Выбрать главу

— Хіба, дарагая, не ведаеш, пра што ў ix, маладых, найперш думкі? — здаецца, пачаў ратаваць мяне гаспадар. — Іншыя прыйдуць пазней, калі ix укусіць свая вош.

— Памаўчы, калі ласка, — абарвала яго жонка. — Твае вясковыя мудрагельствы тут недарэчы. Маладосць маладосцю, а трэба думаць i пра будучыню.

— Не прапалі некалі вы, маладыя, не прападзём i мы, — умяшалася ў размову Іста. — Алеся бяруць на работу на радыё, увосень выйдзе ягоны зборнік паэзіі.

— I ты памаўчы, калі ласка, — абарвала i яе гаспадыня. — Я хачу пачуць голас галавы сям'і, на кім увесь клопат, увесь цяжар i пра жонку, i пра дзяцей.

— Дзякуй Богу, я здаровы, заканчваю універсітэт, дык буду мець працу, заробак i ганарары, — сказаў я. — Думаю, нам будзе хапаць гэтага.

— I колькі ж вы будзеце мець? — скрывілася мая будучая цешча. — Мільён? На сябе, на жонку, якую паспяшаліся зрабіць цяжарнай?

— Мама! — Іста шпурнула на стол відэлец. — Альбо ты перастанеш, альбо мы з Алесем выйдзем з-за стала!

— Як ты размаўляеш з маці? — ускіпела, адразу ж налілася чырванню тая. — Хіба я, маці, не маю права запытаць, як будуць клапаціцца пра маю дачку?

— Як i ўсе маладыя мужы пра маладых жонак! — не саступіла ёй Іста. — Вы ж, кажу, таксама пачалі не з таго, што маеце цяпер.

— Я не магу, калі ca мной так размаўляюць, — зморшчылася, ледзь стрымліваючыся ад плачу, гаспадыня, зірнула на мужа, чакаючы, што той заступіцца за яе. Убачыўшы, што той хмурыцца, але не падымае галавы, шпурнула на стол сурвэтку, падхапілася з крэсла, напала на Істу: — Няўдзячная! Колькі начэй я не спала з-за цябе, колькі выплакала слёз, каб ты выжыла! А ты... Ты — распусная! Ты на каленях павінна прасіць даравання, а ты... А вы...

Аж задыхнулася ад эмоцый, пачала зяхаць, як выкінутая на бераг рыбіна.

— Супакойся, дарагая, — падняў прыгожую галаву i папрасіў гаспадар. — Калі паразважаць сур'ёзна, няма ж нічога страшнага. Усё звычайна, натуральна. Іхні малады вонкавы эгаізм, калі яны думаюць толькі пра сваё, i не эгаізм на самай справе. Яны кахаюць адно аднаго, хочуць ладзіць усё, як разумеюць самі. I мы такія ж былі. I іхнія дзеці будуць такія. Усё гэта — вечны працэс. На ім род людскі трымаецца.

— I ты!.. — Аж затрэслася ад свайго мацярынскага жалю, а можа, i па страде сваёй маладосці жанчына, а пасля шыбнула ў суседні пакой i моцна ляпнула дзвярыма.

— Усё будзе добра, дзеці, — пяшчотна i мудра прамовіў камдыў, паціснуў дачцэ i мне плечукі. — Выбачайце, пасядзіце, пад'ешце добра, а я пайду да маці, супакою яе. — А тады ўжо мне. Пацішэлым голасам: — Не абурайцеся i не дакарайце. Яна, Ісціна мама, сапраўды прысвяціла жыццё мне i Ісце. Яна жыве для нас. Дык не можа не хвалявацца за лёс роднай дачкі, якую цяпер мусіць аддаць іншаму. Я, ужо ўмудроны жыццём чалавек, бачу: вы — надзейны, сапраўды, Іста за вамі не прападзе. Больш — я вам сябра, калі хочаце, я ваш бацька.

