Выбрать главу

— Мы, бабы, Валодзька, незразумелы народ, — заасцярожнічала старая прайдоха.

— Ёй, бачыце, «мала грошай, пасцелі, ёй трэба было болей душы, ласкі, павагі». Ca мной яна «памылілася, дарэмна мне паверыла, што змянюся, яна палюбіла яго, інтэлігентнага чалавека!». Больш — яна, Пятроўна, падгледзела, як я яго аднойчы перастрэў i крамзануў ножыкам, падняла шурум-бурум, паклікала людзей i міліцыю. Яна мяне пасадзіла.

— Але вярнуўся во жывы i здаровы, дзякуй Богу, — падлешчвала яму Пятроўна. — Знойдзеш сабе іншую. Не горшую.

— У першы ж дзень сустрэў яе. Аж сэрца зайшлося: яшчэ пахарашэла. Але ад мяне, як ад чорта, адскочыла.

— Пакуль дружна жывуць, двое дзетак ужо.

— Дуся!!! — ціснуў той свой лоб далоняй, унурваў галаву i выў. — Такая баба! I чужая! Не мая! Я ж прасіў: ладна, не хочаш быць маёй краляй, будзь жонкай! Не, адмовілася, выгнала з кватэры, з душы... — Падняў галаву, спадылба зыркнуў на выпадковую субяседніцу, махнуў рукой грэбліва. — Пайшла вон, старая галёшына! — I да новай буфетчыцы-афіцыянткі: — Эй, шахіня, нясі яшчэ пузыр гарэлкі! Піць, гуляць будзем, заліваць сваю нуду-жуду!

— Дурны ты, дурны! — пахітала галавою тая. — Сам такую жанчыну страціў, сам губіш сабе жыццё!

1991

Ён i яна
З расказу Кастуся Ж.

...Ён не бачыў яе недзе каля паўгода. Цяпер спяшаўся з далёкай экспедыцыі, радасна прадчуваючы i малюючы ва ўяўленні іхнюю хуткую сустрэчу.

Па тым, што дзверы кватэры былі замкнёныя толькі на адзін замок i то не да канца, зразумеў: яна мела на руках ягоную тэлеграму, наўмысна адпрасілася з працы i цяпер, пад вечар, дома i чакае яго. Сапраўды, так: у прыхожай на невысокай карычневай абутковай скрынцы ляжалі яе сумка, пакет з кнігай i невялікім складным парасонам.

Ён ціхенька зачыніў за сабой дзверы, апусціў долу валізы i ўсцешна знерухомеў: ca спальні чулася любімая ім i ёю пяшчотная музыка — яны часта ўключалі яе, слухалі яе, а то, лепш сказаць, луналі пад яе ў паднябессе ў адмысловыя інтымныя хвіліны...

З хваляваннем ступіў у знаёмую, але цяпер вельмі мілую сэрцу залю — з недарагой, але прыгожай секцыяй, дзе былі посуд, кнігі i шафка для адзення, з высокімі белымі гардзінамі i адцягнутымі ў бакі карычневымі шторамі. На нізкім часопісным століку абапал глыбокіх мяккіх крэсел — букет ярка-чырвоных ружаў, пляшка сухога віна, сухая каўбаса i свежыя гуркі. Ен узяў са століка адзін са сподкаў, накрыў яго сурвэткай і, дастаўшы з унутраных кішэнь пінжака пераклееныя паперкамі кіпы дзесятак, дваццацьпятак i пяцьдзесятак, паклаў ix сюды, выцягнуў паперадзе сябе i з урачыстым, пераможным выглядам пакрочыў у спальню.

Яна не чула, што ён ужо зайшоў: стаяла спіной да яго i глядзелася ў люстэрка. У доўгім ванным бела-сінім халаце, з загорнутым ручніком на галаве, сярэдняга росту i сярэдняй паўнаты. Вось угледзела яго перад сабой, у люстэрку, борздка азірнулася, нават нібы ад нечаканасці спалохалася, як перад незнаемым мужчынам, захінаючы на сабе халат.

Ён молада прыкленчыў на адно калена на ходніку i падаў ёй сподак: на, вазьмі, мая каралёва, наш жаданы легкавічок, я як след працаваў i зарабіў на яго. Яна апомнілася, заззяла ад радасці, але сподка не ўзяла, нечакана гарэзна расхінула на сабе халат, паказваючы белаватыя поклічныя сцёгны, паўнаваты жывот, на якім, аднак, хораша кідалася ў вочы ямінка ад пупка, круглыя белыя грудзі, вабную шыю, — а я, бачыш, вось што для цябе маю i берагла. Ён падхапіўся, паставіў на блізкі стол сподак i, адчуваючы моцнае сэрцабіццё, шпарка ступіў раз-другі, моцна абняў яе пад халатам — яшчэ вільготную, цёплую, адмыслова пахкую мылам ды шампунем. Сустрэўшы яе адданыя вусны, па-маладому задыхнуўся ад доўгага i ўжо нясцерпнага пацалунка. У ім, гэтым пацалунку, усё было сказана без слоў: як яны сумавалі адно без аднаго, як чакалі гэтай хвіліны, як цяпер хочуць яшчэ большага.

Хмялеючы, ён ужо не мог падумаць ні пра ванную, ні пра столік з пітвом, баяўся выпусціць яе, трапяткую, жаданую, з рук хоць на хвіліну, асцярожна схіліў на засланы ложак. Пад любімую музыку похапкам сарваў з сябе апратку, i яны адразу ж сталі блізкія, адразу ж, без адмысловай перадлюбоўнай гульні, іхнія целы i душы ва унісон музыцы абзыўнуліся сваёй мелодыяй...