Выбрать главу

Я з жартам згадзіўся: што ж, пакажы яе, што пакутуе без мужчыны. Зірну, ацаню сваім вокам: прывабіць — так i быць, няхай пагрэецца каля майго боку. Не ўпадабаю — бяда малая, яна — адной сцяжынаю ад мяне, а я — іншай ад яе.

Сустрэліся мы з той («пакутніцай», як я назваў яе за вочы) у сестрыной кватэры. Я чакаў, што ўбачу непрыгожую i нязграбную мымру, якую абыходзяць нават самыя заняпалыя мужчыны, ажно не, насуперак сваёй спапярэдлівасці паўстала перада мной маладая, гадоў дваццаці пяці-сямі, сярэдняга росту i паўнацелая маладзіца.

Мяне адразу ўразілі яе вочы. Не кіргізскім разрэзам i не чарнявай глыбінёю, а смуткам, а то яшчэ i сорамам. Значыць, душа яе была спакутаваная, сілы сцісклыя, з-за чаго яна не магла ні весела ды задзірыста стрэльнуць позіркам, ні заззяць усмешкаю, што, бывае, вельмі прыгожыць жанчыну. А што да яе цела, дык паўнаватасць была дарэчы: яе харашылі развітныя грудзі, стройныя ногі ды вабна акруглыя клубы, а да ўсяго яе прыемна i прыварожліва аздоблівала свежасць ды адмысловая жаночая чысціня, што даецца асобе шчырай i высакароднай. Праўда, калі яна, гэтая Рэня, забывала пра тое, што яе мучыла, усміхалася, дык, сапраўды, ад усмешкі яснела, азаралася жыццярадаснасцю. Калі ж спахоплівалася, зноў смутнела, сціскалася i напружвалася.

Пасля вячэры я праводзіў яе дадому. Але далей свайго аўтобуснага прыпынку мяне не пусціла: паасцерагалася, каб не падгледзелі яе з мужчынам суседкі i не нашапталі пра гэта свекрыві. Калі я папрасіў нумар яе тэлефона, яна зусім спакойна, толькі пільна-пільна зірнула мне ў вочы:

— Навошта?

На табе, ледзь не ўхмыльнуўся я! Шукае мужчыну-суцешніка, а тэлефона даваць не хоча! Дзеля чаго такая гульня? Ці, можа, я ёй не спадабаўся? Але ж многія жанчыны кажуць, што я — статны i разумны мужчына.

— Навошта? — усміхнуўся я. — Каб яшчэ раз сустрэцца з вамі.

— Навошта? — паўтарыла яна тое ж слова i тым жа нібы асуджальным голасам.

«А мы з характарам ці з капрызамі», — падумаў я, а ўголас запытаў, як лічыў, зусім натуральна:

— Чаму я, халасцяк, не магу зноў убачыць прыгожую жанчыну?

— Я — замужняя, — адказала яна.

— Мяне гэта не бянтэжыць, — не адставаў я, праўда, захоўваючы тактоўнасць i не гаворачы пра тое, што ведаю, дзе цяпер яе муж.

— У мяне — дзіця, свякроў строгая... — Здаецца, на гэты раз быццам пачала бараніцца ці, лепш сказаць, пераконваць сама сябе, чаму ёй не трэба сустракацца з чужым мужчынам.

— Ім неабавязкова гаварыць пра тое, што вы хочаце пабачыць маладога сімпатычнага чалавека.

— Хіба я вам сказала, што хачу сустрэцца з вамі?

— Не сказалі. Але сустрэцца з вамі хачу я: вы мне вельмі прыемная.

Рэня раптоўна запунсавелася i, здаецца, завагалася:

— Я не маю тэлефона. У нашай майстэрні ён будзе толькі праз тыдзень-другі.

— Тады, калі ласка, вазьміце мой хатні i рабочы тэлефоны. Стане маркотна ці, наадварот, радасна, захочацца пабыць не адной, а з чалавекам, якому вы спадабаліся, пазваніце. Ну, a калі ён, гэты чалавек, вам абыякавы, дык, што ж, не зважайце на яго...

— А вы — хітрун вялікі! — усміхнулася яна. І зычліва. Значыць, я ўсё ж знайшоў нейкі ключык да яе сэрца.

Яна ўзяла маю візітку. Але не падала знаку ні праз дзень, ні праз тыдзень.

— Нейкая дзіўная твая знаёмая,— сказаў я сястры.— Шукае мужчыну, але гуляе.

— Яна ж жанчына, — адказала тая з усмешкай. — А ты хіба не ведаеш, што мы, бабы, народ асаблівы. Мы хочам, каб мужчына лічыў цябе за самую-самую, дабіваўся не толькі сілай, але i ласкай!