Не толькі супакоіўшы, але i расчуліўшы, падаў мне руку. Я падхапіўся i шчыра, не як будучы зяць, а як сын, моцна паціснуў руку, як i гаварыла Іста, строгага, але справядлівага i добрага чалавека. Камдыў зразумеў мае пачуцці, зычліва ўсміхнуўся, прыблізіў, сутыкнуў нас галовамі, — значыць, цалкам давяраючы мне сваё адзінае i любімае дзіця, — i пайшоў да жонкі.

— Не хвалюйся, — прытулілася да мяне Іста. — Не толькі тата, але i мама цябе прыме, палюбіць. Яна яшчэ не старая, дык, мабыць, вельмі перажывае, што я ўжо люблю не толькі яе, але i іншага. — Прыпала да маіх вуснаў, а пасля, калі не хапіла сіл для пацалунка, прашаптапа: — Алесік, ты ж цяпер мне самы блізкі i дарагі. Тата меў рацыю: тут — эгаізм i не эгаізм. Эгаізм — таму, што я цяпер думаю, дбаю не толькі пра бацькоў. А не эгаізм — таму, што я цяпер, любячы, паважаючы маці i бацьку, люблю — не, не толькі люблю, але i кахаю іншага. Майго даражэнькага Алесіка, з якім мы хочам злучыць летуценнасць i рэалізм.

— Iста, Істачка, — толькі мог ад шчасця знайсці нейкія словы я. — Я цябе i люблю, i кахаю. — Бадай, толькі цяпер я, сякі-такі паэт, адчуў адценне гэтых беларускіх слоў.

— I я, Алесік.

Карацей, пасля таго дня я перабраўся жыць у генеральскую кватэру, праз тыдзень прыехалі для знаёмства мае бацькі, а яшчэ праз тыдні два мы згулялі вяселле («О! — пачалі ўсклікаць у маёй вёсцы. — Наш Алесь высока ўзляцеў: паэт, ажаніўся з дачкой генерала!»). Калі я заявіўся з Істай у вёску, дык мяне там сустракалі як чэлюскінцаў альбо так, як яшчэ нядаўна сустракалі касманаўтаў. У генеральскай пяціпакаёвай кватэры нам з Істай дасталіся два пакоі — адзін, як настаяў мой цесць, быў для мяне, паэта, за рабочы кабінет, каб я ў цішыні мог даць ход, жыццё сваім думам i пачуццям.

Цесць-генерал дні i ночы прападаў у сваёй дывізіі, дома стыкаўся рэдка; калі заяўляўся, дык адразу пытаўся пра жончынае здароўе, а пасля імкнуўся да нас («Ну што ў вас, дзеці, новае?»), слухаў нашы навіны, клопаты, хораша ўсміхаўся, здаецца, што мы якраз гэткія — маладыя, шчырыя, а то яшчэ i наіўныя; я хутка не толькі прывык, але палюбіў яго. Мы з ім прыахвоціліся ў вольны час разам майстраваць у ягоным гаражы, дагледжваючы легкавік, рамантуючы крэслы, а то проста седзячы ўдвух i адпачываючы за гульнёй у шахматы. Калі да яго падыходзілі знаёмыя афіцэры, ён хваліўся: «Мой зяць, Алесь». I да мяне вайскоўцы былі прыхільныя, а з некаторымі я нават пасябраваў. Што да Ісцінай маці, дык яна адасобілася, не замінала нам з Істай; Іста хутка памірылася з ёй («Мамачка!» ды «Міленькая мамачка!»), а тая, бачачы, што мы з Істай не можам быць адно без аднаго ні хвіліны, ужо не ўсчувала дачку за «не тыя манеры», а можа, як не раз я думаў пазней, раўнавала i чакала, чым усё скончыцца. Зрэшты, не ведаю, не буду гаварыць за паджылаватую ды тым больш эмацыянальную, хваравітую жанчыну.