяне?
— I пасля вас.
Той уперыўся злым позіркам, зажаваў ад нянавісці, а пасля зноў павярнуўся i загукаў-закамандаваў:
— Дуся! Ідзі сюды! Саступлю цябе пісьменніку! Але з адной умовай: ён будзе займацца тваёй душой, а я тваім целам...