— Парадокс! — казаў ён.— Людзі задыхаюцца ад адзіноты, выдумалі віртуальнае жыццё сацыяльных сетак — выключна ад адзіноты! — у той час мы, два, хай сталага веку, але — яшчэ ў саку! разумныя мужчыны,— абодва адзінокія. Ніхто намі не цікавіцца. Я проста здзіўляюся, чаму на нас дасюль яшчэ не выйдуць якія хоць бы аферысты, чорныя рыэлтары, ці што. Усё весялей было б. Пачытаеш, паглядзіш тэлевізію — поўна такіх выпадкаў, хаця б з-за кватэры... У мяне ёсць знаёмы, таксама былы мой студэнт, зямляк мой з Палесся, сала ў яго купляю, калі і самагонку... вось гэтую, якую мы п'ем... дык вось, расказваю яму, а ён не верыць!
Мінуў студзень, прайшоў люты, а прыкладна ў канцы сакавіка Самусенка зразумеў, што самахоць пачапіў сабе на ногі гіры. Рэдактарскі хлеб аказаўся не лёгкі. Ён убачыў, што аддае чужому значную частку душы і энергіі, якія трэба было б ашчаджаць на сваё — на любімую манаграфію. Ён пачаў думаць, як быць. Адмовіцца? Пра гэта не магло быць гаворкі. І прызнанне сваёй слабасці, і проста неразумна — самахоць страціць сяброўства з мецэнатам. Неяк раз, седзячы ў паэта за шахматамі, робячы выгляд, што задумаўся над ходам, Самусенка цягнуў сваё «тэк-с, так-с, шо він робліць»,— і тут цюкнула ў галаву: шукаю акуляры, а яны на носе! Вось перад табой ідэальная кандидатура. Праўда, Літаў прасіў трымаць у тайне, але на крайні выпадак можна будзе патлумачыць, што някепска таму ж Літаву падтрымліваць сувязь з чалавекам, які працуе ў часопісе, звязаны з выдавецтвамі, рэцэнзентамі, крытыкамі; да таго ж Літаў, здаецца, сам прасіў пазнаёміць яго з творчай элітай. У той жа вечар ён уламаў капрызнага паэта. Пераклаў на яго плечы абрыдлую рэдактуру, заплаціўшы яму палавіну ад таго, што плаціў яму Літаў (па прынцыпе піраміды: Рак у сваю чаргу мог знайсці літраба, а той — яшчэ аднаго, як дзяленне клетак і атамаў). Літаў, які б ні быў дылетант, пры перадачы чарговай порцы чыткі адразу ўбачыў чужую руку. Давялося прызнацца:
— Не сам, памагалі...
— Дык гэта проста выдатна! Вы павінны абавязкова нас пазнаёміць.
А пасля таго, як пабываў у Рака, збянтэжана, нават крыху разгублена казаў:
— Ну вы і знайшлі мне рэдактара. Я пабыў з ім дзесяць хвілін, а дзесяць гадзін прыходзіў у сябе. І ведаеце, што я скажу: вось гэты пайшоў бы на дуэль, і не ў ХІХ стагоддзі, а цяпер.
— Ды вы што! Ён гарний хлопець. А які тонкі лірык!— Сентыменталізм — прыкмета жорсткасці. Вы бачылі яго вочы? Халодныя, ледзяныя; калі ён выхопліваў жэтон, я выпадкова сустрэўся з яго позіркам, і мурашкі па скуры пайшлі.
Самусенка вымушаны быў прызнацца, што калі-небудзь і яму рабілася не па сабе ад вачэй Рака, ад яго дзіўнага замірання, глядзення праз сцены некуды ў далячыць ці ўнутр самога сябе. Як бы ні было, а ён застаўся толькі ў якасці кур'ера паміж Літавым і Ракам. Зноў можна было з лёгкай душою займацца любімай манаграфіяй. А другая частка яе пайшла куды весялей за першую. Тут пейзажа было хоць адбаўляй. Колас з Гарэцкім, наперадзе — Чорны з Мележам, а там і да Пташнікава і ўсяго філалагічнага пакалення недалёка; вось дзе раздолле!
Ішоў дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, да канца вясны, усю палавіну лета — Літаў ні словам не абзываўся пра славуты «час ікс». Самусенка пачаў быў падумваць, што і няма ніякай тайны, а было тое сказана Літавым проста для звязкі слоў,— як у пятніцу 17-га ліпеня каля дзевяці вечара Літаў нечакана пазваніў, вясёлы, бадзёры, паведаміў, што выдатна «з'ездзіў», «усё гатова», пацікавіўся, як рухаецца манаграфія; а яшчэ папрасіў зараз жа схадзіць да паэта і персанальна запрасіць на заўтрашні раўт: «Скажыце, што яго чакае вельмі прыемны сюрпрыз. Пасля я вас набяру». Самусенка ўсё акуратна выканаў, калі выходзіў ад паэта, у вечаровым сутонні старэчым зрокам заўважыў каля пад'езда нейкую нібыта знаёмую жаночую постаць, побач з машынаю. Ён спыніўся і пачаў углядацца. Жанчына адвярнулася. І тут Самусенку ў трэці раз, як некалі зімою, непрыемна, да фізічнага болю кальнула ў сэрца. Паціраючы левую грудзіну, ён прыйшоў дадому, дастаў папку з манаграфіяй, пяшчотна, дрыготкімі пальцамі пагладзіў яе. Сядзеў з ёю на каленях, чакаў званка ад дабрадзея і не разумеў, што яго так глыжэ?
Частка трэцяя
ЛІТАЎ
VIІІ
Кампанія «Славлеспрамвест», падобна нафтагазавай кампаніі, як павуціннем апляла вялікімі і малымі філіяламі Расію, Беларусь, Прыбалтыку, Украіну, Скандынавію і цяпер цэлілася на Малдову, Румынію, Балгарыю. Яна мела адносіны да вырабу мэблі, да вытворчасці нейкіх катлоў, да паставак драўніны і будматэрыялаў, да выпуску каваных вырабаў, да перапрацоўкі харчовых адыходаў,— словам, займалася ўсім на свеце. Але асноўнай яе дзейнасцю былі пасярэдніцкія паслугі ў імпарце і экспарце лесу. З тых мясцін, дзе ён ёсць, яна памагала, як сказаў бы Самусенка, яго выразаць і перапраўляць туды, дзе яго няма, або туды, дзе ён ёсць, але яго берагуць і не высякаюць.