Выбрать главу

На гэтых словах на лесвіцы пачуліся крокі, адчыніліся дзверы і хуткім крокам у сталоўку зайшла жанчына гадоў дваццаці пяці, апранутая ва ўсё цёмнае, тварам падобная на дзяўчынак, толькі не бялявая, а русая.

Жанчыны такога тыпу звычайна вельмі прыгожыя ў падлеткавым узросце, але ўжо да дваццаці гадоў вянуць, як недаўгавечныя летнія кветкі. Самусенка прыўстаў, крыху хіснуўшыся, і зрабіў рух з намерам пацалаваць ёй руку ці хаця б проста патрымаць у сваёй. Але жанчына рукі не падала.

— Ірма,— толькі і сказала і адразу павярнулася да му­жа.— Ты зноў? Табе доктара Шнэйдара мала?

— Пасядзі, дарагая, з намі...

— Калі гэта трэба,— прысела.

— Вып'еш? З'ясі?

— Калі ты гэтага хочаш.

Каменны твар, ні ўсмешкі, ні ветлівага слова. Самусен­ка, які б ні быў скаваны яе прысутнасцю, заўважыў, што голас яе, з лёгкім латышскім акцэнтам, зусім не хворы, і ўвогуле на ёй ніякіх прыкмет хваробы — там, абвязанай цёплай хусткай шы, ці чырвоных вачэй і носа, ці пад но­сам — ну, як бывае ў грыпозных.

— Пазнаёмся, дарагая, прафесар Самусенка... Ты не ўяўляеш, які цікавы чалавек. Першыя словы, якія я ад яго пачуў: пра дуэль! І гэта ў наш час! Ты казала, Беларусь — мядзведжы кут. А тут я сустракаю такіх людзей! Рыцараў!..

Ірма раптам устала; упаў і бразнуў аб падлогу відэлец; павярнулася і, нічога не тлумачачы, хутка выйшла, амаль выбегла. Літаў уздыхнуў.

— І так заўсёды. Вось яно, маё жыццё.

— Не адабрае вашага захаплення беларушчынай? — спагадліва спытаў Самусенка.

— Баюся, яна нават не ведае такога слова. Не цікавіцца нічым, акрамя сябе, не займаецца ні дзецьмі, ні домам, ні абслугаю, нават у камп'ютар не лазіць, нават сябровак не завяла. Але справа не ў тым. Свабода мая абмежаваная.

Ледзь не кожны крок пад кантролем. І крыўдна, што ўсё гэта цяпер, калі я так блізка! Калі амаль знайшоў, што хацеў!..

Незразумела, туманна гаварыў Літаў. А потым, нахіліўшыся да Самусенкі, тым самым голасам, што і ў бун­керы, прашаптаў:

— Вы ўмееце трымаць язык за зубамі?

— Я ў такіх гадах,— самавіта прагудзеў Самусенка,— што мне павінна сорамна быць...

— Скажыце — каб быў чалавек, ад якога б вы залежалі матэрыяльна... Які б прыніжаў вас, не даваў займацца любімай справай... Што б вы зрабілі?

— Змёў бы любога, хто апынуўся б у мяне на дарозе,— адказаў смелы ад віскі стары.

— Дык вы не жартавалі там, у рэдакцы? Пра дуэль? Вы сапраўды змаглі б забіць чалавека?

— За Беларусь — рука б не здрыганулася.

VII

Назаўтра раніцай Самусенка прачнуўся дома ў сваім ложку. Ад якаснага спіртнога і добрай закускі нічога не балела. Галава была ясная, хаця засядзеліся яны дапазна і дамоў яго прывёз шафёр Літава, такі ж невысокі, ладна скроены, спрытны, як і Літаў, толькі негаваркі. Прачнуўся, успомніў усё,— і першая думка была: як гэты Літаў, увесь час яго заманьваючы, умудрыўся так і не раскрыць абяцаную таямніцу. Пратрымаў на кручку («не будзем прыспешваць», «яшчэ не час»), ды нічога і не сказаў. Да начнога століка каля ложка быў прыхінуты кіёк. На століку ляжала папка Літава — і аванс: сінія з серабрыстай ніткай-палоскай купюры еўра. Гледзячы на папку, а больш на грошы, Самусенка адчуў, як у другі раз нешта нядобра кальнула ў сэрца. Бункер, дзіўная жонка, гэтая нездаровая цікавасць Літава да тэмы «хто каго мог бы забіць».

— Ды не, ён добры хлопец,— прамармытаў Самусенка, нібы спрачаўся з некім, хто казаў адваротнае. Ну праўда,— не ў якасці ж кілера ён спатрэбіўся. Хутчэй за ўсё «таямніца» Літава ў тым, каб заснаваць рэдакцыю часопіса ці, можа, уласнае выдавецтва.

Тэкст Літава ён прагледзеў і знайшоў яго не лепшым і не горшым за іншыя тэксты такога ж кшталту. Іх смела можна не толькі не чытаць, а нават не прабягаць па дыяганалі,— хапае першага сказа, каб зразумець, што яны дзеляцца на ўсяго дзве канцэпцы, абсалютна кантрастныя, якія не толькі не дапаўняюць, а катэгарычна выключаюць адна адну; першая: усё, што з Усходу — кепскае, крывавае, разбуральнае, захопніцкае; усё, што з Захаду — добрае, мірнае, стваральнае, вызваленчае. Літаў належаў да другіх. Так што ніякіх асаблівых вымаганняў гэтая рэдактура-падпрацоўка не патрабавала, наадварот, развейвала, і грошы былі лічы што дармовыя (падумаў Самусенка).

З таго часу цёмная паласа ў яго змянілася на светлую. Ён пачаў пісаць другую частку манаграфіі. Ён нават узяўся памаленьку аднаўляць старыя сувязі — напрыклад, пачаў заходзіць у госці да свайго былога студэнта, самотнікапаэта. Як мог ён стараўся развесяліць яго — чытаннем манаграфіі, картамі, шахматамі, абмеркаваннем палітычнай сітуацы. Яму падабалася падсмейвацца, бяскрыўдна пакепліваць з паэта, а калі-небудзь за чаркай віскі ці самагонкі раскрываць душу.