— Віця, — мусіць, адчуваючы, што танец вось-вось скончыцца, першая загаварыла Іра, — прачніся! Хіба не бачыш: з цябе ўсе смяюцца. Ты з-за яе страціў не толькі розум, але ўжо зусім аслеп i аглух... А яна не вартая таго. Яна — ганарліўка, выскачка, але нічым не лепшая за іншых. Яна звычайная. Толькі што старэйшая за нас на год, ужо не вучаніца, дык ужо ўяўляе сабе... Ды, бачыш, у яе ёсць хлопец...
Ён маўчаў, адчуваючы, як гэтыя, можа, i слушныя, словы не прыносяць яму палёгкі, а, наадварот, яшчэ болей паддаюць болю.
— Хочаш, я пагавару з ёю? — нечакана ўжо не з папрокам, а са спачуваннем запытала Іра. Зноў зірнула яму ў вочы, вусны яе затрымцелі, вейкі часта заміргалі. — Ну, каб яна так не ганарылася, не паводзілася як багіня... Каб не пазірала на цябе, як на дзіця ці нейкага непаслухмянага i дзёрзкага хлапчука... Каб...
— Не трэба, — папрасіў ён, ужо не шукаючы вачыма той, што выбіла яго з раўнавагі, — не гаварыць з ёю, не... Разумееш...
— Ды ўсё разумею... — ціха прамовіла яна, i з куточка яе левага вока выплыла i пацякла па шчацэ слязіна. Іра не выцерла яе, каб ніхто не заўважыў яе разгубленасці ды адчаю, толькі дакранулася шчакою да яго плечука. — Толькі аднаго не ведаю: чаму ёсць шчаслівыя, удачлівыя i чаму ёсць нешчаслівыя, няўдачлівыя... Ды чаму вы, хлопцы, такія... Ці не бачыце нічога, ці нейкія дзіўныя...
Віктар нічога болей ёй не сказаў, бо асцерагаўся сёння яе пакрыўдзіць. Бадай, упершыню адчуў: Іра — не такая сумная ды надакучлівая, як ён лічыў дагэтуль, a зусім іншая, можа, нават больш разважлівая, чулая ды добрая, чым ён. Не яна перад ім, а якраз ён вінаваты перад ёю. Ды, на жаль, змяніць нешта цяжка, бо, відаць, няможна загадаць свайму сэрцу: змяніся, пакахай не гэтую, a іншую! Толькі моўчкі падакляраваў сабе: ніколі не будзе з сённяшняга вечара кпіць з Іры, будзе паважаць яе. Бо, як сам убачыў, нялёгка, нават цяжка, калі не толькі не паважаюць, не цэняць твае светлыя парывы, але i абыякавыя да ix ці, яшчэ горш, i пасміхоўваюцца з ix.
Болей ён не танцаваў. Болей не стараўся сачыць за Даўгапол, хоць усё роўна заўважыў, калі яна з даўганогім хлопцам падалася з залы. Неўзабаве выйшаў i ён. Не хацеў ісці ўслед, але нібы самі павялі ногі.
На школьным двары нікога ўжо не ўбачыў, пачуў толькі матацыклетны гул, што хутка аддаляўся ад школы, ды ўбачыў святло, што доўгім промнем урывалася ў цемень, асвятляла вуліцу, платы i таксама аддалялася, імкнулася наперад i наперад. Віктар трушком пабег следам за гукам i святлом, адчуваючы незвычайны адчай, а таксама i трывогу. Здавалася, у гэтыя начныя хвіліны ён траціць нешта самае дарагое ў сваёй душы, аддае яго без бою, увогуле, ён баязлівы, нікчэмны чалавек, варты толькі жалю.
Бегучы, ён ужо не чуў матацыкла, бо заглушваў яго сваім тупатам па бруку, але бачыў, што светлы прамень павярнуў з гэтай вуліцы, бліснуў у цёмнае неба, а пасля асвяціў іншую вуліцу, дзе кватаравала Даўгапол.
Там, на Пясках, неўзабаве святло i патухла. Значыць, хлопец давёз сваю зямлячку да яе кватэры i запыніў матацыкл. Віктар запаволіў бег i, аддыхваючыся, пайшоў павольней, каб у чуйнай цішыні тыя не пачулі яго крокаў.
Вялікая вёска, лічы, ужо спала. Толькі сям-там сіне — ад уключаных тэлевізараў — свяціліся вокны ды таксама там-сям гарэлі невялічкім агнём начныя настольныя лямпы — у гэтых хатах, як ведаў, ёсць маленькія дзеці.
Сэрца яго тахкала, аж, здаецца, ціснула ў горла. У вушах звінела ад напружання. Па знаёмых абрысах — дашчаным плоце, бетонных, пабеленых вапнаю слупах, па высокай хаце, паблізу якой стаяла высозная антэна, — пазнаў, што падыходзіць да суседавай хаты. Тут зусім запаволіў хаду, пайшоў на дыбачках.
Ля плота старой Альдоны стаяў матацыкл, паблізу яго, на лаўцы, сядзелі Даўгапол i гэты непажаданы госць. Размаўлялі. Віктар стаў, затаіўся.
Ведаў: падслухоўваць непрыгожа. Але ён не мог пакінуць госця сам-насам з Даўгапол, не ведаў, што трэба рабіць, дык запыніўся ў нерашучасці ды ў аняменні.
— Слухай, ды ты ўжо знайшла сабе паклонніка... — пачуў ён зневажальны, кплівы голас. — Сам бачыў: адзін белабрысы, з яўна ўжо вытыркнутым пушком пад носам увесь вечар не зводзіў з цябе сваіх луп, вожыкам пазіраў на мяне...
— Не выдумляй, — адказаў яму жаночы голас. — На вечары сёння былі адны дзеці...
— Той вожык — ужо не дзіця...
— Ты раўнуеш? — услед за словамі данёсся гарэзны смех.
— Не раўную, але... Ну, разумееш...
— Перастань, не зважай на дробязі... Ты ж прыехаў не папікаць мяне. Так? Тым больш што я перад табою ні ў чым не вінаватая.
Больш ён нічога не пачуў. Наступіла доўгае маўчанне. Але неўзабаве здагадаўся, што гэтая цішыня незвычайная: Даўгапол i хлопец цалаваліся.