Выбрать главу

— Дазвольце назвацца: старшы лейтанант Жураўлёў!

Яна не паспела ні абурыцца, ні ўсміхнуцца, толькі здзівілася: нечакана, нібы з-пад зямлі, паўстаў, загарадзіў дарогу вайсковец, падняўшы правую руку да блакітнага аколыша фуражкі. Пакуль яна, запыніўшыся, папраўляла раменьчык ад сумачкі-касметычкі на левым плечуку, ямчэй брала ў правую руку пакет з памідорамі, якія толькі што купіла ў вулічным кіёску, i заадно акідвала позіркам гэтага неспадзяванага зуха — высакаватага, стройнага i пагляднага, — той смела сваволіў далей:

— Дзяўчына, выходзьце за мяне замуж!

Цяпер ужо яна прыкінула: перад ёй звычайны юрлівы залётнік, але чамусьці — можа, i таму, што быў добры настрой, — не зазлавала, а нават пагарэзавала:

— Я — не дзяўчына.

Ён апусціў руку i нібы засмуціўся:

— Вы — замужам?

— Не, — усміхнулася. — Але не тая, што вам трэба вось так адразу...

— Якраз тая, — суцешыўся. — Дазвольце, — i даволі рашуча ўзяў з яе рук пакет з памідорамі, закрочыў побач.

Яна ўжо не зразумела самую сябе: дагэтуль не толькі не дазваляла незнаемым мужчынам прычэплівацца, але нават гуляць з ёю вачыма i няшчыра-спакуслівымі словамі, а вось сёння, тут не толькі не адганяе бойкага заляцаку, але нават адчувае да яго нейкую гарэзную цікаўнасць. Што ж, падумала, паглядзім, што будзе далей, наколькі хопіць у яго красамоўства i прыстойнасці.

— Вы, канечне, прабачце, — ужо не брава, а спаважліва прамовіў той. — Я, мабыць, здаюся вам нахабнікам. На самай справе гэта не так. Я прыехаў сюды з далёкага азіяцкага гарнізона, у мяне ў запасе ўсяго адзін сённяшні дзень, дык вось змушаны...

— ...адрываць падэшвы на хаду... — даказала яна i зірнула на яго.

«Здаецца, як i мне, гадоў дваццаць шэсць, лоб высокі, разумны, бровы густаватыя, вабныя, вочы глыбокія, блакітнаватыя, добрыя, нос кірпаваты, але добра падыходзіць да худаватых шчок, а вусны паўнаватыя, лагодныя, форма не новая, але дагледжаная...»

— Зусім не, — збянтэжыўся кавалер. — Паверыце ці не: пакуль вы бралі памідоры, разлічваліся i перакінуліся словам-другім з прадаўшчыцай, я назіраў за вамі i адчуваў: закахаўся. З першага позірку.

— I часта такое ў вас? — пакпіла, бачачы, што i ён пільна азірае яе постаць, твар.

— Я не шмат бачу жанчын-славянак. Некаторыя падабаюцца, але каб закахацца з першага позірку, — дык сёння першы раз.

— Дык я, па-вашаму, красуня? Німфа? Фея? Ці толькі паглядная краля?

— Навошта вы так? — сумеўся. — Я гавару праўду. Будзьце ласкавы: скажыце хоць, як вас зваць.

— Вельмі проста: Зіна.

— I ў мяне ўсё простае: Жураўлёў, Міша. Халасцяк, які марыць знайсці не фею ці німфу, а вартную дзяўчыну, ажаніцца i быць добрым мужам ды бацькам. Вы згодныя стаць афіцэравай жонкай? Пакінуць свой утульны Мінск i паехаць са мной у азіяцкі горны гарнізон?

Зіне здалося, што ён ужо не толькі не зухуе, але шчыры, вабіў i вабіць душэўнасцю, але яна рашыла астудзіць яго:

— Я ж казала: я — не дзяўчына. Разведзеная. Ды i не ведаю добра сама, ці, як вы кажаце, вартная.

— Дзеці маеце?

— Не.

— Паслухайце, Зіна, — запыніўся, зірнуў з маленнем ёй у вочы. — Вы — мой лёс. Я ехаў сюды па новы салдацкі набор i адчуваў: штосьці павінна змяніцца ў маім жыцці. I вось, ідучы па праспекце, зусім выпадкова заўважаю вас. Маё сэрца аж падскочыла: калі гэтая чарнявая, стройная, мілая, з добрымі вачыма незнаёмка незамужняя, дык яна — толькі для мяне!

— Вось як... — Разгубілася ад яго такога запалу, адчуваючы, што падскоквае ўжо, непакоіцца яе сэрца.

— Вы — настаўніца? Урач?

— Не. Я чалавек «сухой» прафесіі. Бухгалтер.

— Але вы вельмі жывая, пяшчотная i нейкая цёплая...

— Я звычайная.

2.

Назаўтра, едучы на работу, Зіна не верыла сама сабе, што нібы ў сне, нібы наяве ўтварыла ўчора: паблукаўшы па горадзе, дапусціла незнаёмага чалавека ў сваю аднапакаёўку, выпіла з ім віна, патанцавала пад грампласцінку, а потым, адчуўшы галавакружэнне, аддалася яму. Ды мала сказаць — была блізкая з ім, яны вуркаталі, галубіліся ўсю ноч, яна ніколі дасюль не чула столькі мужчынскага шэпту, пяшчоты i поціску дужых рук, столькі не знемагала ў слодычы i стоме. Ёй здавалася: усяго гэтага не было, як i ранішняга развітання, апошняга дыхзаймальнага абдымку i пацалунка, яго клятвы, што яна ўжо яго жонка, а ён яе муж. Каб упэўніцца, што гэта ўсё так, яна раз за разам адчыняла касметычку i даставала лісток з ягоным адресам i тут жа, бачачы прыгожы почырк, адчувала, што адмыслова смыляць яе вусны, хораша пачуваюць сябе, здаецца, усё яшчэ трапяткія клубы, абласканыя грудзі i спатоленая плоць у парыве маладой страсці i што сэрца як ніколі б'ецца роўна i спакойна ці, лепш сказаць, нячутна. А да ўсяго ёй здавалася, што гэтага Жураўлёва («Мой залётны птах, журавель!» — шаптала яму ўчора) ведае ўжо даўным-даўно, нібы на свае вочы бачыла, як ён нялёгка жыў з пакінутай бацькам маці, як падрастаў i добра вучыўся, стаў афіцэрам.