Хутка, праз нейкі тыдзень, ужо ўсе вучні старэйшых класаў ведалі, што ён закахаўся ў новую піянерважатую; мабыць, чуткі дайшлі i да Даўгапол, бо яна пачала рашуча пазбягаць яго. Ён жа, наадварот, пачаў хадзіць за ёю, як кажуць, следам — стараўся сустрэць яе на калідоры ці на дварэ, убачыць у якім-небудзь класе, загаварыць, папрасіць, каб яна дазволіла ёй у чым-небудзь памагчы. Яна, чырванеючы, коратка, адным-двума словамі, адказвала, адмаўлялася ад яго помачы i знікала з яго вачэй быццам па нейкай сваёй вельмі пільнай справе.
Ён спакутаваўся, змарнеў. Яго яшчэ не загартаванае сэрца не вытрымлівала нечаканай паводкі пачуццяў. Адчуваў: мусіць пагаварыць з Даўгапол. Не пагаворыць, не скажа, што ў яго на сэрцы, не ўведае яе думак — зусім зняможацца. Але не ведаў, як i з чаго пачаць. Пісаў ёй дома, на ўроках у школе процьму запісак, лістоў, але ўсё рваў: здавалася, піша то цьмяна, то кепска, зусім не тымі словамі. Ад разгубленасці, бяссілля аж страціў сваю былую дзёрзкасць ды рухавасць, стаў збянтэжаны, няўклюдны. Калі б хто яму сказаў раней, што ён будзе такі, дык ніколі не паверыў бы. А цяпер i сам пераканаўся: каханне — не толькі ўзнёсласць, але i вялікі цяжар, вялікая пакута. Яно ўсё пераварочвае ў душы, туманіць розум.
Аднакласнікі, канечне, бачачы яго пакуты, прыціхлі ў зацікаўленым чаканні, што ж будзе далей. Іра Ламака хадзіла ў школе i па-за школаю засмучаная, наплаканая. Яе, можа, не толькі прыгнечвала яго абыякавасць да яе, але i разгубіла, уразіла да роспачы яго нечаканая закаханасць да новай піянерважатай, падкошвала маладая рэўнасць.
Неўзабаве напружанне, пакуты выбухнулі болем. На школьным вечары, прысвечаным Першаму мая. Ужо тады, калі адбыліся ўрачыстая частка, невялікі канцэрт i пачаліся танцы.
У Драўлянскай школе настаўнікі не асцерагаліся рабіць для вучняў танцы, запрашаць на ix вясковую моладзь — сваіх выпускнікоў ці зусім незнаемых людзей. Яны лічылі, што трэба вучняў змалку вучыць танцаваць старыя i новыя танцы, культурна паводзіцца адно з адным, з гасцямі, а гасцям таксама трэба ўмець абыходзіцца з дзецьмі, з настаўнікамі. Ён, Віктар, заўсёды быў спакойны, што на школьныя вечары прыходзілі i пастароннія, але сёння адзін госць прыйшоўся яму не даспадобы. Лепш было б, каб той сюды не заявіўся, увогуле не ведаў у Драўлянае дарогі...
Танцавалі ў спартыўным зале. Іграў школьны аркестр, якім кіраваў настаўнік спеваў, танцавалі настаўнікі, вучні, госці. Падахвочаныя, асмялелыя, кружыліся ў вальсе ці вытупвалі танга, здаецца, самыя сарамлівыя i няўмелыя, а ён, Віктар, як усе кажуць, добры танцор, не весяліўся, стаяў у кутку зала каля складзеных матрацаў i з заміраннем сэрца, з рэўнасцю кідаў позіркі на непажаданага госця — высокага чарнявага хлопца ў куртачцы, з чорнымі вусікамі, — які ці стаяў каля Даўгапол, штосьці нашэптваў ёй на вуха, i тая радасна ўсміхалася, ці раз за разам запрашаў яе на танец. Адным словам, ад Даўгапол ні на крок не адыходзіўся. Ён, як казалі, быў яе аднавясковец i сёння прыехаў сюды на матацыкле. Можа, сам прынёсся, можа, i яна запрасіла.
Віктар ні на хвіліну не выпускаў ix ca свайго поля зроку. Даўгапол жа нават ні разу не зірнула на яго, нібы i не бачыла. Ці яму здавалася, ці так яно было i на самай справе, але сёння яна была казачна прыгожая — у белых туфліках, ліловай сукенцы, з завіўкаю, лёгкая, спрытная. Бянтэжачыся, ён не мог асмеліцца запрасіць яе на танец. Ды замінаў i яе даўганогі вусаты аднавясковец.
Калі зайгралі дамскі вальс, Даўгапол адна з першых у зале запрасіла партнёра на танец. I канечне ж яго, гэтага задаволенага шчасліўца. Ад рэўнасці, пакуты ў Віктара аж зайшлося сэрца. Каб не бачыць гзтую парачку, ён думаў ужо цішком пакінуць зал i пайсці дадому. Але, нібы адчуўшы толькі маленечкі яго pуx, тут жа да яго пакіравала Іра Ламака. Гэтае яе запрашэнне было яму зусім не мілае, недарэчнае, але нідзе не дзенешся, мусіў пайсці танцаваць. Заўважыў: кружачыся i ўсміхаючыся, Даўгапол упершыню затрымала на ім позірк, нібы зацікаўліваючыся, хто ж яго запрасіў на белы вальс. Але толькі на міг. Бо неўзабаве зноў стала да яго абыякавая, пазірала ў вочы свайму партнёру, пасміхалася i легка кружылася.
Віктар танцаваў моўчкі, стараючыся не пазіраць на Іру. А яна, відаць, рыхтавалася да гэтага вечара, бо была ў новай прыталенай блакітнай сукенцы, здаецца, з такою ж пышнаю, як i ў Даўгапол, завіўкаю, з жоўтымі завушніцамі, лёгкая, увішная. Яна зрэдзь падымала галаву, намагаючыся зазірнуць у вочы, але тут жа зноў апускала: ён не зважаў амаль на яе, быў побач у думках з іншай, бо выцікоўваў, дзе Даўгапол, што яна робіць, як паводзіцца.