Выбрать главу

— Не. Але яны абодва — нашы!

— Нашы, харошы мой, — хораша i шчасліва ўсміхнулася.

— Але ж ты казала...

— Казала... — перапыніла яна мяне, ведаючы, што я хачу сказаць. — Але... Ды скажу табе ўсё як ёсць. Калі ты вылечыўся, паздаравеў i паспраўнеў, год, другі, трэці не браў у рот i кроплі, хораша абыходзіўся са мной, я цябе пакахала, як самага дарагога мне чалавека. Шчыра i глыбока, што можа шчырэй i глыбей не бывае. I целам, i душой усёй. Калі ж пасля ліста таго дурня ўбачыла, што нам не суджана быць з табой разам, я рашыла, што наша каханне не павінна проста так абарвацца i знікнуць... I, бачыш, як удала ўсё выйшла: ажно два баравічкі!.. Дзякуй Богу, здаровенькія, прыгожанькія i разумненькія хлопчыкі... Ты рады, што ў нас з табой ёсць не толькі памяць пра наша каханне, але i дзеці?

— Я не рады з-за таго, што я гэтага не ведаў.

— Спачатку я думала нічога табе не гаварыць. Каб ты не хваляваўся, не перажываў за нас. Пасля рашыла ўсё ж сказаць, — Рэня прытуліла мае рукі да сваіх грудзей. — Дык вось ведай, Сеня, пра ўсё.

— Малайчына ты, Рэня, — сказаў я чулліва. — Цудоўная жанчына. Цяпер такіх, як ты, не вельмі шмат.

— Ёсць i такія, як я, ёсць i яшчэ лепшыя, — яна прыхіліла голаў да майго плечука. — Але ўсё сваё маладое, гарачае, пяшчотнае я аддала табе, а нашым дзецям аддаю ўсё сваё самае добрае...

— Ты — адна? Замужам?

— Замужам, Сеня. Ён, мой гэты муж, павер, прыстойны чалавек. Я не кахаю яго, як кахала цябе, але паважаю. Жывём мы дружна, па-сяброўску. У яго памерла жонка, дык ён глядзіць нашых, а я, здаецца, як след гляджу яго сына i дачку.

— Штосьці ўсё i так, але штосьці ўсё i не так, Рэня...— уздыхнуў я.

— Мабыць, — згадзілася яна. — Ды ёсць тое, што выйшла... У мяне, у цябе, у іншых...

— Ты лічыш: нашы сыны не павінны ведаць, хто іхні бацька?

— Не ведаю, Сеня, — уздыхнула i яна. — Няхай яшчэ крыху падрастуць — пасля, бадай, i скажу ім пра ўсё. Тым больш што пазней табе прыйдзецца памагчы ім: Сеня добра малюе, a Усяслаў спявае. Па табе, бачыш, пайшлі... Лічы, ва ўсім...

...Сёлета нашы з Рэняй жэўжыкі пайшлі ў другі клас...

1994