Выбрать главу

Не ведаю, можа, ты, мой слухач, не паверыш, што магло такое адбывацца паміж мужчынам i жанчынаю. Павер, было. Мы з Ксеняй перасталі быць каханкамі, хоць перазвоньваемся, зрэдку сустракаемся i цяпер. Думаю, яна не мае іншага палюбоўніка, аддае душу рабоце, дзецям i сяброўскай жаночай кампаніі, дзе гарэзуе i хораша спявае, я таксама іншай палюбоўніцы не завёў, здаецца, неблагі службовец i сем'янін.

Я ні на кога не крыўдую, але часамі возьме i накоціць нечаканы смутак, а то i жаль: кроплі гадоў капаюць адна за адной, ix для цябе становіцца ўсё менш i менш, а ты так i не зведаў, што такое любоўны жар...

1991 — 1992

I свае, i чужыя

1.

Рэгіна ішла-ішла, а пасля міжволі зірнула ўверх: за белыя, што гурбы снегу, толькі па краях падсіненыя воблакі заплыло невялікае няяркае сонца i раптоўна ўзвіўся налётны дзьмухавей. Здаецца, прамчаўся, гонячы замець, па доле, ударыўся аб сцяну, падскочыў угору, засвістаў пад страхою, а пасля выскачыў на дах i змёў з яго сухі снег. Ён, сыплючыся з даху, лёгка падаў долу, церусіўся i выснежваў абкладзеную рудою пліткаю сцяну, высокую елку, рослага мужчыну ў чорнай пыжыкавай шапцы i ў чорным паліто. Ён стаяў паблізу дома i пазіраў на сваю руку — на гадзіннік.

Як убачыла, што мужчына ад неўспадзеўкі ўгнуўся, ледзь не ўцягнуў у плечы шыю, Рэгіна развесялілася i ўсміхнулася, хутчэй пакрочыла да яго па рыпкім снезе. Яшчэ нядаўна яна адчувала стомленасць ад доўгай працы, ад непрыемнай спрэчкі са сваім мармытлівым намеснікам, але цяпер адразу ўсё — i стома, i спрэчка — забылася, з'явілася лёгкасць, тая сіла, вера, з якімі не толькі хацелася жыць, працаваць, але i ахватней верылася ў такое блізкае i такое няўлоўнае жаночае шчасце...

Як толькі аціхнуў узвей, Сяргей зняў вушанку, строс з яе белы пух, рукаўкамі змёў снежны пыл з бабровага рыжаватага каўняра, азірнуўся — і, як згледзеў яе, вочы ды вусны яго кранула ўсмешка. Усміхнуўся і, здаецца, вельмі пахарашэў, хоць i так быў прыгожы мужчына.

— Нарэшце бачу вас... — ён наблізіўся, хуценька цмокнуў у шчаку, ахаладзіў яе скронь настылай поўсцю абснежанай вушанкі. — Ну, добры дзень, радасць мая!

— Здароў, Сярожка! — ціха сказала яна, падала руку, з радасцю адчула, як ён моцна сціснуў яе ў сваёй гарачай далоні. — Прабач, калі ласка, што запазнілася. У другі раз бяруся хоць на хвіліну, але прыходзіць раней...

— Што ж, i гэта добра, — усцешыўся ён, не выпусціў яе рукі, i яны пайшлі поплеч. — Хоць калі трэба i ўзбунтавацца... — ён пацягнуў яе за руку i прытуліў да сябе.

Рэгіна, прыхіляючыся, наўмысна дзюбнула яму ў шчаку раз-другі носам: я ж жанчына, маўляў, i мяне трэба разумець, a ўзбунтавацца не дазволю...

— На нас жа глядзяць людзі, Сярожа, — потым прашаптала яна. — Ды не ў нашы гады так ужо гарэзнічаць...

— Ну i няхай! — махнуў ён рукою. — Ніякі я яшчэ не стары, я закаханы... А закаханым усё можна... Хто скажа, што гэта не так? Хіба той, хто ніколі не кахаў...

— Ладна табе, — яна ўзяла яго пад рукі, i яны — моўчкі, толькі ўсміхаючыся — паволі пайшлі па расчышчанай сцяжыне.

У прасторным, выкладзеным бела-рудою пліткаю, светлым ад белых сцен i дзённага святла фае Сяргей памог ёй скінуць футра, падаў яго — доўгае, цяжкое — старому гардэробшчыку, распрануўся сам i ўзяў пададзеныя ленаватым гордым старым два нумаркі; Рэгіна за гэтую пару падышла да вузкага, але высокага люстэрка, аблямаванага чырвона-карычневым дрэвам з рознымі ўзорамі, паглядзелася. Спачатку, крышку адышоўшыся, зірнула на ладныя, як прыліплыя да ног, замшавыя высокія боты, а тады падышла ўжо бліжэй, узняла рукі i пачала папраўляць на галаве чорны парык, заадно i любавацца сваім прыгожанькім, як яна лічыла, тварыкам. I ў гэтую хвіліну ў люстэрка ўбачыла Сяргея. Убачыла не ўсяго, а толькі яго вочы, гарэзны позірк, ім ён, ловячы хвіліну, што яна падымала рукі i ўзнімала міжволі сукенку, акідаў яе з ног да галавы i, здаецца, лашчыў яе гэтым позіркам лепш рук ды ўсякіх слоў.

Яна наўмысна пастаяла так яшчэ крышку, каб ён паглядзеў на яе з захапленнем, а пасля «грозна» паківала яму ў люстэрка пальцам: хіба можна так, бессаромнік?! — i павярнулася да яго.

— Каюся... — пацвеліўся ён. — Больш не буду.

— Ну-ну, так я табе i паверыла! — адказала яна i ўбачыла, што ён сёння ў новым чорным касцюме, белым світэры, загнутым пад барадою ў прыгожую складку.

Яны падняліся па шырокай лесвіцы на другі паверх, дзе ў шырокай, як акінуць вокам, зале з высокімі круглымі калонамі, на баках якіх віселі гаршчочкі з кветкамі, было ўжо даволі шмат людзей. Падаліся ў «свой куток», дзе яны, ужо даўно дамовіўшыся ca знаёмай афіцыянткай Жэнечкай, сядзяць раз ці два ў тыдзень — калі сустракаюцца.