Выбрать главу

— Ты яе кахаеш?

— Цяпер — не. Люблю, i любоўю пакутлівай, толькі дачку. Ды яе маці настроіла супраць мяне. Мы не бачымся.

— Ты не спрабаваў зноў ажаніцца?

— Не.

— Але меў жанчын?

— Збягаўся i разбягаўся... А цябе кахаю. Калі згодная, дык выходзь за мяне замуж. Вось паглядзіш: буду добрым мужам.

— Я ж не разведзеная, — уздыхнула яна.

— А можаш развесціся?

— Падумаю. Час жа ёсць: яму яшчэ сядзець болей пяці гадоў.

Я пацягнуў яе да сябе — Рэня зразумела мой душэўны парыў, паслухала i села мне на калені ды абняла за шыю. Мы моцна i еднасна пацалаваліся; цяпер яе вусны, як ніколі дагэтуль, былі раскрытыя i падатныя, i руку маю са сваіх сцёгнаў яна не адкінула. Душой, мабыць, зразумела, што цяпер не буду насільнічаць, а захачу папяшчоціць яе.

— Ох, гэтая твая правая рука! — Пасля паклала на яе сваю далонь. — Гэтакая нясцерпная i гарачая!

— Яна хоча лашчыць цябе. Дык ці трэба за гэта яе папікаць? — гулліва адказаў я на яе мілую гуллівасць.

— Даб'ецца зарана свайго — можа задаволіцца, а то i астынуць...

— Такое цела, як у цябе, не можа не вабіць яе...

— А не здаецца табе, што я ў свае гады запоўная?

— Паўната паўнаце розніца. Твая — вабная i панадная. Вялікая радасць лашчыць цябе позіркам i рукамі.

Яна зноў сціснула дзюбку майго носа:

— Вось ты які! Пажаднік! A казаў, кахаеш!

— A хіба сапраўднае каханне можа быць без гарачай пажаднасці?

— Мабыць, не, — згадзілася, уздыхнула яна. — Я вось да свайго мужа не адчувала яе, гэтай пажаднасці. Не скажу, што ён слабы, але ён грубы, думае толькі пра сябе. Ён увогуле грубы, двурушны, цынічны, для яго нічога няма святога. Ён працаваў у ахове, навучыўся біць людзей. Біў i мяне, i маці сваю. Злодзей адпеты. Яго i пасадзілі за тое, што з хаўруснікамі краў у калгасе бычкоў i забілі вартаўніка. Ён мне зусім чужы. Я з жахам думаю пра той час, калі ён вернецца. I са страхам непакоюся, што мяне гэтак павабіла да цябе, мой харошы...

— Але чаму мы не можам кахаць адно аднаго? Быць мужам i жонкаю?

— Для цябе, Сеня, можа, усё i проста. Для мяне — не... Я нават не хачу гаварыць табе пра ўсе свае трывогі: нашто, каб трывожыўся, перажываў i ты?..

— Але цяпер, калі ты згодная быць маёю, у нас многае павінна быць адно. Трывогі i клопаты — таксама. Я хачу памагаць табе.

— Ёсць ты — i ўжо добра, мой харошы, — прамовіла шэптам Рэня. — Можа, не страну веру ў мужчын...

— Вось чаму ў цябе такія сумныя вочы!

— I цяпер?— усміхнулася.

— У апошні час яны, здаецца, павесялелі.

— Бо, мой харошы, павесялела на маёй душы... — Рэня ўжо сама прыпала да маіх вуснаў.

Карацей, Рэня пасля гэтага дня мела ўжо ад маёй кватэры ключ; яна заходзіла сюды, калі хацела, i сама, без ніякай маёй просьбы пачала наводзіць лад i чысціню: пабяліла столь, змусіла садраць старыя i паклеіць новыя шпалеры, абцягнуць новым палатном канапу i крэслы, перафарбавала вокны, дзверы, падлогу, батарэі i трубы. Мала што яна паспрыяла маёй кватэры стаць прыгожай i ўтульнай, дык яшчэ пакрысе адвабіла аднаго за адным сабутыльнікаў i мяне самога засцерагала ад лішняй чаркi, ласуючы мяне блінамі з тварагом i мясам, рознымі запяканкамі ды кашамі, булёнамі i поліўкамі... Я проста на вачах пасвяжэў i пагладчэў, а то нават i амаладзіўся, пачаў больш пісаць, часцей друкавацца, а значыць, узбіўся i на капейку, ужо не толькі за паўмесяца, але нават за дзень да зарплаты не гадаў, у каго б пазычыць рубель-другі. У нас з Рэняю амацавалася слова «наша». «Хадзем у нашу кватэру», «Дзе наш нож?», «Пусцее наш халадзільнік...». Мы па-ранейшаму цалаваліся, туліліся, але Рэня ўсё не падавала знаку, што нам трэба быць яшчэ бліжэйшымі.

...Тады, у суботу, яна зайшла да мяне з раніцы з пакоўнай сумкаю i тортам. Як цяпер бачу яе тую: у чорных туфлях на высокіх абцасах, у блакітнай сукенцы i, як заўсёды, з раменьчыкам, што спрыяе акрэсліць высокае пагруддзе i шыракаватыя клубы, з новай завіўкай, светлая i ззяючая. Я, скажу шчыра, ажно аталапеў ад таго, як яна сёння здолела проста, але ўмела аздобіць сваю жаноцкасць. Бачачы мае здзіўленне i захапленне, яна ўсміхнулася:

— Што — я сёння новая?

— Чароўная! — адказаў я, беручы ад яе пакункі.

— Я зусім простая, — паблазнавала.

— Але з простай умееш пераўтварыцца ў цудоўную! — пацалаваў яе ў шчаку.

— Ты ці наўмысна падхвальваеш мяне, ці...

— Не ведаю, — перапыніў яе, тулячы. — Можа, я i аслеп, бачу на табе i ў табе тое, што хачу бачыць...

— Добра гаворыш, — прылашчылася. — Прыйдзецца цябе ўзнагародзіць...

— Але ж ты, здаецца, забегла сюды на хвіліну-другую, бо i на гэтыя выхадныя паедзеш у вёску.

— Сёння — не, — адказала. — Гэта я сказала свекрыві, што паеду да бацькоў. А на самай справе суботу i нядзелю хачу пабыць з табой. Ты не супраць?