Можа, нават лёс адпомсціў яму i за Іру Ламаку. Тая, як ведаў ён, як бачыў увесь клас, была самааддана ў яго закахана. Яна з незвычайным здзіўленнем ды з зачараваннем пазірала, як ён хораша адказваў на ўроках, паказваў спрыт i ўмельства на фізкультуры, дужаў, усюды браў верх над аднакласнікамі, чырванела, калі ён загаворваў да яе, i на ўроках пісала яму запіскі, папікаючы, што ён зашмат пазірае на некаторых дзяўчат, ці запрашала яго на спатканне. Ён-то загаворваў часамі да яе, але не зусім ласкава, даводзіў яе сваімі словамі да плачу, а на яе запіскі адказваў рэзка i непачціва.
«Іра, выкінь лухту з галавы, — звычайна перадаваў ён ёй калі-нікалі запіску з аднымі i тымі ж словамі. — Па-першае, вось што, міленькая: на каго хачу, на таго i пазіраю. А па-другое, перш чым марнаваць свой час, вучы болей алгебру i трыганаметрыю, бо будзеш мець у атэстаце тройку...»
Іра, атрымаўшы такі адказ, заўсёды апускала галаву i ціха плакала. Ён не шкадаваў яе. Наадварот, нават цешыўся: так табе, таўстуля, i трэба. Але Іра не адступала. Hi ў класе, ні ўвечар у клубе, куды яны ўжо не тоячыся хадзілі ў кіно альбо i на танцы.
I вось неспадзявана пад самы канец навучальнага года, у красавіку, заявілася ў школе Даўгапол. Яна была ўжо не вучаніца, але яшчэ i не настаўніца: летась, як хутка ўсе ўведалі, скончыла непадалёку, за вёрст пятнаццаць, дзесяць класаў, паступіла на завочнае ў педінстытут. Сюды, у Драўлянскую дзесяцігодку, яе прыслалі піянерважатай, бо іхняя ранейшая піянерважатая выйшла замуж i паехала ў горад.
Калі яна ўпершыню зайшла па нейкай патрэбе ў іхні дзесяты клас, усе не толькі здзівіліся ці ўразіліся, але i анямелі. Дзяўчаты, мабыць, пазайздросцілі: перад імі была яшчэ, лічы, іхняя равесніца, але ўжо не вучаніца, не падлетак, як усё яшчэ лічыліся яны, а самастойны чалавек. Той, хто ўжо працуе разам з настаўнікамі, бывае з імі на педсаветах, слухае ўсіх i кажа сваю думку, хто атрымлівае ўжо зарплату, мае i іншыя перавагі. Яна не была вышэйшая па росту за Іру Ламаку ці іншых дзесяцікласніц, але, маючы на год болей, была станістая, на гордай яе галаве была прыгожая прычоска, плечы вабна акругліліся, грудзі паглядна ўзвышаліся, ногі былі стройныя i лёгкія. I ў дадатак да ўсяго яна мела ўжо адмысловую — рухавую, крышку гуллівую — хаду. Адным словам, яна ўжо больш, чым вучаніцы, набрала жаночага хараства. Хлопцы пры ёй таксама заціхлі, не маглі адвесці зачараваных позіркаў.
Даўгапол, чамусьці сумеўшыся ад іхніх вачэй, ад яго, Віцевага, настойлівага позірку, успыхнула чырванню. Мусіць, зусім не чакала такой сустрэчы, душою адчула, што цяпер адчувалі да яе дзесяцікласніцы, збянтэжылася ад сваёй перавагі і, добра нічога не сказаўшы, вышмыгнула з класа.
На новым уроку Віця быў разгублены, няўважлівы. Ён мала слухаў, пра што гаварылі вучні, настаўнік, a калі яго паднялі i пра нешта запыталі, дык ён i не ведаў, пра што ў яго пытаюць, i, канечне, толкам не адказаў.
«Я ўсё бачыла, — пісала ў запісцы ў гэты дзень Іра. — Яна цябе ўразіла. Ты з-за яе страціў развагу. I дарэмна. Яна нічым не лепшая за нашых дзяўчат. Можа, толькі табе аднаму здаецца, што яна незвычайная...»
Ён на гэты раз нічога Іры не адказаў. I гэта, здаецца, больш пакрыўдзіла, прынесла ёй пакут, чым тады, калі ён адказваў рэзка i непачціва.
Не вытрываўшы, на апошнім уроку Іра прыслала яшчэ адну запіску. У ёй было ўсяго адно слова: «Дурань!!!»
2.
За некалькі дзён Віктар абсачыў i ўжо добра ведаў, у каго Даўгапол кватаруе, што яна робіць не толькі ўдзень, але i па вечарах.
Бадай увесь светлы дзень яна была ў школе, валтузілася-важдалася з вучнямі малодшых класаў. Здаецца, толькі i мільгалі па школьным калідоры, з класа ў клас яе сіняя спадніца, белая блузка i чырвоны гальштук на шыі, i няможна было запыніцца на ёй вокам. Тут была блізка, тут жа апынулася ўжо далека ці недзе нават схавалася. Увечар, да позняй ночы, яна была дома, нікуды не выходзіла, чытала i пісала за сталом — відаць, рыхтавалася да летняй студэнцкай сесіі.
Ён на другі ж дзень знаходжання Даўгапол у Драўляным, калі сцямнела, стаіўся каля гаспадынінага плота i праз шчыліну між дзвюма палавінкамі фіранак пазіраў на яе — на яе мочку вуха з задатою завушніцаю, на шчаку, на поўныя вусны, на кірпаты носік i высакаваты лоб, што часта зморшчваўся i нахмурваўся ў задуменні. Ён любаваўся, а яна чытала, пісала i, здаецца, адчувала, што нехта на яе пазірае: колькі разоў падымала галаву i пазірала ў акно, у шэры красавіцкі вечар, а пасля падымалася, падыходзіла да акна, адхінала фіранку i доўга ўгледжвалася ў красавіцкую цемень — ён тады мусіў з заміраннем сэрца адскокваць, хавацца за шуло i з трывогаю чакаць: выйдзе на двор ці не? Не, не выходзіла, вярталася i зноў садзілася за стол.