Самусенка адчуў, што яму не хапае паветра. Нясцерпна захацелася адсюль наверх.
— Але я так мала ведаю. Было б здорава, калі б вы з вашым аўтарытэтам, з вашымі ведамі — пагадзіліся быць маім кансультантам. Вучылі б мяне, падказвалі, увялі ў літаратурна-культурны асяродак, пазнаёмілі з творчай элітай. Не за бясплатна, само сабою!
«Не — здаецца, нармальны хлопец»,— з палёгкай падумаў Самусенка. Літаў прызнаўся, што спрабуе пісаць кнігу на гістарычную тэму, сабраў усе магчымыя, якія толькі знайшоў у інтэрнэце, гіпотэзы стварэння і гістарычнага, і сацыяльнага развіцця Беларусі, і цяпер прэтэндуе на стварэнне яшчэ адной, сваёй ўласнай гіпотэзы.
— Магчыма такое, як вы падлічваеце?
— Лічыце,— паправіў Самусенка, які пакрысе рабіўся самім сабою.— Што ж. Можа, сапраўды чужому відней. Прыйшоў жа некалі збоку рускі Мулявін — і вунь на якую вышыню ўзняў беларускую песню. Мо і вам удасца зрабіць тое самае з гісторыяй.
Дамовіліся, што Літаў будзе даваць яму раздрукаваны тэкст порцыямі раз на месяц.
— Толькі я папрашу, хай гэта будзе між намі. Не хачу розгаласу.
— Гэта і ёсць ваша таямніца? — спытаў Самусенка.
— Не, не яна.
VI
Пасля падзямелля лёгка дыхалася, і белы свет выглядаў прыветна. Сонца, марозік, сіне-пунсовае неба, нават латкі рабога снегу сям-там глядзеліся весела. Было гадзіны дзве дня. Пайшлі назад, падымаючыся па прыступачках угару на пагорак да дома,— гаспадар зноў клапатліва прытрымліваў госця пад руку. Самусенка адчуў нават нейкую прыхільнасць да яго. Калі падышлі да ганка, Літаў спахапіўся:
— Забыў папярэдзіць, у нас лазарэт, дзеці хворыя.
У цёплай вялікай гасцёўні Літаў-гаспадар не паспеў памагчы госцю зняць паліто, як зверху скаціліся па лесвіцы дзве дзяўчынкі, адна шасці, другая чатырох гадоў, босыя, у белых піжамках, круглатварыя, белагаловыя, кучаравыя херувімчыкі, якія нібы сышлі са старадаўняй віньеткі ці з каталіцкай іконы Анёла Ахоўніка. З двух бакоў павіслі на бацьку, ашчаперылі яго.
— Дочкі мае — Іра, Эма. А дзе мама?
Старэйшая дзяўчынка амаль спалохана азірнулася на чужога дзеда, нешта шапнула бацьку на вуха. Літаў чамусьці збянтэжыўся. Правёў госця ў сталоўку, папрасіў пачакаць, сам падняўся з дочкамі наверх. Самусенка агледзеўся. Шторы, прыцішанае святло, вялікае памяшканне. Але не памеры ўражвалі, а абстаноўка: усё цяжкае, грувасткае, цёмных і карычневых колераў; старадаўняя мэбля, масіўны круглы стол, з высокімі строгімі спінкамі крэслы; але нічога не цісне, не прыгнятае, не здаецца няўклюдным; нават тоўстыя васковыя свечкі ў цяжкім, на выгляд сярэбраным кандэлябры прыўносілі адчуванне супакою і ўтульнасці. Зверху данесліся галасы: ціхі, вінаваты Літава і звонкі, высокі — жаночы. Самусенка спакойна сядзеў за круглым сталом і чакаў. Нарэшце з'явіўся Літаў з роблена вясёлым тварам.
— Жонка вельмі прасіла прабачэння, але ніяк не зможа... З прычыны хваробы. І прыслуга адпушчана. Нічога, не ўпершыню.
Ён накінуў на плечы шлейкі фартуха і адразу стаў падобны на ўдзельніка тэлевізійных кулінарных шоу, якія суткамі ідуць ледзь не на кожным канале. Не хапала толькі каўпака на галаве.
— У нас сёння... булён з куры. Не крамнай — на базары купленай,— Літаў зухавата разліў апалонікам з рондаля варыва ў талеркі, паставіў у мікрахвалевую печ.— Мы ядзім усё, што падабаецца,— казаў ён, раскладаючы на стале сурвэткі, лыжкі, відэльцы, ставячы чаркі.— Можам бульбы з селядцом навярнуць, можам куплёныя пельмені. Калі-небудзь пад настрой самі гатуем, а калі хочацца чагось такога — ідзем у рэстаран... А вось чаго я не люблю, дык гэта fusion, гэтыя змешаныя складаныя стравы... Што піць? Віскі, ром, каньяк, віно?
— Віскі.
— Піце, ежце, мой шафёр вас адвязе, а калі спатрэбіцца, і аднясе.
Выпілі; спіртное імгненна разагнала ў Самусенку старую загусцелую кроў. «Не — абсалютна нармальны хлопец!» — расчулена падумаў ён. Закусілі; булён быў духмяны, наварысты («вясковы», падумаў Самусенка, які любіў усё натуральнае), з жоўтымі плямкамі тлушчу. Здаволілі апетыт, Літаў прыбраў посуд, пакінуў на стале толькі пляшку і чаркі.
— Мне вашыя разважанні ў рэдакцы вельмі прыйшліся даспадобы.
— Спадабаліся,— паправіў Самусенка. Цяпер, калі размова ад бункераў, абслугі і кулінары нарэшце звярнула ў сферу яго інтарэсаў, ён зноў узяў паблажлівы тон выкладчыка на іспытах.— У другой частцы сваёй манаграфіі...