Выбрать главу

— Хадзі, міленькі...— ужо як сур'ёзна папрасіла яна i, як убачыла, што сам я не падыду, падышла, узяла мяне за руку i пацягнула да сябе.

Трымаючыся за невялікую, але дужую цёплую яе руку, я запалымнеў ад сораму, не хацеў уставаць: брыдка барукацца з дзяўчынаю! Нібы нікога з хлопцаў я i не падужаю!

— Ды грымні ты яе, малец! — пажартаваў Васіль. Ён не толькі дурэў з Гэлькаю, але i бачыў, чуў, што робіцца вакол.

Я не змог выцерпець, што яна так доўга просіць, i падняўся, з сорамам усміхнуўся, затаптаўся на адным месцы, не ведаючы, як узяцца за дзяўчыну, a Вікця хуценька, што я не паспеў міргнуць, прыпала, хапіла мяне пад пахі, сціснула, перагнула ў паясніцы — i я, баючыся паваліцца на cпіну, ледзь устаяў на нагах, перагнуўся, замахаў рукамі, хапіўся за яе трыко, пачуў, што з мяне смяюцца. A Вікця ціснула мне падбародкам у шыю, аж скрыгітала зубамі, але сілы яе паволі слабелі, i я, ледзь утрымаўшыся, здолеў крутнуць яе ўбок — i цяпер ужо яна, саслізнуўшы цераз мой клуб, нахілілася, а я выпрастаўся, адчуваючы, што яна амаль вісіць на маіх руках. Каб хлопца, дык я гэтай хвілінай добра ляснуў бы спіною вобземлю, a Вікцю з асцярогаю, але па-дужаму пераціснуў, толькі пачаў шукаць рукою зямлі, каб абаперціся i балюча не ўдарыць, не пабіць ёй спіны. Вікця, моцна перагнутая, не змагла ўтрымацца, упала на спіну, цягнучы мяне за сабою, i я разагнуў калені, каб не прыціснуць яе, упаў, знецейкі моцна націснуў грудзінай яе грудзі, што яна аж зморшчылася. Яна войкнула, аж зяхнула, i я, баючыся, што прыціснуў яе, хацеў хуценька ўскочыць, але яна нечакана абхапіла мяне за шыю рукамі, прыціснула, i я з хваляваннем адчуў пякучы дотык тугіх грудзей, жывата, сцёгнаў — нібы правялі па мне нечым гарачым. Вікця пацалавала ў шчаку, i шчака мая суха запалымнелася. Я з сорамам скаціўся, лёг побач, але не мог яшчэ вызваліць шыю.

— Ты самы лепшы за ўсіх... Я цябе люблю... — зашаптала Вікця, i я паверыў i не паверыў у яе шчырасць, але зусім разгубіўся: вось, вось яно, каханне! — Сёння будуць у нас танцы, прыходзь. Буду танцаваць толькі з табою, вось паглядзіш.

Яна адпусціла рукі — i я мігам адскочыўся, як ад нечага недазволенага, грэшнага, сеў i з сорамам падумаў, што ўсе чулі яе гэтыя словы, усе бачаць на маёй шчацэ след пацалунка.

— Не ўцякай, паляжы ля мяне... — шапнула Вікця, наляпала рукою ля сябе на зямлі.

— Яшчэ адна будзе ахвяра любві... — уздыхнуў Васіль.— Ну i крывапіўка: нават дзіця не пашкадавала! Але глядзіце, людзі, хлапчанё, а як расчырванеўся! Чуе ўжо — халера — кабету... Зашумела маладая кроў...

Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з усіх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.

Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!

...На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.

Амаль цэлы вечар яна напраўду танцавала толькі ca мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў праставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, надзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.

Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!

Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.