— А хто даглядае гэта ўсё? прыбірае, падмятае? — пацікавіўся Самусенка, гледзячы на чыстую дарожку.— Павінны ж быць нейкія спецыяльныя людзі.
— Увесь мой штат — на паўстаўкі. Інакш дорага. Ёсць дворнік, ён жа шафёр, ён жа садоўнік; ёсць хатняя гаспадыня, яна ж кухарка, толькі не як у серыялах — пастаянна і з пражываннем, а два разы ў тыдзень: прыбраць, нагатаваць абедаў; ёсць доктар — амаль свой, хатні; ёсць настаўніца, прыходзіць да маіх дачушак... А цяпер, калі вы не супраць, пакажу вам свае ўладанні.
І Літаў, не даючы Самусенку апамятацца, падхапіў і павёў яго, прытрымліваючы пад руку. Сцежка вяла ўніз прыступкамі, дзе цаглянымі, дзе драўлянымі, дзе проста выразанымі ў цвёрдай зямлі, зручнымі, так што Самусенка і кійком не карыстаўся, тым больш Літаў памагаў. Спусціліся паўз басейн да стаўка.
— Прыродная сажалка, натуральная,— пахваліўся Літаў,— крынічка пульсуе, паспытайце, папіце,— і Самусенка вымушаны быў нагнуцца, крэкнуўшы ад болю ў спіне, і зачэрпнуць далоняй сцюдзёнай вады, змачыць губы і пахваліць: вада і праўда была смачная, аж саладкаватая, хоць і аддавала талым снегам.
Мінулі сажалку, спусціліся яшчэ ніжэй, да альтанкі, адкуль пачаўся сад з каравымі гэтай амаль бясснежнай зімой дрэвамі. Сцяжынка ў адзін след вяла да кутка агароджы, дзе жаўцелі і цямнелі цэглаю нейкія разваліны. Звонку яны выглядалі як закінуты вясковы пограб ці склеп. Зверху — тоўсты пласт дзёрну. Арачнага тыпу ўваход, цьмянага колеру новыя металічныя дзверы. Літаў стаяў перад імі ў нямым захапленні.
— Вось,— дрыготкім ад гонару голасам паведаміў ён.— Гэта я і хацеў вам паказаць. Разам з участкам зямлі атрымаў у бонус. Спачатку дом планаваўся быць тут, будаўнікі пачалі капаць катлаван і натыкнуліся на такое дзіва. Я ўпэўнены, што гэта асабняк шляхты, парэшткі старадаўняга замка. Можа, тут яшчэ падземны ход да самага Мінска.
— А вы паказвалі яго спецыялістам? — абыякава спытаў Самусенка.
— Знарок не хачу. Сам пакорпаюся ў архівах. Гэта так цікава.
Літаў набраў на смартфоне код. Цяжкія дзверы на пнеўматычных цыліндрах бязгучна расчыніліся. Запахла падзямеллем і будаўнічай вапнаю. Вузкія прыступкі вялі ў выкладзенае клінковаю цэглаю паўкруглае сутарэнне. Цьмяная лямпачка. Ззаду ціха цмокнулі, зачыніўшыся, дзверы. Літаў з Самусенкам спусціліся даволі глыбока па лесвіцы і ўвайшлі ў доўгае, з нізкай столлю, памяшканне. Падвал, ці нейкія лёхі, толькі вялікіх памераў. Святло непрыемнае, зыркае. Не тое што холадна, а стыла. І крыху вусцішна. Ніводнага гуку жыцця не прасочвалася сюды праз тоўшчу зямлі. Гэта нагадала Самусенку, як іх некалі на заняткі па грамадзянскай абароне вадзілі ў бамбасховішча, такое ж прыблізна падзямелле, дзе стаялі тапчаны, кушэткі, плакаты на сценах, шафы з цёмна-балотнага колеру гумавымі супрацьгазамі на паліцах. А тут, у літаўскім «бамбасховішчы», уздоўж адной сцяны былі ўсяго тры доўгія, як більярдныя, сталы-стэнды са шклянымі вечкамі-накрыўкамі, каля другой — столік, крэсла, лямпа.
— Спачатку хацеў зрабіць вінны пограб,— у Літава змяніўся голас, стаў прыглушаны,— тут тэмпература заўсёды аднолькавая, а потым падумаў — павінна ж быць у кожнага свая personal space, і зрабіў вось — сабе кабінет. Ідэальнае месца для працы. Мабільнік не бярэ, вай-фай не ловіць, нішто не перашкаджае, поўная ізаляцыя.
— Я б не сказаў, што камфортна,— азірнуўся Самусенка.
— Так. З двара дзверы можна адчыніць толькі на званок з майго мабільнага, знутры — уручную, трэба ведаць код, а я мяняю яго кожны раз, як сюды заходжу. Не пазайздросціў бы я чужому, які тут апынецца. Ад адной клаўстрафобіі можа разарвацца сэрца.— І раптам, гледзячы ўбок, Літаў задумліва, нібы сам сабе, прамовіў: — Вось бачыце, не трэба ні XIX стагоддзя, ні дуэляў, дастаткова паставіць палец на курсор і націснуць — як на курок.
«Ды ён... вар'ят»,— халадзеючы, падумаў Самусенка. Але Літаў схамянуўся і пачаў расказваць далей:
— У мяне мара: зрабіць у гэтым сутарэнні музей. Толькі не звычайны краязнаўчы, а музей фальшывак, разумееце? Сабраць рознае «багацце», напрыклад, спарахнелыя паперы, на якіх нібыта вершы і паэмы Міцкевіча на беларускай мове. Нібыта фрывольныя навелы Скарыны. Невядомая аповесць Яна Баршчэўскага, напісаная беларускай кірыліцай. Крыж Еўфрасінні з медзі і з фальшывымі каменнямі, падробныя слуцкія паясы, куча несапраўдных шчарбатых талераў і берасцяных грамат-шыфровак... Разумееце — не музей артэфактаў, а музей падробак!
— Навошта?
— А-а, я чакаў гэтага пытання. Па прынцыпе магнетызму. Вы ведаеце, што рэчы прыцягваюцца? У дзяцінстве ў мяне быў вельмі прыгожы шкляны шарык, і неяк згубіўся ў траве. Я зляпіў з хлебнага мякіша такі самы, кінуў у траву прыблізна на тое ж месца і з першага разу знайшоў, яны ляжалі побач. А то раз на пошце згубілася важнае пісьмо, і вось што я прыдумаў: напісаў і паслаў пісьмо самому сабе. Што вы думаеце — мне аддалі два! Так і тут: можа, падробкі хутчэй прыцягнуць да сябе сапраўднае.