Выбрать главу

— Куды ты ўцякла? Думаю, ведаеш: у вашу вёску я ездзіў, але твае бацькі не сказалі мне, дзе ты.

— Бацькам ты спадабаўся, але яны зрабілі так, як я загадала. Я ж пераехала ў Слуцк. Да цёткі. Яна адпісала мне палову свайго дома.

— Але ж я...

— Каб ты не знайшоў мяне праз міліцыю, — падняла вочы, зноў гарэзна ўсміхнулася, — я адмовілася ад мужавага прозвішча...

— Ты жывеш з ім? — спахмурнела запытаў я.

— Не. Я з ім усё ж развялася. Цяпер ён зноў сядзіць, піша мне выбачальныя лісты, але я ix нават не чытаю.

— Чаго ж ты маўчала? Я паехаў бы за табой не толькі ў Слуцк, але i на край свету! Ты ж вельмі добра ведала, што для мяне значыла!

— Ён хутка знайшоў бы нас усюды. Ды...

— Што — «ды»? — уздрыгнуў я, прадчуваючы, што ў нас з Рэняй усё ж быў шанец застацца разам.

— Калі ён пабыў зусім мала на волі i зноў сеў, я адразу ж падала на развод, прыехала ў Мінск да цябе, ды... Адамкнула сваім ключом нашу кватэру, зайшла, а там — твая былая жонка...

— Яна мне ніколі не гаварыла пра цябе! — усклікнуў я. — Недзе з паўгода я з ёю не жыў, кватараваў у чужых людзей.

— Значыць, хацела ўтрымаць цябе.

Я ажно апаў душой: канечне ж, каб быць са мной не толькі з нашым, але i з чужым мне дзіцем, жонка магла звераломнічаць. Яна i мне хлусіла: маўляў, цяжка захварэла, новы муж ёй здраджвае, дык ратуй мяне ад смерці, бо мы з табой усё ж не чужыя людзі. Я паверыў ёй i пашкадаваў, спачатку ўпусціў яе з дзецьмі ў сваю кватэру, а потым вярнуўся туды i сам.

— Ты, мой харошы, засмуціўся? — ціха запытала Рэня.

— Чаму ты тады не сустрэлася са мной? — з болем выдыхнуў я. — Мы сёння былі б з табой разам!

— Твая жонка спачатку бэсціла мяне, а потым стала перада мной на калені i заламала рукі: «Я хворая, хутка памру. Не забірай ад дзяцей бацьку! Ён любіць i мяне, i ix. Ты ў яго зусім выпадковая жанчына».

— Ах, Рэня-Рэня! — падакараў. — Пра ўсіх ты падумала, толькі не пра сябе, i не пра мяне!

— Не, мой харошы. Падумала, i яшчэ як! — падбадзёрыла мяне харошай усмешкаю яна, вызваліла рукі i хітнула галавой убок.

Я азірнуўся: да нас ішлі тыя два хлопчыкі, якіх я нядаўна бачыў ля кіёска. Яны па-дзіцячаму здзіўлена (праўда, толькі на міг) зірнулі на мяне, на незнаёмага дзядзьку, што гэтак блізка стаіць каля іхняй маці, падаліся да Рэні i амаль у адзін голас загаварылі:

— Мама, паглядзі, якія маркі мы купілі.

Вось цяпер маё сэрца, можна сказаць, запынілася, а душа мая на самай справе апала ці знямела: мне даволі было беглага позірку на хлапчукоўскія тварыкі (а яны былі сапраўды падобныя адзін да аднаго), каб убачыць, што высокія лобікі, густыя, амаль зрослыя на пераноссі чорныя броўкі, кірпаватыя носікі, падціснутыя вусны (верхнія трохі навіслыя, нібы крыўдлівыя), вузкаватыя падбародкі — усё гэта мне вельмі знаёмае. Якраз такім бачыў я сябе на фотаздымку, калі мне было недзе столькі гадоў, колькі цяпер гэтым блізнятам.

Рэня, здаецца, занепакоілася: я, мабыць, змяніўся на твары, а то, можа, i пабялеў.

— Добра-добра, сыночкі, — яна прытуліла хлопчыкаў да сябе, але не зводзіла з мяне запытальнага позірку. Пасля ці то з разгубленасцю, ці то з вінаватасцю запытала:

— Праўда, Сеня, гэтыя малойчыкі — два крамяненькія баравічкі?

Скажу шчыра, я не мог нічога адказаць: мяне ашаламіла тое, што я цяпер зусім нечакана калі не ўведаў, дык адчуў душою. На мяне хлынулі, запэланілі ўсяго велізарнай сілы неспадзяванасць, расчуленасць i яшчэ не зусім усвядомленая радасць. Ад хвалявання я ажно зажаваў пашчэнкамі.

— Сеня, Усяслаў, — цёпла папрасіла Рэня блізнят, — схадзіце яшчэ паглядзіце марак ці яшчэ што, нам трэба яшчэ пагаварыць...

Як мне здалося, яна хацела сказаць, што трэба «пагаварыць з дзядзем», але ў апошняе імгненне схамянулася i стрымалася прамовіць такое; хлопчыкі зноў здзіўлена зірнулі на мяне, але маці паслухалі, зноў пакрочылі за рог вакзальнага будынка, да кіёска. Калі я, учэпіста правёўшы ix вачыма, зноў зірнуў на Рэню, то ўбачыў: хоць на яе твары мацярынская радасць, але ўсё ж неспакойная ўжо i яна, таксама пабялела i, здаецца, смыляе-смыляе поўнымі вуснамі. Я схапіў яе за рукі:

— Рэня, гэта — нашы сыны!

— Чаму ты так думает? — яна падняла галаву, зірнула мне, можа, як ніколі глыбока ў душу.

— Адчуваю бацькоўскім сэрцам!

— Значыць, сэрца тваё чуйнае... I, можа, нават адчуў, які з ix Сеня?