— А ведаеце што, бабы? — загарэлася Клава. — Давайце пакінем тут Аксанку, няхай папазіруе Максіму!
— Пакідаем! — рашуча секанула паветра дужай рукой Нюра. Кажуць, кулаком яна збівае з ног свайго мужа.
— А ты што скажаш, Аксанка? — Клава прытуліла да сябе тонкую рыжаватую дзяўчыну, якая цяпер палала ад сораму. — Папазіруеш? Можа, нават i без адзення? Чула, мастакі вельмі любяць маляваць голых жанчын, а пісьменнікі — пісаць пра ix.
— Не бянтэжце дзяўчынку, — прамовіла Ніка, засаромеўшыся. Ёй, здаецца, пачала не падабацца гэтая залішне вольная жаночая размова.
— Знайшла дзіцятка! Ёй ужо дзевятнаццаты год, — хмыкнула Клава. — Яна хоча замуж. Дык i трэба завабліваць жаніха.
— А ты легла б альбо села перад чужым мужчынам голая? — паўшчувала Мікалаеўна.
— Села б! — не сумелася тая. — Ды перад высокім i прыгожым! Толькі, на жаль, мая постаць ужо не тая. Вось каб такая, як у Нікі!
— Хопіць, Клава, распускаць язык, — незалюбіла Веліканава. — Што падумае пра нас Максім!
— Хай ведае: бабы ёсць бабы, — паклала яму руку на плячо Клава. — Хоць, кавалер ты наш адзіны, раскажы пра сябе. Які лёс закінуў цябе сюды?
— Самы звычайны, — усміхнуўся ён.
— Які? Раскажы!
— Вам гэта будзе не зусім цікава. Ды...
— От прычапілася да чалавека! — заступаючыся за яго, напала на Клаву Ніка. — У яго, можа, усё глыбока асабістае.
— Хіба мы не паважаем яго? — апраўдалася Клава. — Мы не чапляемся, мы просім расказаць, што прывяло яго сюды, да нас.
— Сцежкі-дарожкі мае, кажу, звычайныя, — бачачы, што не адмоўчышся i не аджартуешся, сказаў ён. Тым больш што не адчуў, каб Клава хацела зняважыць яго. — Сам я з беларускай вёскі, з вялікай сялянскай сям'і. Змалку любіў маляваць. Скончыў наш тэатральна-мастацкі інстытут. За дыпломную i за яшчэ некалькі новых карцін стаў членам Саюза мастакоў. Маляваў для музеяў, для сябе, афармляў кнігі i розныя выставы...
Паколькі ўсе жанчыны слухалі яго амаль не дыхаючы, апусціў галаву, пачаў спавядацца далей:
— Аднойчы трапіў на конкурс прыгажосці. На ім вельмі ўпадабаў адну маладзенькую студэнтку. Яна ўзяла толькі трэцяе месца, але была варта большага. Запрасіў яе папазіраваць... Закахаўся. Пажаніліся. Неўзабаве павінен быў мець кватэру, майстэрню — здавалася, жыві, працуй i радуйся. Усё няблага ішло i ў маёй «міс-3». Пераходзіла з курса на курс, удала спявала ў студэнцкім рок-гурце. Нават больш — яе агледзелі прафесіяналы, пачалі запрашаць да сябе. Паклікаў i кіраўнік ансамбля, які яна любіла да самазабыцця. Але яе кумір вылучыў перад ёй умову... Яна згадзілася... Я ўведаў гэта ад яе суперніц, змагаўся, але яна сказала мне: «Мастацтва мне даражэй за сям'ю...» Я не мог не падаць на развод. Пасля пакінуў горад i з'ехаў сюды...
Калі ён заціх, расчуленая Мікалаеўна запытала:
— А дзяцей маеце?
— Не. Яна не хацела ix. Каб ні на дзень не адлучацца ад эстрады.
— Вось гэтыя артысткі! — абурылася Нюра. — Распусніцы!
— Не ўсе, — сказаў ён. — Ёсць сярод ix i іншыя, харошыя.
— Вы i цяпер кахаеце яе? — сардэчна запытала Клава.
— Пакрыху забываю...
— Забывайце яе, яна вас не вартая, — параіла Клава. — Вы яшчэ сустрэнеце тую, якую пакахаеце. I яна вас пакахае.
— У Максіма ўжо няма ў сэрцы месца для жанчыны... — нечакана гулліва ўсміхнулася Ніка.
— Быць не можа, знойдзецца, — сказала Клава. — Якое ні цвёрдае, непрыступнае мужчынскае сэрца, але павінен быць у ім куточак i для жанчыны. Ды яшчэ ў мастака, у каго зусім іншая, чым у звычайных, душа! Так, Максім?
Ён усміхнуўся i паціснуў плячыма, чамусьці саромеючыся ў гэтую хвіліну зірнуць на Ніку — паружавелую, з ззяннем у вачах i пахарашэлую.
— Была б я маладзейшая, дык не данусціла б, каб вы маркоціліся адзін! — уздыхнула Клава. — Хоць бы мне маіх сорак! Я ім, — хітнула галавой на Аксану i Ніку, — паказала б жаночы парыў да любові з адзінокім маладым мужчынам!
3.
Пасля гэтага вечара Максіму было вельмі няпроста сустракацца з Нікай. Зрэшты, як адчуваў, ёй таксама. Яны пазбягалі бачыцца, загаворваць, а калі перакідваліся словам-другім пра што-небудзь жыцейскае, дык абое бянтэжыліся, мітусіліся i пунсавелі.
Паволі загадчыца клуба пакінула яго ў спакоі, дык ён, нарэшце, у цішыні i спакоі маляваў сваё запаветнае. I пачаў цыкл сібірскіх карцін з партрэта Нікі. Узіраючыся ў свае ранейшыя эскізы, ён спрабаваў па-свойму зразумець глыбокі смутак у яе вачах, дабрыню, што высвечваецца з душы на звычайным твары гэтай жанчыны, — нават не толькі дабрыню, але i нейкае шчырае i прывабнае хараство. Па меры таго як усё больш i больш на палатне пад фарбамі нараджалася іншая, «ягоная» — i зямная, i трошкі адухаўлёная — Ніка, Максім ужо не толькі адчуваў, але ўпэўніўся: не, ён не захапіўся Нікай, як у свой час сваёй «міс», a закахаўся ў яе, як у жанчыну i чалавека.