«Ці два ў яго сэрцы? — з зайздрасцю падумаў я. — Адкуль толькі бярэцца ў яго сіла?»
Я зноў, адчуваючы яшчэ большую ад кароценькай перадышкі стому, пачаў гэтаксама трамбаваць: ніяк няможна, каб Вікця ўбачыла, што Антон працуе, а я стаю. Я не толькі баяўся яе насмешкі, без чаго яна, здаецца, i жыць не можа, але мне i самому хацелася пахваліцца, што я не гультай i не такі ўжо «маладзенькі» сярод усіх астатніх, на гады тры-чатыры старэйшых за мяне.
Грузавік пад'ехаў абочынай дарогі ад Дзераўной, запыліў — следам за ім цягнулася шэрая пясчаная сцяна. Яе не зносіла ўбок, бо не было ветру, а пакрысе, жаўцеючы на сонцы, яна асядала долу. Ужо здалёку ўбачыў, што ў кузаве на каменнях сядзіць толькі рабаціністая, вельмі дужая Гэлька, a Вікця — у кабіне побач з Фэлікам.
Сэрца маё зноў спачатку заціхла, а пасля затрапяталася хутка-хутка. Можа, i ад таго, што я добра ведаў: нядаўна дэмабілізаваны Фэлік думае жаніцца і, здаецца, вельмі ўпадабаў Вікцю. I мяне каторы ўжо дзень палохае не толькі тое, што Фэлік, якога я цяпер ненавіджу, такі смелы, a i тое, што Вікця, здаецца, яго ўпадабала.
Машына пад'ехала i прыпынілася паблізу нас, ля саменькага неглыбокага рова, абціснула яго бераг, i я, не перастаючы трамбаваць, правым вокам убачыў задаволенага, са шчасліваю ўсмешкаю Фэліка, убачыў ля яго невялікую, з чорнымі валасамі галоўку з круглаватым прыгожым тварыкам. Мне здаецца, што Фэлікава i Вікціна галовы вельмі блізка адна ад адной.
Фэлік, нарэшце, вызваліушы рукі ад руля, не асцерагаецца, што мы ўсё бачым, прыхінуўся, абняў Вікцю, i яна, мусіць, не зусім шчыра пішчучы, не адрывалася ад яго, сядзела побач, пакуль ён не пацалаваў яе ў шчаку. Толькі пасля выскачыла з кабіны, скокнула ў роў, шчасліва ўсміхалася. У гэтую хвіліну яна — высакаватая, вельмі стройная ў трыко — была надта харошая, як красуня на карцінах.
Вікця, усё смеючыся, паднялася, стала адною нагою на задняе кола машыны — яе трыко пры гэтым яшчэ больш абціснулася, паказала, якія стройныя яе ногі, — ухапілася рукамі за борт кузава і, матлянуўшы кароткімі распушчанымі валасамі, перавязанымі ля галавы гумкай, ускочыла наверх. Адчыненыя дзверцы ўсё яшчэ хіляліся, рыпелі.
Сюды высунуўся Фэлік, прыжмурыў левае вока. Я не вытрываў гэтай пераможнай ухмылкі, адвёў позірк; маўклівы Антон нават не зірнуў на машыну сваім адным вокам, нібы нічога не бачыў i не чуў. Я ж коса кінуў яшчэ позірк на Вікцю: яна, седзячы на каменнях, глядзела на нас, пасміхалася («Няўжо так усцешыла яе Фэлікава заляцанне?»), а пасля, сустрэўшыся позіркам з маім, нечакана пасур'ёзнела.
— Малавата, малавата вы, хлапцэ, падагналі!— заківала яна галавою.— Можна было i далей умасціць. Відаць, болей сядзелі, чым рабілі.
Антон прамаўчаў, толькі, здаецца, яшчэ больш сярдзіта, раздзімаючы шырокія ноздры ды прыкусваючы сасмяглыя вусны, заляскаў калодкай, i я зразумеў, чаму ён сярдзіты: i ён, як i ўсе астатнія хлопцы, нядаўна гэтаксама заляцаўся да красуні Вікці, i яна спачатку яму, як i кожнаму, усміхалася, жартавала, заманьвала, а пасля высмеяла за гэтае кавалерства, асароміла. Хлопцы-няўдачнікі хутка перажылі гэта, па-ранейшаму ліпнуць да яе, а Антон зацяўся — не дакарае, не ліпне, але болей яе як не бачыць.
— Дзе дзядзька Стась? — спытала Вікця. — Трэба нацкаваць яго на вас — лепей будзеце таўчы... З такім спрытам мы i да зімы нейкую там вярсту не забрукуем i нічога не заробім... Таўкачы!
Антон зноў прамаўчаў. А я не ведаў, як трэба аджартаваць. A апраўдвацца, што мы добра працуем, стараемся, не варта: Вікця ўсё роўна яшчэ да нечага прычэпіцца, скажа дасціпней, а то i асароміць, не дасць, каб яе перагаварылі.
Фэлік — невысокі, але плячысты, у вайсковых зялёных штанах i ботах, у чырвонай майцы — вылез з кабіны, адшчапіў бліжэйшы ад сябе борт — каменне абсунула, выгнула яго, як адшчапіў i з другога боку, адскочыўся, кінуўшы борт уніз: у кузаве было поўна камянёў, i палавіна ix адразу, абіваючы край борта i грукочучы, пасыпалася ў роў. Узбіла там перагрэты пясок, стукалася адзін аб адзін ды пырскалася дробненькімі адбітымі кавалачкамі. Некаторае, руда-чырвонае ўсярэдзіне, крохкае, каменне расколвалася папалавіне, а то i зусім на маленькія драбкі. Калі каменне далей само не падала, Вікця i Гэлька пачалі піхаць каменне нагамі — i яно адно за адным кацілася долу, на верх крушні.
— Не згружвайце ў адну кучу! — нарэшце, прыпыніўшыся, зірнуў на грузчыкаў i сярдзіта сказаў Антон. — Трэба думаць i пра тых, хто будзе ix тут разносіць.
Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур'ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад'ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.