Выбрать главу

Сапраўды, Ксеня была душой нашай бяседы. Мала таго што была шыкоўная ў цёмнай доўгай сукенцы з глыбокім дэкальтэ, з яркім ланцужком караляў, дык яшчэ першая заводзіла размовы, жартавала, а пазней, калі прыгубілі крыху каньяку, i спявала. Адно, што трошкі бянтэжыла мяне, было тое, што яна чамусьці не толькі намякала, але i перабольшвала: мы з ёй больш чым знаёмыя, зусім блізкія людзі, увесь час натхняючы, каб я любаваўся ёю.

Вярталіся з гасцей ужо апоўначы. На таксі. На лёгкім падпітку, зачараваны Ксенінай жвавасцю, я туліў яе да сябе. Яна, тут ужо раптоўна аспакайнелая, нават нібы стомленая, не адсоўвалася, але заціскала мае пальцы пад пахай, каб не бачыў ix шафёр, ды час ад часу прыемна казытала мне шчаку каўняром паліто i пышнай шапкай. Праўда, калі рука мая стала ўжо засмелая, Ксеня папрасіла:

— Не трэба, Васілёк. Мы ж сталыя людзі.

— Няпраўда. Мы з табой яшчэ зусім маладыя. Мне сёння вельмі прыемна, чуеш?

— Я рада, што ты задаволены.

— Я не пра тое, Ксеня, — шчыра прамовіў я. — Мне прыемна якраз з табой.

Яна нібы не чула гэтага, перавяла гутарку на іншае:

— Глядзі, якая цудоўная цёмна-белая ноч! Можа, нарэшце зіма стане снежная.

— Для мяне цудоўная ты, — вёў сваё я. — Мы павінны сустрэцца яшчэ i заутра. — I ёй на вуха: — У гасцініцы. Чуеш?

— Вадзіцель, — зноў нібы не пачула мяне Ксеня, — мне вось за той высокі дом.

— Давай яшчэ паездзім, як ты кажаш, у цудоўную цёмна-белую ноч! — папрасіў я. Мне вельмі не хацелася разлучацца з Ксеняй.

Аднак каля свайго дому яна тут жа пацалавала ў шчаку i борздка вышмыгнула з таксі:

— Спакойнай ночы, Васіль Данілавіч. Я вам заўтра пазваню.

Калі мы ад'ехаліся ад Ксенінага дома, малады таксіст дазволіў сабе пажартаваць:

— Чаго не ўзялі з сабой? Красівая бабёнка! Далі б швейцару сотню — прапусціў бы...

Я такой размовы з чужым чалавекам, які, відаць, нагледзеўся ўжо ўсяго, не падтрымаў.

Цяпер вось, калі прачнуўся i ляжаў зусім цвярозы i зямны, мне было сорамна. За свае ўчарашнія захопленыя позіркі на Ксеню, за абдымкі i шэпты ў таксі. З гэтай няёмкасцю мыўся, снедаў у гасцінічным кафэ, купляў, а затым чытаў новыя газеты. Адчуваў: я — патрэбны для Ксені чалавек, але не больш. Яна нямала пастаралася, каб улагодзіць мяне як рэдактара яе кнігі, але як толькі я дазволіў большае, дык яна даволі нязмушана абсекла мяне. Я не ведаў, што яна скажа, калi пазвоніць мне. Бадай, будзе прыкідвацца, што між намі нічога не было глыбей за сяброўскія стасункі, будзе пра штосьці гаманіць, жартаваць, што рабіць ёй не зусім цяжка. Я не ведаў, як буду паводзіцца ў адказ. Што ні кажы, яна спадабалася мне, i я міжволі загарэўся зноў пабачыцца з ёю.

Ксеня доўга не званіла. Абзыўнулася толькі пад вечар.

— Гэта я, — голас яе быў бадзёры. — Як правёў цудоўную цёмна-белую ноч?

— Дзякуй. Няблага.

— А чаму не добра?

— Было сумнавата аднаму пасля такога вясёлага вечара, — прыглушана, з адпаведным намёкам адказаў я.

— Якраз пасля вясёлай успышкі патрэбен спакой, a часамі i добры смутак, — адразу ж астудзіла мяне Ксеня.

— Але не адразу. Ва ўсім гэтым патрэбен плаўны пераход.

— А ты, скажу шчыра, небяспечны.

— Чаму?

— Бач ты, яшчэ прыкідваецца, што нічога не разумее.

— Дык у чым я небяспечны?

— Нібы мяккі, далікатны, але настойлівы. Такія мужчыны, як ты, бываюць пераможцамі-сэрцаедамі. Я цябе пабойваюся ўжо.

— Не бойся, я не людаед. Хачу вось бачыць, чуць цябе, — прамовіў яшчэ больш прыглушана i мякка. — Заходзь, калі ласка, у маю келлю.

— Пакахаў? — усміхнулася. — Альбо толькі адчуў жаданне?

— Ты жартуеш ці кпіш, а я сапраўды хачу пасядзець i пагутарыць з табой. Сам не ведаю чаму, але мне з табой легка i добра.

— Што ж, — уздыхнула. — Мужчына ты ўплывовы i відны, не магу адмовіць. Іду.

Праз паўгадзіны была ўжо тут, у цеснаватым асобным гасцінічным нумары. Зноў у новым уборы — у чорных боціках з раменьчыкамі i металічнымі спражачкамі, у боцікі былі запраўлены маладзёжныя джынсы, у пуховай куртачцы, пад вялікім чорным берэтам. Калі скінула куртку, дык засталася ў цесным сінім свэтарчыку, што хаваў яе шыю i нацягваўся на поўных грудзях. Калі павесіў у шафу адзенне, я прытуліў Ксеню. Яна рэзка ўскінула галаву, але падставіла трошкі патрэсканыя вусны.

— Добры дзень, — тут жа адхілілася. — Кажаш, сумнавата пасля вясёлага вечара?

— Сумнавата.

— Тады трэба падняць настрой, — падышла да стала, паклала на яго сваю сумку i дастала адтуль пляшку каньяку, пачак цукерак. Села на крэсла, па-заліхвацку паклала нагу на нагу.

— Закурыць дазволіш?

— Калі ласка.