Выбрать главу

— Булён, эскалоп ды каву пасля, — сказала яна, ставячы ім стравы на стол. — Смачна вам есці i піць!

— Дзякуем, — амаль у адзін голас адказалі яны.

— Ну, мілы, за твае слаўных трыццаць годзікаў! — калі Жэнечка адышлася i Сяргей наліў у чаркі пітва, ціха сказала Рэгіна, пазіраючы то на рудую пахкую вільгаць у кілішку, то на пачырванелага ад хвалявання Сяргея. — Будзь i ў сорак, i ў пяцьдзесят гэтакі ж здаровы, шчаслівы, май вялікія ўдачы па рабоце i ніколі не забывай ды не пакідай аднаго знаёмага табе чалавека...

— Дзякую! — усміхнуўся i ён. — Але давай толькі дамовімся, каб гэты знаёмы чалавек, з якім мы хутка будзем святкаваць гадавіну першай сустрэчы, таксама не забываў мяне, не меў больш ніколі такіх... ну, грозных думак у галаве...

— Ён абяцае табе гэта... — усміхнулася, дакранаючыся да яго кілішка, Рэгіна.

— Вось i добра, — узрадаваўся ён. — Мне болей нічога i не трэба.

Яна плюснула яму раз-другі вачыма, ціхенька пацмокала вуснамі — маўляў, моцна-моцна цалуе яго.

...Як пасядзелі яшчэ, пагаварылі ды натанцаваліся, выйшлі адсюль яны не позна, але i не рана для яшчэ кароткага лютаўскага дня — сама згусцілася, паніжэла над горадам шэрае, як туманістае, неба, неяк жаўцеючы ад агнёў. Ля тратуараў i надта ля дрэў прычарнеўся снег; вакол пакрысе пачаў аціхаць, здаецца, няўмоўчны гарадскі шум, i таму ўжо добра чулася, як i далекавата на шырокіх вуліцах праходзілі аўтобусы ды тралейбусы. Тралейбусы гучна ляскалі падпоркамі аб дрот, бліскалі на стыках агнём, кідаючы долу яркія іскры.

Падхапіўся, паціснуў марозік, пачаў шэрхнуць снег, што крышку прыадтаў за сонечны дзень. Але ўсё роўна неяк адчувалася, трывожыла душу няяснае пачуццё, што свяціла сонца, падалі ў зацішку з дахаў кроплі вады, што цяпер, нанач, загусцелася, правісла яшчэ маленькімі i тоненькімі ледзяшамі, што праталіўся снег ля нагрэтых камлёў дрэў, што мякка ўжо дымеліся стрэхі маленькіх дамоў, што стаялі між высокіх гмахаў, словам, трывожыла, што пара ішла да цяпла... Як гарачым, сухім летам прагнеш халоднай, снежнай ды мяцелістай зімы, гэтак такою вось зімою чакаеш вялікага святла, зелені ды сонечнага прыпёку...

— Спыняем таксі i едзем... — лагодна сказаў Сяргей, тулячы яе ды моцна абдымаючы за спіну i, як толькі засталіся адны на вузкай цемнаватай вуліцы, пацалаваў яе ў куточак вуснаў. — Чуеш?

— Не цалуйся на марозе... — усміхнулася яна. — I давай, мілы, пройдземся. Такі слаўны вечар! Хочацца некуды ісці i ісці, як да блізкага свайго шчасця...

— Я вельмі хачу хутчэй быць дома... — ён шапнуў ёй у вуха перарывістым голасам, даткнуўся вуснамі да яе мочкі вуха, што яна аж уздрыгнула.

— Вельмі хочаш хутчэй паехаць? — запытала яна крышку з какецтвам, бо хацела, каб ён гаварыў i гаварыў ёй пяшчотныя словы, туліўся, ад чаго ў яе заўсёды аж перахоплівала дыханне, крышку кружылася галава i на душы станавілася легка.

— Вельмі! — шэптам адказаў ён, прыгарнуў да сябе, пацалаваў.

— Паехалі тады хутчэй, міленькі... — ca згодаю прашаптала яна, адчуваючы, што ў яе чамусьці раптоўна аслаблі ногі, але на душы напраўду стала легка, шчасліва, як яна была ў якім харошым сне...

2.

З ціхай вуліцы — праз не зусім шчыльна зацягнутыя занавескі на акне — струменілася ў цёмны i ціхі пакой ліхтарнае святло, рассявалася, ад чаго тут выстойваўся жоўты паўзмрок.

Рэгіна, зусім ахмялелая, стомленая, але вельмі лёгкая, як зусім бязважкая, легла на Сяргееў смуглы плячук i пазірала яму ў твар, як не верыла ўсё роўна, ці тут яна, ці побач з мілым чалавекам, ці яны іменна зведваюць гэтакае шчасце, гадала, a ці паўторацца яшчэ калі такія цудоўныя хвіліны?

Сяргей, заклаўшы рукі пад галаву, ціха i спакойна ляжаў побач, накрыўшыся па грудзі цёплай коўдрай, ледзь-ледзь прыкметна пасміхаўся, а пасля прыхіліў яе за шыю да свайго пляча i пагладзіў далоняю па спіне.

Яна тулілася шчакою да яго грудзей, слухала, як там, аціхаючы, тахкае сэрца, i ўспамінала, нават не ўспамінала, а здаецца, усё яшчэ чула, што гаварыў Сяргей ёй, што сама з пяшчотаю шаптала. Чамусьці цяпер засаромелася, што была такая i што Сяргей быў такі. Заплюшчыла вочы, усміхнулася: вось такія яны абое...

Але не хацелася ні пра што гаварыць, цягнула памаўчаць, паляжаць прытуліўшыся i нават ні пра што не марыць, а хутка заснуць. Каб i цяпер, i прачнуўшыся, адчуць сябе шчаслівай, адчуць, што зноў будзе наперадзе любімая работа, сям'я, зноў будуць такія вось жаданыя сустрэчы з Сяргеем...

Рэгіна паляжала крыху, моўчкі пацешылася сваім шчасцем, а пасля пачала соладка драмаць, паглыбляцца ў нейкае салодкае, лёгкае i жаданае мроіва-цяпло, як неспадзявана, аж уздрыгнула, пачула рэзкі званок у дзверы.