Выбрать главу

— Не.

— Я люблю мілавацца. Ты толькі расцвяліў мяне, дык цяпер пяшчотна паласкай, скажы мне чароўнае слова. I не адно, — гаварыла i сама пяшчоціла яго галаву, шыю, плечы, сама паказала, дзе i што рабіць ягонай руцэ. — Ну, кажы мне, любы, чароўнае слова!

— Якое? — асмялела здзівіўся ён, сціскаючы далоняй яе белыя тугія грудзі.

— Няўжо ні адной дзяўчыне яго яшчэ не гаварыў?

— Не.

— Нікога не любіў?

— Не.

— А мяне любіш?

— Люблю.

— Дык i кажы, не, адмыслова, хораша шапчы пра гэта! Ласкаі, пяшчоць i шапчы, каб я забылася пра ўсё на свеце, каб хацела быць толькі тваёй i каб я адкрылася табе ўся. I целам, i душой.

— Люблю... Моцна, хораша... Усёй душою... — шаптаў ён, адчуваючы, што ўжо не толькі шугае яму кроў у скроні, але палымнее, усё больш трымціць i яна, а пасля прыпадае да ягоных вуснаў, моцна i ўтрапёна цалуе, ціхенька i нібы жаласна альбо адчайна войкае i ахкае, звіваецца ўсім целам, становячыся зусім безразважлівай, a калі безразважлівасць пачынае агортваць i яго, Броня ўладарна вабіць, i яны несвядома, але разам з тым па магутным поклічы зноў пазнаюць адно аднаго.

Хоць Кастусь да сённяшняга дня не ведаў вось так блізка жанчын, але цяпер неяк ці міжволі па мужчынскай здагадцы адчуў, што цяпер Броня не проста яго, але адкрылася яму ўся, па-сапраўднаму жадае якраз яго, дык ён павінен быць асцярожным, пяшчотным, даваць моц не юру i сіле, a летуценнасці. Броня нічога не прамаўляе, маўчыць — не, не зусім так, яна не маўчыць, яна цалуе, звіваецца, жаліцца, адчаіцца, выдыхвае іначай, i гэтае інакшае без слоў проста паказвае, што ён ёй любы, жаданы, што яна радасная, шчаслівая, разам з ім спявае дзівосную i чароўную песню закаханых, i што гэтая песня магутнейшая за ўсякі разважлівы i мудры гімн...

...Гадоў пятнаццаць таму гэта было. Праўда, не доўга, усяго некалькі месяцаў, пакуль не ўведалі пра гэта ў вёсцы. I ў Броніным, i ў Кастусёвым доме ўскіпелі разлад i вайна; выяўленыя Броніным дамагацелем i агалошаныя па ўсёй вёсцы жаночымі шэптамі, яны сказалі ў сваіх сем'ях: мы кахаем адно аднаго, калі вы лічыце, што мы грэшнікі, дык мы гэты грэх змыем тым, што мы пажэнімся.

Але ix разлучылі — не так Бронін муж, які больш поўзаў i плёўся, адзічэлы, каля платоў, чым хадзіў i свядома думаў i гаварыў, не так ягоныя даволі прыстойныя бацькі, як Кастусёвы маці i бацька, паўстаўшы сцяной супраць таго, каб ён, хлопец, «раскідваў чужую сям'ю i сіраціў дзяцей, якія маюць бацькоў».

Кастусь, хоць i кахаў Броню шчыра i самааддана, не пераламаў на сваё. Скарыўся ад таго, што, як казалі бацькі, Броня i муж памірацца, будуць разам гадаваць сваіх сына i дачку, пакінуў вёску, Броню i з'ехаў у горад.

Броня час ад часу вырывалася i прыязджала да яго; у пакоі, дзе ён кватараваў, плакала, што «цяпер ёй нямілы ўвесь свет i не хочацца жыць»; ён глыбока разумеў, што вінаваты перад ёю, без яго яна жыла б усё ж лягчэй, супакойваў, прасіў дараваць яму, але не зрабіў таго, пра што шаптаў ёй у хвіліны ашаламляльнага любоўнага шалу. Бедная Броня супакойвала яго: «Такая ўжо наша доля...»

Паволі, месяц за месяцам, яны сустракаліся ўсё менш i менш, а пасля перасталі бачыцца ўвогуле. Ён ажаніўся; Броня, як яму расказвалі, нейкі час пахадзіла наўмысна вясёлая, на мяжы нейкага дзіўнага ці, лепш сказаць, нездаровага смеху, а пасля пачала піць, а п'янай мянялася, была грубая, лаялася альбо плакала... Летась яна памерла ад рака...

Кастусь жыве, жонка i два сыны здаровыя, дагледжаныя, задаволеныя ім, але ён не можа не ўспомніць i не падакараць сябе за тое, як павёўся тады, калі высакаватае неба легка i прыемна імгліла блакітным, крыху падбеленым ад сонца мроівам, калі лес быў ціхі, зялёна-паджоўчаны, калі пасвіўся статак, а каля яго думаў свае думы стары бусел, калі было ясна i цёпла, а ён, хлапчук-мужчына, са здзіўленнем, з радасцю, з хваляваннем i пажаднасцю пазіраў на маладую i вабную маладзіцу, якая не проста побач спала, а хораша i велічна ляжала на зямлі, выпраменьваючы здароўе, сілу i красу...

1993 — 1994

Дарога

1.

Палуднёвая пара.

Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.