Выбрать главу

— Гэта ж трэба так нагаворваць на сваю жаноцкасць!— прамовіў я.

— Казак-разбойнік!

Я, дагэтуль не спешчаны жаночай страсцю i ласкай, шаптаў Ксені, здаецца, самыя цёплыя i ўзнёслыя словы, быў пяшчотны, а яна была спакойная, ні разу не ўсклікнула, толькі заплюшчыла вочы ды лёгка сашчаміла на маёй шыі рукі.

Пазней, калі ляжалі побач i я ўжо супакоіў трымценне, Ксеня, прыкрыўшы прасцірадлам грудзі, павярнулася i доўга пазірала мне ў вочы.

— Расчараваўся?

Я, як i кожны мужчына, адчуваючы ў такія хвіліны адменную няёмкасць, вытрымаў яе дапытлівы позірк, пагладзіў яе па распушчаных, даўгаватых, прыгожых яркаю жаўцізною валасах.

— Гавары праўду, — папрасіла, але, здаецца, з не меншай, чым у мяне, няёмкасцю. — Я зусім не тая жанчына, якая табе трэба?

— Жанчына як жанчына, — адказаў я i, можа, нават зусім натуральна. — Першы раз, мабыць, ва ўсіх не зусім так выходзіць...

— Я не пра тое, — нявесела сказала яна. — Што да цябе, ты мужчына як мужчына... Ад цябе нармальныя жанчыны павінны быць у захапленні. А я, адчуў, была халодная, не магла адказаць агнём на твой агонь. Сорамна, але мушу сказаць: я не магу быць з мужчынам ва унісон, не ведаю, што такое, калі казаць мовай адпаведнай літаратуры, пік ды фініш... Дваіх дзяцей нарадзіла, але не адчувала таго, што адчуваюць многія жанчыны.

— Ca мной зведаеш, — усміхнуўся я, схіліў яе на свой плячук. — Я ж таксама яшчэ многага не адчуў як мужчына, дык мы з табой разам амалодзімся...

— Ты — слаўны, — цёпла прамовіла Ксеня. — Ты спадабаўся мне i па тэлефонных размовах, i тут, у першую нашу сустрэчу на вакзале. Была радая, нават шчаслівая, калi ты любаваўся мною ў гасцях у сяброўкі, калi прытуляў у таксі. Я засумавала без мужчынскай пяшчоты. Праўда, ідучы ў гасцініцу, вагалася: сустрэцца з табой тут альбо не? Мне хацелася пасядзець побач сам-насам, убачыць твае цёплыя позіркі, шчыра i даверліва пагаманіць. Але я адчувала: ты, здаровы i паўнацэнны мужчына, не задаволішся толькі гэтым, захочаш, каб я стала тваёй, i мне будзе цяжка засмуціць цябе. Не згаджуся — будзеш пакутаваць, згаджуся — вялікай радасці не адчуеш. Скажы вось шчыра: нам добра, што мы блізкія душой, але i табе, i мне цяжка, што я не падыходжу табе як жанчына?

— Падыдзеш! — я гарэзна адкінуў убок прасцірадла, асыпаў пацалункамі яе шчокі, вусны, шыю i грудзі, зноў узбудзіўся.

Цяпер яе пацалунак у адказ быў ахватнейшы, а плоць была не толькі падатная, але нібы нават спрабавала затрымцець.

Ксеня, удзячная за маю пяшчоту, гладзіла далонню мне шыю i плечы, але зноў не страціла развагі, не адчула страсці, толькі пазней пяшчотна прамовіла:

— Ты зусім стаміў мяне. Ты яшчэ малады i дужы.

— I ты яшчэ маладая, — наўмысна пахваліў яе я.

— Не, — адказала. — Я не ўмею, не магу кахаць як след. Я ж не маніла, гаварыла праўду: не падыходжу да кахання, нявартая палюбоўніца...

— Быць не можа, каб я не ўваскрасіў у табе жанчыну! — знарочыста бадзёра сказаў я.

— Мабыць, не. Такая ўжо мая планіда, — уздыхнула. — Не крыўдуй, калі больш не захачу быць тваёй. Павер, я не хачу расчароўваць цябе, глуміць у табе мужчыну. Кажу зусім шчыра: я магу пазнаёміць цябе з жанчынай, з якой ты зведаеш тое, чаго, мабыць, яшчэ не зведаў. Пажыві, пацешся жыццём i маладымі яшчэ гадамі. Я ж заўсёды i ва ўсім буду табе надзейным сябрам.

— Я ж, Ксеня, не проста жадаю жанчыну, а тую, без якой не магу, — адказаў я. — Жанчына можа быць прыгожая, страсная, але калі яна не будзе шчырая i добрая, сапраўднага кахання з ёй не будзе.

— Я ўсё разумею. Але я не магу ашчаслівіць цябе. Ёсць у прыроды няўдалыя асобіны. Я — адна з ix. Сама я з гэтым ужо змірылася, але засмучаць такога слаўнага чалавека i мужчыну, як ты, не хачу.

Ужо не саромеючыся, прыўзнялася, паўлегла на мяне i ўзяла са стала цыгарэты. Я палашчыў яе рукі, грудзі, пакатую спіну.

— Дзякуй, ласкавы мой, — пацалавала мяне ў шчаку. — Ты не супраць, я закуру?

— Куры.

Запаліла цыгарэту, пыхнула дымам i зноў стала звычайнай Ксеняй — гаваркой i гарэзнай.

...Я сустракаўся з Ксеняй амаль год. Мы, бывала, сазвоньваліся, дамаўляліся сустрэцца ў яе горадзе альбо ў Мінску, падоўгу сядзелі ў гасцінічным нумары, патрошку смакавалі каньяк ці віно, гаманілі, былі блізкія. Ксеня ўжо не супраціўлялася, была даступная, нават спрабавала, як я адчуваў, тое-сёе імітаваць, але ў рэшце рэшт папрасіла: «Васілёк, кажу ж, ты скарб, толькі дурная жанчына можа адмовіцца ад цябе. Але я ніколі не стану такой, якой ты спадзяешся мяне ўбачыць. Дык панічна баюся ўжо: ты хутка адвернешся ад мяне. Як ад жанчыны, так i ад чалавека. Я не хачу, нават баюся гэтага. Я палюбіла цябе, як добрую душу, як сябра. А што да кахання, дык паслухай мяне, дай згоду пазнаёміцца з адной мілай жанчынаю. Я ж табе абы-каго не параю...»