Выбрать главу

— Вось яшчэ наш беларускі крыж — машыны. Пакуль у беларуса ёсць машына, яго з месца не скранеш.

Па дарозе Літаў расказаў, што сам рускі, родам з Расіі, пабыў паўсюль, аб'ездзіў усю Еўропу, але нідзе не было лепш, чым тут; у Беларусі жыве ўжо тры гады, мае від на жыхарства, які дае права праз дзесяць гадоў стаць закон­ным грамадзянінам.

— Засталося ўсяго сем.

— І за гэты час вы так далучыліся да нашай культуры?

— Лічу сваім абавязкам і доўгам перад краінай,— крыху пафасна адказаў Літаў,— якая мяне прытуліла, хоць бы збольшага, у агульных рысах, ведаць яе мову, гісторыю і народныя звычаі.

Машына выехала на кальцавую. Тут, за горадам, снегу было менш, чым у Мінску. Проста ў лабавое шкло свяціла зыркае чырвонае сонца, якім яно ўмее быць толькі ў канцы зімы. Літаў, не сціхаючы, усё расказваў пра сябе: што сувязей з Беларуссю ў яго ніякіх, але цяга на генным узроўні заўсёды існавала: напрыклад, калі чуў песню пабеларуску, заўсёды падымаўся камяк да горла і «находзіла шчымлівае зачараванне даўнімі, забытымі, як салодкі сон, гукамі, нечакана ўспомненымі,— так ён выказаўся.— Ды і само прозвішча Літаў: Літаўт — Вітаўт — Літва...», а Саму­сенка адказаў на гэта: «Адзін мой знаёмы філолаг звярнуў увагу, што ў нас амаль няма прозвішчаў з коранем «беларус», напрыклад, Беларусовічаў ці Беларусоўскіх, затое процьма Ліцвіноўскіх і Ліцвіновічаў».

Звярнулі з кальцавой, праехалі кіламетры два ўгару; Самусенка ведаў гэтае месца, праязджаў аўтобусам, калі ехаў на дачу, бачыў, што вялося нейкае будаўніцтва, але, канечне, не мог і падумаць, што неўзабаве сам тут апынецца. Спыніліся перад белай агароджай з рыфлёнага алюмініевага профіля, уехалі праз металічныя вароты ў двор. Захрабусцеў гравій пад коламі. Самусенка выйшаў з машыны. Дзверы гаража рассунуліся. Пакуль Літаў ставіў машыну, Самусенка агледзеўся. На самым высокім месцы стаяў белы трохпавярховы дом пад зялёнай металадахоўкай: першы паверх шырокі, другі меншы, трэці яшчэ меншы; з белымі пузатымі калонамі, з высокімі паўкруглымі вокнамі ў раманскім стылі, з балкончыкамі, агароджанымі ажурнымі чыгуннымі парэнчамі; самы верхні балкон быў закратаваны. Уся сядзіба, уключаючы двор, размяшчалася на схіле, як на невялікіх тэрасах. Ад адной тэраскі да другой каскадам спускалася падмеценая дарожка. На ніжэйшай ад двара тэрасе быў вялікі, авальнай формы, як дзіцячы каток, каркасны басейн (такія Самусенка бачыў у Францы калі ездзіў да дачкі ў госці), закансерваваны на зіму, закрыты драўлянымі шчытамі; яшчэ ніжэй, пад трыма старымі вербамі, нейкі вадаём — як бы сажалка ці ставок, зацягнуты лёдам пасярэдзіне і з вадой каля берагоў, далей — альтанка, ад якой да самага дальняга кутка агароджы цягнуўся сад, вялікі і непрыгожы зімой, а можа проста занядбаны. Літаў тым часам падышоў да Самусенкі і раўніва сачыў за яго рэакцыяй.

— Як вам?

Самусенка прызнаўся, што чакаў раскошы, а тут — не сказаць, каб вельмі.

— Хаця ў параўнанні з маім лецішчам — канечне.

— І заўважце, усё гэта менш чым за тры гады. Калі нас вазілі па ваколіцах і мы выбіралі месца, жонка хацела на гатовае, нагледзела старую дачу нейкага акадэміка ў Ратамцы; мне таксама спадабалася, я рэтраград у архітэктуры, люблю ампір, манументалізм,— але то была дача, а значыць, маленькі ўчастак, суседзі, да таго ж там раней жылі людзі, а гэта нібы карыстацца скарыстаным,— і я выбраў вось гэтую пустку, як ні адгаворвалі жонка і забудоўшчыкі: маўляў, высокае месца, цяжкі грунт, гліна; затое, казаў я, тут здзічэлы сад, вербы, натуральны вадаём. І цяпер шчаслівы, што нікога не паслухаў. Усяго за тры гады — такі чароўны куточак. І гэта зімой, а летам! Зверху, з мезаніна,— Літаў паказаў на закратаваны балкон, патлумачыў: — адтуль зваліўся будаўнік, таму краты; дык вось, улетку бачна сіняя палоска рэчкі, зялёныя шатры далёкага лесу, залатая ніва з цяжкім калоссем, па якой у жніўні плывуць камбайны, а зімой, калі снег — белае чыстае поле, якое так супакойвае стомленыя ад камп'ютара вочы. Дайце слова, што прыедзеце ўлетку! Пасядзім на балконе, пап'ем гарбаты, з сапраўднага меднага самавара, па-маскоўску, доўга, упрыкуску...

Нешта непрыемнае кальнула ў сэрца Самусенку. Што ён нясе? Якая ніва, якія каласы, якая гарбата па-маскоўску?

— Я, гэта,— сказаў ён, каб памяняць тэму,— чакаў, што ў багатых ахова, розныя відэакамеры, сабакі.

— Знайшлі багацея,— засмяяўся Літаў.— Наадварот, мне трэба яшчэ больш грошай — пазарэз прычым. У мяне ў Маскве ёсць адзін... гм, знаёмы, вось там сапраўднае багацце! У мяшчанскім, канечне, разуменні: вілы, яхты, верталёты, самалёты. Дарэчы, у Еўропе ўжо лічыцца непрыгожа, нават непрыстойна быць багатым.