Першыя гады яны, здаецца, па-сапраўднаму закаханыя, жылі ўзбуджана i нібы ў заўсюдным руху, амаль зусім адарваныя ад зямнога побыту: не прапускалі ніводнага новага, асабліва замежнага фільма, гучных спектакляў сваіх i гастрольных тэатраў, хадзілі ў турпаходы, млелі па спеваках, што адзін за адным станавіліся кумірамі моладзі. Пазней, калі пайшлі дзеці, калі навалілася процьма хатніх турботаў, жонка неяк адразу змянілася, пацягнула за сабой яго, пачала глядзець на сваю, настаўніцкую, працу толькі як на заробак, a ў вольны час шаравала кухню ды ванную, гатавала абед альбо бегала па магазінах, шмат трацячы часу i энергіі на тое, каб дзе купіць ці «дастаць дэфіцыт» — i тады ўжо, у брэжнеўскія часы, было модным насіць на сабе не сваё, а замежнае. Яно пачало ўсё больш i больш лічыцца не толькі праявай добрага густу, але i прэстыжам. Невыпадкова ж сярод такога люду была пахвальба: «На наш мільённы Мінск прыйшло сто такіх сукенак (паліто, ботаў, футраў альбо шапак), адна дасталася мне». Тых, каму штосьці даставалася ў ліку дваццаці пяці, дзесяткі, тройкі, у адной асобе, ён, Міхась i ў вочы не бачыў. Казалі, найбольш «дэфіцытнае», як кажушкі, спачатку размяркоўваў міністр гандлю, а пасля пачалі ўжо дзяліць гэта ў ЦК. Жартавалі, як адзін народны пісьменнік пайшоў да дырэктара ЦУМа папрасіць новую шапку. Той запытаў: «Хто вы?» Класік назваўся. «Мне не трэба ваша прозвішча, — сказаў гаспадар уплывовага кабінета. — Назавіце сваю пасаду». — «Я — народны пісьменнік». Дырэктар дастаў з сейфа блакнот з тайным спісам, пагартаў яго i непарушна прамовіў: «Я магу даць вам шапку не вышэй андатравай». Міхасёва жонка не трапляла ні ў якія спісы, у ix не было для гэтага знаёмстваў, a калі той-сёй мог штосьці дастаць, дык не кідаўся памагчы: дапускаў у сваё кола патрэбных людзей толькі тых, хто мог быць нечым карысны.
Што да інтымнага жыцця, яны, здаецца, зведалі малады шал, любоўную ўцеху i радасць, але паволі пачалі спакайнець (у першыя гады не маглі вытрымаць адно без аднаго да вечара, змаўляліся i сустракаліся дома ўполудзень), маглі дзень, два, а то i тыдзень спаць спіной адно да аднаго. Неяк самі па сабе зніклі заляцанні i гуллівасць.
Жонка за пятнаццаць гадоў сямейнага жыцця паправілася, нават памажнела, стала ўжо саліднай цёткаю; год за годам пачаў мяняцца i яе характар. Яна ўсё больш станавілася рэзкай, успыльчывай, магла нават з-за дробязі накрычаць на дзяцей i на яго, без канца наракала на тое, што зашмат турботаў выпадае на яе жаночую долю.
Раней яны любілі хадзіць у госці да яе i яго сяброў, да родных, запрашаць ix да сябе; амаль заўсёды, як лічыў ён, нават у «застойный гады» бяседы былі з добрым пітвом i закускаю, доўгія, вясёлыя, з песнямі i танцамі, але паступова якраз жонка пачала разбураць усё гэта. Ён мала прыглядаўся да таго, хто ў што апрануты, хто як зірнуў ці што сказаў, а яна прыкмячала ўсё да драбніц, год за годам перабірала i адпрэчвала ад сябе знаёмы люд. Яны пачалі ўсё радзей хадзіць да кагосьці, a іншыя прыходзіць да ix. «У цябе сябры альбо няўдачнікі, альбо выпівохі, — дакарала яна, калі ён, скажам, пасля зарплаты прыводзіў каго з канструктарскага бюро дадому ці зазіраў з ім у бар. — Разумныя з такімі не валаводзяцца, разумныя заводзяць дружбу не абы з кім, а з патрэбнымі людзьмі». — «Але гэта не дружба, гэта хаўрус». — «Твой дружбак нічым табе не паспрыяе, пагняце толькі сваімі нараканнямі i папрокамі табе душу, а вось патрэбны чалавек памог бы дастаць мне добрае паліто». Даставалася не толькі ягоным сябрам, але i ягонай, як жонка лічыла, хітраватай i эгаістычнай радні, яму самому, па яе словах, вельмі даверліваму i простаму, якога абводзяць вакол пальца нават малодшыя брат i сястра. Калі ён, бывала, гаварыў ёй насуперак, абараняўся, што якраз ён атрымаў іхнюю трохпакаёвую кватэру, прыносіць асноўны сямейны заробак, яна толькі злавалася: «Ай-яй-яй! Ашчаслівіў! Жыву ў палацы, ем на серабры i золаце, езджу на лімузіне, фаршу ў леапардавым футры, а за мяне гарбаціць спіну на кухні i ў ванне пакаёўка!»
Што да апошняга, дык гэта вельмі хвалявала Міхася. Ён адчуваў, што не ўсяго дабіўся, што мог, штосьці яму i не на сіле, не так сябе паводзіць, аде не мог зразумець, адкуль столькі злосці ў жонкі. У запале яна выгаворвала яму нават за тое, з чаго раней жартавала альбо на што нібы зусім не зважала; раней ён у спрэчцы ці гарачыўся, ці адступаў, прасіў нават выбачэння, а цяпер зацята замаўкаў, цярпліва ўсё выслухоўваў i гэтым яшчэ болей распаляў яе. «А яму, бач, усё роўна!» Некалькі разоў, калі спрэчка пераходзіла ў сварку, жонка пісала заяву на развод, кідала яе яму, але далей смеццевага вядра гэтая паперына не ішла.