Я змаўчаў. Мяне ўразіла Ксеніна шчырасць, шчырасць жанчыны, якая зведала ў жыцці вялікія душэўныя ўзрушэнні, ды яшчэ здзівіўся: свет вялікі, шмат у ім люду, мужчын i жанчын, у кожнага з ix усё сваё, але тое-сёе нібы паўтараецца.
Гадоў пяць таму я з дзесяткам іншых сваіх супрацоўнікаў паехаў у падшэфны калгас на сенакос. Сярод нас былі пажылыя i маладыя, сямейнікі i вольныя птахі. Адным словам, там я нават нечакана для сябе сышоўся з малодшым рэдактарам з суседняга аддзела, з Сімай — на гадоў дзесяць, а то i яшчэ болей маладзейшай, замужняй, не красуняй, але i не брыдкой, паўнаватай i, здавалася, ціхмянай маладзіцай. Мала-памалу мы з ёй зблізіліся. Першы раз яна аддалася мне так, як звычайна аддаюцца жанчыны, спадабалася, i я падумаў, што якраз яна будзе мая каханка, з ёй буду мець тое, чаго яшчэ не меў. Але другі раз (а мы з Сімай удваіх былі позна вечарам каля возера), як толькі яна скончыла свае страсныя охі i ахі, нечакана смела i настойліва павяла мяне зноў у ваду, сама памыла з мылам, вывела на бераг, выцерла, свядома зноў узбуджаючы мяне, а пасля... як толькі што казала Ксеня, пачала спакушаць на «сучаснае» каханне... Я ашаламіўся, што ў яе няма ніякага сораму, усё ў маёй душы паўстала супраць бессаромнасці, i я груба адштурхнуў яе.
«Дурань! — авечачка накінулася ваўчыцаю. — Ты — дужы мужык, але мала цяміш, што i як павінна быць паміж мужчынам i жанчынаю! Ты хочаш любові, кахання, а трэба хацець сексу! Я магу навучыць цябе, i ты станеш майстрам, будзэш мець поспех у элітных слаях грамадства! »
«I гэтак ты жывеш з мужам? — запытаў я.
«Гэтак, — прызналася. — I я, i ён без комплексаў».
Як i Ксеня, я не пачаў вучыцца таму, супраць чаго бунтарыла душа. Але цяпер не сказаў Ксені, што i я зведаў тое, што i яна.
— Я, Васілёк, люблю мары, уяўленні, нават ілюзіі, — зноў падала голас яна. — Інтэлігенцкая, нават эстэцкая гамана мне цікавей за сувязь з мужчынам. — Усміхнулася, з чорцікамі ў вачах. — А ведаеш, чаго я цябе да сябровак патарабаніла?
— Хто можа ведаць цябе, такую загадкавую.
— Загадка, Васілёк, тут простая. Яны ж, мае сяброўкі, ведаюць: я са сваім не жыву як жонка. Ведаюць i іншае: новых раманаў не заводжу. Час ад часу спрабуюць вярнуць ува мне жанчыну, раяць якога-небудзь хахаля. Я — толькі не. Дык вось, каб не лічылі мяне непаўнацэннай, я ім цябе i прывезла: глядзіце, зайздросьце, які ў мяне відны каханец! Не з перыферыі, а са сталіцы! Так што ты, Васілёк, выратаваў мой жаночы гонар!
Скажу шчыра, гэта не зусім мне спадабалася. Цяпер я зразумеў: Ксеня ўчора вечарам калi не вадзіла мяне за нос, дык гуляла ў свае гулі. Я, канечне ж, насупіўся.
— Ты пакрыўдзіўся?
Я не адказаў.
— Пакрыўдзіўся? — перапытала яна, паклала руку на маю, гарэзна зазірнула ў вочы. — Не трэба. Я абы-каго ім не паказала, бо яны, хітрыя, адразу ж разгадалі б мой падман. Мы сёння перазвоньваліся: ты ім вельмі спадабаўся. Сталасцю i сур'ёзнасцю.
Адчуваючы, што цяпер якраз той момант, калі можна дазволіць такую-сякую вольнасць, я паціснуў яе руку, i яна згадзілася патрымаць яе ў маёй далоні. Пазіраючы вочы ў вочы, я прыцягнуў яе да сябе i прыпаў да яе вуснаў. Яны, пахкія памадай, цыгарэтным дымам, раскрыліся, але былі халодныя.
— А ты ўмееш цалавацца, — адхіліўшы мяне, зусім спакойна прамовіла яна. — Дарэчы, ты ўжо дзед? Я табе расказвала пра сябе шмат, а ты вось пра сябе амаль нічога мне не сказаў.
— Мае дзеці яшчэ халасцякуюць.
— А я, як казала, бабуля ўжо.
— Маладзенькая бабуля, — я падняўся, абышоў i моцна абняў яе, сціснуўшы далоньмі яе важкія грудзі. Нахіліў з крэслам i зноў прыпаў да яе вуснаў.
Яна дала ix, але стрымана, а то, можа, толькі для прыліку, каб не пакрыўдзіць мяне. Хутка зноў выцерабілася, амаль загадала:
— Сядзь. Давай забудзем, што мы жанчына i мужчына, давай пагаворым як сябры. Скажы вось мне, як ты жывеш са сваёй жонкай? Ты яе кахаеш?
Канечне, яна мела права пра гэта запытаць: мне ж пра свайго мужа яна расказала нямала. Ды пасля майго прызнання ёй будзе відаць лепш, як паводзіць сябе са мною.
— Я яе паважаю, — шчыра адказаў я.
— Дык кахаеш ці не?