Выбрать главу

Нейкі час, можа, з месяц, мы, позна затрымліваючыся ў маім кутку ўдваіх, чыталі, гаманілі пра самае рознае, нямала туліліся i цалаваліся, але не пераходзілі забароненай мяжы. Пазней нашы пачуцці i ўзбуджэнне перахліснулі розум i развагу. У адзін позні вечар, калі запалымнелая Іста як ніколі аддана зашаптала: «Я ўся-ўся твая...», здарылася тое, што не магло не выйсці паміж закаханымі маладымі. Пасля гэтага Іста пачала часта заставацца ў мяне нанач, але дома гаварыла, што была ў сяброўкі. Падман хутка выявіўся; пільная маці змусіла дачку расказаць пра ўсё, адразу ж павяла яе да ўрача, а той ашаламіў яе: віншую, хутка вы будзеце бабуляй.

Ісцін дом перапоўніўся ад папрокаў i слёз; маці, не бачачы i не ведаючы мяне, абрынула знявагі i праклёны; Іста, не могучы абараніцца, урэшце прыхапіла тое-сёе з адзення, грукнула дзвярыма i перайшла жыць да мяне. Мы з ёй рашылі: калі яе бацькі не прымуць мяне як зяця, не згодзяцца з'яднаць нас як мужа i жонку, мы будзем ладзіць сваю сям'ю, свой дабрабыт самі — праўда, не на беразе вялікага i прыгожага Чорнага мора i не ў вёсцы, а тут, у невялікай маёй мінскай каморцы. Мы дамовіліся: Іста пакуль што будзе вучыцца, а я пайду працаваць.

Ды яе родныя зажадалі мяне ўбачыць i пагаварыць (як пазней я даведаўся, на гэтым, вярнуўшыся з камандзіроўкі i ўведаўшы пра доччын сюрпрыз, настаяў Ісцін бацька).

— Тата — кадравы вайсковец, камандзір дывізіі, — ведучы мяне на суд сваіх бацькоў, больш чым калі пачала расказваць пра сваю сям'ю Іста (яе маці хацела, каб староннія не ведалі, хто яны i як жывуць). — Ён строгі, але добры, высока цэніць дабрыню ў іншых i ненавідзіць зло. Мама па прафесіі медык, але даўно ўжо не працуе, як сама кажа, прысвяціла сябе тату i мне. Яна таксама строгая, але не зусім добрая. Бывае шчырая, вясёлая, спагадная, але тут жа можа стаць капрызнай, самалюбівай i злой. Яна, колькі помню, тыраніць тату, то без дай прычыны раўнуючы яго да афіцэрскіх жонак, то вучачы i дакараючы, як яму жыць i паводзіцца, колькі i чаго мець у хаце. Тата апраўдваўся, уніжаўся, цярпеў i церпіць, але апошнія гады, як я падрасла, пачужэў да мамы, яшчэ болей улёг да службы. Мама пачала тыраніць мяне. З-за кожнай драбязы. То я не тое апранула, то я ёй не так, як трэба, адказала, то... Адным словам, слёзы ды істэрыка ў нас амаль кожны дзень. Дайшло да таго, што я, у маленстве хваравітая, «змарнавала ёй маладосць». Што да майго замужжа, дык мама хоча, каб я выйшла i не за вясковага, i не за простага гарадскога хлопца, а за якога-небудзь сынка нашых кіраўнікоў альбо вядомых вучоных. Так што, Алеська, да цябе мама насцярожаная. Тату ты спадабаешся. Ён сам з рускай вёскі, дык любіць вясковых. Тым больш такіх, як ты. Рослых, дужых, добрых i прыгожых.

— Ты так i бацькам хваліла мяне?

— Так, — прытулілася да мяне. — Хіба ты не такі?

— Не зусім.

— Такі. Я любуюся i ганаруся табой. Не зусім веру, што ты дастаўся якраз мне.

— Напужала ты мяне, — прызнаўся я, дагэтуль нават не думаючы, што магу трапіць у строгую генеральскую сям'ю. — У мяне ажно дрыжаць калені.

— У цябе? — усміхнулася Іста. — У такога асілка?

— Хіба ў мяне не звычайнае чалавечае сэрца?

— Не бойся, — супакоіла яна. — Я не дазволю цябе крыўдзіць. Хоць мама лічыць, што вясковага не навучыш добрым манерам, але нідзе не дзенецца, здасца. — Шапнула з пяшчотай: — Мы з табой ужо муж i жонка... Хочуць ці не хочуць, але нашы бацькі павінны гэта ўлічыць.

Дзверы адчыніў нам Ісцін бацька — высокі, плячысты, сіваваты прыгожы мужчына сярэдніх гадоў у цывільных шырокіх клёшных штанах i белай кашулі.

— Іван Іванавіч, — адказаўшы на маё вітанне, стрымана назваўся. Потым павыбачаўся, што гаспадыня пакуль што не можа сустрэць нас, папрасіў Істу зайсці да яе, а мяне павёў у свой кабінет — у прасторны пакой з дзвюма шафамі, як паспеў я адразу ўхапіць вокам, кніг па гісторыі i вайсковай справе, з канапаю, з пісьмовым сталом i радыё, з вялікай картай СССР ды з партрэтамі Сталіна i Варашылава. У пакоі сеў на крэсла пры стале, а мяне знакам пасадзіў непадалёку на канапе.

— Ну што, малады чалавек? — абмацаў позіркам строга, але неспадзявана загаварыў па-беларуску. — Пазбавіў цнатлівасці маю дачку?

Запытаў ён як бацька, канечне ж, справядліва, але ж вельмі, як палічыў я, па-лабавому. Я не вытрываў, апусціў вочы: што ні кажы, віна за мной была.