Выбрать главу

Калі распрануўся i зайшоў у залю, дык аж запыніўся i замёр: на нашым з Рэняй століку, што быў пасярод пакоя, паміж нашымі мяккімі крэсламі, стаяў вялізны букет рознакаляровых руж (цяпер, ужо зімою!), а на канапе, здаецца, пасля цёплага душа, пад коўдрай ляжала-спачывала Рэня. I ў адмыслова-мілай позе: адно яе поўнае i белае сцягно было ненакрытае, як i адна палавінка белых круглявых грудзей, на галаве — махровы ручнік, а на вуснах — шчаслівая ўсмешка аспакоенай жанчыны. Я затаіўся. Мне i хацелася падысці, палашчыць кідкае для вока ненакрытае цела, а то i абцалаваць яго, але мне было i боязна пабудзіць яе, перапыніць, мабыць, лёгкі i прыемны сон. Калі я ўжо збіраўся павярнуцца i на дыбачках выйсці з пакоя, Рэня зусім ужо натуральна i хораша ўсміхнулася, адкінула з сябе коўдру i працягнула да мяне поўныя, да локцяў загарэлыя, а вышэй белыя, са знаёмымі мне радзімымі крапінкамі рукі.

Я ступіў, паў перад ёй на калені; яна, не адплюшчваючы вачэй, прытуліла мой твар да сваіх тугіх, крышку, але прыемна халаднаватых i водарна пахкіх вадой ды мылам грудзей i расчулена запяшчоціла маю патыліцу...

Пасля гэтага мы зноў зажылі як сямейныя людзі, i шчасце гэтае цягнулася... ды не, не цягнулася, а прамільгнула за тры гады. Я, здаецца, ужо здолеў угаварыць Рэню, каб яна развялася i назусім перайшла жыць з дзіцем да мяне, як аднаго дня яна нечакана знікла, пакінуўшы мне новую запіску: «Мы вымушаны разлучыцца. Дзякуй табе за ўсё, мой харошы. Я з'язджаю з горада, але ты не шукай мяне. Так трэба. Цяпер я ўжо моцна веру, што ты ўстаіш i зробіш яшчэ нямала добрага».

...I вось званок. Праз столькі гадоў, калі сплыло столькі ўсяго ў маім жыцці, калі я страціў надзею яе калі-небудзь i пачуць, i ўбачыць...

3.

Перад аўтастанцыяй, каля газетнага кіёска, мой позірк міжволі запыніўся на двух цыбатых хлопчыках у аднолькавых клятчатых шэра-жаўтаватых штоніках, рудых куртачках i чорных берэціках, — звычайна вось так, на адзін фасон, прыбіраюць блізнят. Мабыць, i гэтыя, як адчувалася, жвавыя хлопчыкі, якія падрасталі ўжо да першакласнікаў, былі браты i аднаго ўзросту. Праўда, іхніх тварыкаў я не ўбачыў: яны стаялі спінамі да мяне i, водзячы па шкле кіёска пальцамі, разглядвалі маркі i чыталі надпісы на ix.

«Глядзі ты, якія малыя, a ўжо чытаюць!» — здзівіўся я.

Хлопчыкі зусім не пазважалі на мяне, для ix выпадковага прахожага, i я абмінуў ix, незнаемых, з хваляваннем прадчуваючы, што вось-вось, можа, ужо i паблізу, на пероне, убачу яе, Рэню.

Сапраўды, калі абмінуў рог будынка, на зусім малалюднай паднавеснай пляцоўцы каля лаўкі з сумкамі стаяла яна — ужо ў асенніх боціках на высокіх абцасах, у чорным скураным плашчы, у заліхвацкім капелюшы і, здаецца, яшчэ памажнелая — адным словам, сталая жанчына. Угледзела мяне — гарэзна ўсміхнулася, як

свавольніца, i яе паўнаваты, усё яшчэ свежы твар асвяціўся знаёмай i мілай душэўнай чысцінёю.

Мы разам, у адным памкненні, узялі адно аднаго за рукі, зірнулі ў вочы:

— Рэня!

— Сеня!

Пацалаваліся. Легка, тры разы. Я за гэты час адчуў, што ад Рэні павявае незнаемы мне водар — мабыць, ад дарагіх духоў i парфумы. Раней, калі мы былі разам, яна амаль не ўжывала ўсяго гэтага, дык цяпер, напамаджаная, здалася мне незвычайна яркай.

— Ну што? — запытала яна. — Пастарэла?

— Расцвіла! — шчыра захапіўся я. — Стала нейкай новаю!

— Якой, па-твойму?

— Шыкоўнай! Недасяжнай!

— А ты пасаліднеў!

Мы ўсё не адпускалі рук адно аднаго; яе далоні, пальцы былі мяккія, пяшчотныя, дык перадавалі мне прыемную i радасную цеплыню, жаночую дабрыню — гэта былі рукі каханай, з якой i праз шмат часу прыемна сустрэцца, ёсць што добрае калі не ўспомніць разам, дык з хваляваннем i шчасцем перажыць моўчкі.

— Куды ты тады ўцякла? Дзе схавалася? — запытаў я пра тое, што турбавала мяне не адзін год.

— Так трэба было, Сеня... — любасна адказала яна, ўсміхнулася, мацней сціснула мае рукі, дык яшчэ болей пачала перадаваць мне сваё цяпло.

— Чаму? Тады, пяць гадоў, сем месяцаў, тры тыдні, чатыры дні i ўжо сем гадзін таму, ты перестала мяне кахаць?

— Наадварот...

— Выбачай, але я не зусім разумею тыя твае ўцёкі...

— Усё проста, Сеня, — адвяла вочы, уздыхнула яна.— Калі ты пачаў настойваць, каб я развялася i запісалася з табой, каб мы былі законный муж i жонка, я напісала свайму ў турму, што не кахала i не кахаю яго, сустрэла i палюбіла добрага чалавека, дык, значыць, давай разыдземся. Не трэба нам болей мучыць адно аднаго. Ён хутка прыслаў мне ліст, абняслаўліваў, ганьбіў на чым свет стаіць i прыстрашыў: зарэжа i мяне, i цябе, «майго хахаля!». Ён, бачыш, нават не падумаў, што ў мяне ёсць душа, што я магу па-сапраўднаму пакахаць... Калі заўважыла, што за мной пачаў віжаваць яго хаўруснік, дык адчула: пагроза ягоная — не проста словы. Заб'юць. Найперш — цябе... Вось i ўцякла з горада. Каб ты застаўся жывы...