Выбрать главу

— Я ж не юнак, i яна не дзяўчынка.

— Яшчэ раз табе кажу: яна — жанчына!..

Прызнаюся, я тады яшчэ не разабраўся, што мая сястрыца падманула мяне: на самай справе Рэня не прасіла яе падшукаць ёй мужчыну, таму для яе, Рэні, мае залёты былі, як i трэба, нечаканыя, насцярожлівалі. Што да мяне, дык я пачаў ужо забываць пра гэтую, як лічыў, самотную майстрыху, падкочваўся ўжо да паўнагруднай i з гуллівымі вочкамі касіркі з магазіна, як нечакана Рэня пазваніла i нават з гарэзнасцю:

— Гэта — адна вашая знаёмая. Не забыліся, хто іменна?

— Паколькі за апошнія два тыдні варункаў з жанчынамі не меў, дык пазнаю апошнюю: Рэня з сумнымі вачыма, — пажартаваў я i слова за слова ўгаварыў яе сустрэцца. Яна згадзілася, але толькі на тое, каб разам схадзіць на новы замежны фільм, ад якога ў горадзе быў проста фурор. Неўзабаве мы разам пабывалі ў тэатры, пачалі заходзіць у розныя магазіны. Калі яна дазволіла пацалаваць яе i калі аднойчы згадзілася зайсці ў мой аднапакаёвік, я самаўпэўнена палічыў, што заваёва мая трывалая, a поўная перамога блізкая. Нават здзівіўся: казала, што я хітры, ажно сама хвацкая i ўдатная — павадзіла за нос i змусіла закахацца ў яе.

Трапіць у мае жытло яна-то трапіла, нават дазволіла ў прыхожай прыціснуць да сцяны i прытуліцца ўжо з ясным намерам, але вялікай волі маім рукам не дала:

— Астудзіся! Пакажы, як ты жывеш без жанчыны.

Яна ўчэпіста, па-жаночаму агледзела вешалку з маім паношаным i не зусім дагледжаным адзеннем (да слова, на пінжаках не было ўсіх гузікаў, а на плашчы — чэпліка), a ў залі адразу ж акінула пільным позіркам выцертую накідку на канапе, некалі белую, а цяпер паджоўчаную занавеску на акне, заплямленыя пальцамі шкліны ў кніжнай шафе i зусім лагодна ці са спачуваннем усміхнулася:

— Гультай ты, аднак жа!

— Згодзен, — адказаў я, зноў спрабуючы сціснуць яе ў абдымку. — Хоць мужчына не зробіць тое, што ўмее рабіць спраўная i дбайная жанчына.

— Хочаш я навяду ў тваёй кватэры бляск?

— Хачу. Але я хачу i іншае, што дае свой бляск у душы...

— «Не спеши!»... — Рэня сціснула мне дзюбку носа i вызвалілася з маіх рук.

Ды я, узбуджаючыся ад таго, што яна такая павабная i спакусная ў прыталенай белай сукенцы з чырвоным раменьчыкам, не мог ужо не толькі не прытульваць яе, але і, урэшце, сілай кульнуць на канапу, раз'юрыцца ад блізкага i жаданага цела. Мая жарская пожадзь была ёй неабыякавая, яна не толькі папунсавела, але пачала нават брацца чырвонымі плямінамі на шчоках, ды i адчайна абаранялася, i рашуча адштурхоўвала:

— Не трэба!.. Супыніся!.. Нічога не будзе!..

Я проста раз'ярыўся, палаў ад сухой гарачыні, ужыў усю сваю сілу, але здолеў толькі ўбачыць i адчуць рукамі яе тугія i белыя сцёгны: Рэня, сабраўшы сваю немалую моц, рэзка i груба адшпурнула мяне на падлогу. Сама падскочыла з канапы і, папраўляючы на сабе сукенку, абурылася:

— Я думала: ты — прыстойны чалавек. А ты як i ўсе...

— Ты ж — маладая жанчына, я таксама яшчэ не стары мужчына... — душачыся ад прыкрасці i злосці, адказаў я. — Ці ты лічыш, што ў нас павінна быць толькі піянерская дружба?

Яна павярнулася i, прыжмурваючыся, зірнула мне не ў вочы — у душу, здаецца, апякаючы яе сваімі пакутай i болем:

— Ты — што? Зусім не паважаеш мяне?

— Каб я цябе не паважаў, дык чаго я знаўся б з табою! — адказаў я, сам ужо адварочваючыся. — Я кахаю цябе. А таму i жадаю. Ты ўжо для мяне самая жаданая.

Яна падышла, уткнула твар мне ў сніну:

— Выбачай, але я вось проста так не магу... Трэба ж дапусціць іншага мужчыну, здрадзіць мужу... Як пасля быць з ім?

— Тады навошта змусіла мяне закахацца ў цябе?

— Я i сама не ведаю... Ты паклікаў — я пайшла насустрач... Цяпер вось сумятня ў душы...

Я павярнуўся, i мы глыбока зірнулі адно аднаму ў вочы. Што да яе вачэй, дык яны былі лагодныя, цёплыя, нават у ix быў добра зразумелы мне покліч. Мы моўчкі прыпалі адно да аднаго i надоўга суцішыліся ў трапяткім пацалунку. Рэня прыціснулася ўжо да мяне ўсім станам, а потым, адарваўшыся ад пацалунка, выдыхнула:

— Буду твая. Толькі ты пачакай. Я сама падам знак, калi i ты станеш мне жаданы... Калi ўжо не змагу жыць без цябе... Тады я аддамся табе i, ведай, шмат запатрабую ад цябе... А цяпер, мой харошы, давай сядзем, пагаворым. Мы ж яшчэ мала ведаем адно аднаго.

Мы селі на канапе, узялі адно аднаго за рукі.

— Раскажы мне пра сваю жонку, — папрасіла Рэня. Дзіўны люд гэтыя каханкі: i тыя, ранейшыя, перш чым аддацца, распытвалі пра маю былую жонку.

— Выбачай, але я не люблю расказваць пра яе, — i Рэні я сказаў так, як i іншым. — Я не магу яе пахваліць, але i абгаворваць не хачу. Ды яна ўжо замужам, цяжарная ад новага мужа.